Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вільня, Вялікая Пагулянка, 1920-я. Па-беларуску, па-француску, па-польску…


(эфір 5 лістапада 2000)

Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец.

Тысячы людзей праходзяць міма цябе. Позьні восеньскі дзень. Камяніцы старое Вільні. Ты занатоўваеш сваё адчуваньне - пах дыму далятае з вогнішча, на якім гарыць палае лісьце, пастэльнае неба, імгненны пранізьлівы погляд мінака. Ты робіш запісы свайго жыцьця. І не зважаеш на старога, які пазірае з вакна насупраць. Ты ня ведаеш, што ён - літаратар і таксама запісвае ўласныя адчуваньні ў гэтым горадзе, пра час і пра горад. На іншай мове ў яго выходзіць усё зусім па-іншаму. Пазьней гэта адшукаецца дзе-небудзь у кнігах іншай культуры. Францускай, напрыклад, або польскай ці літоўскай. А вунь той падлетак, які гуляе ў тваім двары, пакуль нічога не занатоўвае. Але твой сёньняшні дзень стане для яго, можа быць, найлепшым успамінам дзяцінства. На якой мове будзе пісаць ён, пакуль невядома. Але менавіта мова стане культурнай рэзэрвацыяй, у якой схаваюцца ягоныя ўспаміны. Калі ж тыя ўспаміны акажуцца таленавітымі і атрымаюць прызнаньне, у цябе зьявіцца шанец прачытаць іх у перакладзе. І тады сёньняшняе адзінства часу і месца ты зможаш зрабіць аб'ёмным, складаючы шматграньнік з занатовак таго старога пісьменьніка, успамінаў падлетка і з уласных дзёньнікавых запісаў. Культурныя кантэксты, нібы плоскасьці, утвораць жывы вобраз часу.

Сяргей Харэўскі паспрабаваў скласьці такую піраміду, такі шматграньнік, абраўшы віленскую вуліцу Вялікую Пагулянку 20-х гадоў нашага стагодзьдзя. Гэтыя час і месца апісалі ў сваіх творах беларускі пісьменьнік Максім Гарэцкі, тады ўжо сталы літаратар, француз Рамэн Гары, той самы падлетак, які гуляе ў двары, і паляк Земавіт Фэдэцкі, нады яшчэ зусім малое дзіця. Вось што з гэтага атрымалася.

(Сяргей Харэўскі: ) “Надоечы ў Вільні зьявілася яшчэ адна новая мэмарыяльная табліцу, з брунатнага мармуру. Надпісы па-літоўску й па-француску сьведчаць, што ў гэтым доме нумар 16 на колішняй Вялікай Пагулянцы правёў дзіцячыя гады славуты францускі пісьменьнік і дыплямат Рамэн Гары... Знаёмы францускі фатограф адразу ж прымусіў мяне везьці яго сюды, бо ён не даваў веры... Але сапраўды - стаіць дом, сьвецяцца вокны той кватэры, дзе з 1917-га да 27-га году жыў маленькі Раманчык-Ромушка Кацаў са сваёй "maman Nina", пра што ведае кожны франкамоўны чытач, калі ён чытае. Бо ўсю гэтую гісторыю Раман зрабіў здабыткам сусьветнае літаратурнае клясыкі, у якую сам увайшоў ажно пад двума імёнамі – Рамэна Гары й Эміля Ажара.

Слава звалілася на яго ў 1956-м, калі ён атрымаў сваю першую Ганкураўскую прэмію – вышэйшую франкамоўную літаратурную ўзнагароду - за раман "Карані неба"...

Француз-фатограф доўга ўвіхаўся вакол будынка, зазіраў у пад'езды, у двор, рабіў здымкі. Па інэрцыі зазіраў усьлед за ім і я. Прыгадваў сюжэты аўтабіяграфічнага раману Гары "Абяцаньне на досьвітку"...

"Двор дому №16 па вуліцы Вялікая Пагулянка здаваўся мне вялізарнай арэнаю, на якой я засвойваў майстэрства гладыятара, рыхтуючыся да будучых баталіяў. Патрапіўшы сюды праз старую браму, вы бачылі пасярод двара агромністую крушню цэглы – рэшткі завода баепрыпасаў, узарванага партызанамі падчас патрыятычных баёў паміж польскімі й літоўскімі войскамі; крыху далей – дрывотня й вялікая прастора, зарослая крапівой, на якой я здабываў самыя слаўныя перамогі ў сваім жыцьці. Далей, за высокай агароджаю, цягнуліся сады. У двор выходзілі дамы, што стаялі на дзьвюх суседніх вуліцах. Направа былі сараі, у якія я часта забіраўся па страсе, рассунуўшы колькі дошак. Жыхары скарыстоўвалі гэтыя сараі для перахоўваньня мэблі, яны былі забітыя куфрамі й валізамі, якія я багавейна адчыняў. Разам з пахам нафталіну ад іх патыхала загадкавым жыцьцём старамодных рэчаў. Як зачараваны, я гадзінамі праседжваў сярод знойдзеных скарбаў, раскіданых на падлозе нібы пасьля крушэньня карабля"...

Збольшага тут мала чаго зьмянілася з тых гадоў. Адно што няма цяпер тых сараюхаў. Але атмасфэра старое Вільні засталася. Дзіцячая чэпкая памяць пакідае нам згадкі часам зусім недарэчныя, але цягам гадоў менавіта гэтыя недарэчнасьці становяцца самымі красамоўнымі сьведчаньнямі і пра нас саміх і пра эпоху. Трохгадовы Раман Гары запомніў... Ліду, мястэчка за савецка-польскай мяжою, дзе жылі матчыны сваякі. Чорная зімовая ноч, доўгі лябірынт драўляных хацінаў, празь які йшлі ягоная маці зь лісёнкамі, поўнымі розных сукняў і "фамільнага срэбра". Хлапчук жа з разуменьнем важнасьці моманту нес свой начны гаршчок, моцна пыціскаючы яго да грудзей. Пасьля маленькага Рамана Кацава, зь ягонай маці Нінаю прыбіла да Вільні. Менавіта тут бацькі будучага пісьменьніка й сышліся. Хоць гэтая акалічнасьць так і засталася незразумелаю самому пісьменьніку. "Паляк з расейскім акцэнтам", "расейскі француз", "расейска-літоўскі жыд".... якіх толькі цэтлікаў не напрышчаплялі яму крытыкі й дасьледчыкі.

У Вільні у гэты час рабіліся й сапраўды грандыёзныя рэчы. Паводле твораў Гары літаральна гэта прасачыць немагчыма. Але магчыма ў творах Максіма Гарэцкага, напрыклад у артыкуле "Смаленск-Менск-Вільня":

"Пасьля панаваньня немцаў Вільня спусьцела, людзей было мала, конка не хадзіла, фурманоў не відаць, гандляры керанак ня хочуць браць, усё надта дорага, а хлеба і зусім не дастаць. У савецкіх установах чулася найбольш польская й літоўская мова, на вуліцах – польская і жыдоўская, а калі я зварочваўся да газэтніка, фурмана, нумарнога ў гатэлі па-беларуску, дык яны кідалі мову польскую ці расейскую і гаварылі па-беларуску. Тым часам белыя былі недалёка: станцыі за тры ад Вільні, ці бліжэй. Іх то адганялі, то яны ізноў бліжэй падсоўваліся. Над Вільняю лёталі часта аэрапляны, кідалі, як мне прыходзілася чуць ад людзей, праклямацыі з заклікам бунтавацца супроць Саветаў. Усюды было шмат шаптуноў; шапталі самае фантастычнае...."

Рамэн Гары са сваёй маці патрапілі спачатку ў літоўскую Вільню, а затым акурат у савецкую, у Літоўска-Беларускую ССР, якая скончылася паходам Люцыяна Жалігоўскага і стала польскай. Ад тых трывогаў, якім Гарэцкі быў сьведамы сьведка, у Гары застаўся адно цьмяны ўспамін. Матчына ўсьмешка давала малому Гары адчуваньне бездакорнае чалавечае чысьціні й абароненасьці. Ягоная Вільня – гэта сонечны горад дзіцячых летуценьняў: "Кожную раніцу пад адзінаццаць гадзінаў маці ўбірала мяне ў найлепшыя строі, шафёр адчыняў дзьверку, мы сядалі ў машыну і цягам пары гадзінаў аўтамабіль з адкрытым верхам катаў нас па горадзе, дастаўляючы ва ўсе людныя месцы, дзе зьбіралася "прыстойная публіка": у Рудніцкую кавярню, у батанічны сад і гэтак далей...".

Земавіт Фэдэцкі, перакладчык і крытык, цяперашні рэдактар аддзелу крытыкі варшаўскага часопіса "Твурчосьць". Ён – адзін з тых людзей, што яшчэ маглі памятаць тую віленскую эпоху. А м'о й самога Гары, тады падлеткам. Як быў малы, спадар Фэдэцкі жыў па суседзтву з Гары. Літаральна насупраць стаялі іхныя дамы. Я зьвярнуўся да спадара Фэдэцкага з гэтай нагоды. Як ён ацэньвае вобраз Вільні ў творазх Рамэна Гары?

(З.Фэдэцкі: ) "Так, мы жылі на рагу Пагулянкі й Тэатральнай, каля польскага Тэатру. Гэта быў тэатар пабудаваны са складак польскае супольнасьці. А як прыйшлі літоўцы – то зрабілі зь яго апэрэтку. На Пагулянцы быў добры тэатар... Тое, што ў яго гэтак шырака прадстаўлена – то гэта вельмі асабістае. Я мяркую, што гэта ня ёсьць дакладны вобраз Вільні. Ані гораду, ані тых колішніх часоў. Мне так здаецца. Але тое што гэта ўсё было выдадзена – гэта добра. І вельмі добра што яму прысьвяцілі тую мэмарыяльную табліцу".

(С.Дубавец: ) “Земавіт Фэдэцкі згадвае Вялікую Пагулянку свайго маленства з асаблівай любоўю. Але ягоны ўспамін гермэтычна закрыты ў кантэксьце ягонай культуры. Згадкі Максіма Гарэцкага пра тыя самыя час і месца, не настолькі замкнёныя ў сваёй культуры. Іх перакладалі па-літоўску і па-расейску. Што да Рамэна Гары, дык ён выходзіў на многіх мовах. З гэтых пракладаў непазьбежная выснова пра ці не галоўную характарыстыку культурнага кантэксту - ён можа быць закрыты і можа быць адкрыты. Гэта залежыць ад многіх фактараў. Найперш, верагодна, ад таленту творцы. Але ня ў меншай ступені і ад таго, наколькі культура раскручаная і вядомая ў сьвеце.

Сяргей Харэўскі працягвае свой экспэрымэнт. Ён спрабуе зьвесьці ўспаміны прадстаўнікоў розных культураў пра адзін час і адно месца. Дзеля прыкладу абраная віленская вуліца Вялікая Пагулянка ў 20-я гады нашага стагодзьдзя”.

(Сяргей Харэўскі: ) «І праўда, вобраз гораду дзяцінства – вельмі асабісты. Для нас важна ўбачыць тое канкрэтнае адзінства часу і месца вачыма розных сьведкаў. І такую магчымасьць дае нам Мацей Мышка, ад імя якога Максім Гарэцкі вядзе расповед у сваім рамане "Віленскія камунары":

"Вільня, як вядома, - самы прыгожы горад у сьвеце. У самым цэнтры горада, там, дзе бурлівая Вялейка ўліваецца ў шырока-плаўную Вяльлю, стаіць высачэзная, круглая замкавая гара – як вялізарная капа сена. Кожны князь, ці княгіня, ці хоць гетман, каб праславіцца, абавязкова будавалі ў Вільні прыгожую старынную царкву альбо касьцёл, пра што цяпер пішуць усе энцыкляпедыі ва ўсім сьвеце. Напрыклад, другая жонка Вітаўта, Ганна, княгіня Смаленская, збудавала касьцёл Сьвятой Ганны – у чыстым гатыцкім стылі, чырвоны, цагляны. Кажуць, што нават Напалеон разявіў рот на гэтае дзіва. Ён так залюбаваўся, што сказаў: "Каб мая сіла, узяў бы яго на далоньку і перанес бы яго ў Парыж."Энцыкляпэдыі пра гэта ня нічога ня пішуць, а ў Вільні гэта вядома кожнаму хлапчуку".

Гары, як і Гарэцкі меў немалы досьвед, каб трапна ахарактарызаваць этнічную фізыяномію горада. Прынамсі, ён ведаў чый гэта горад. Ягоны. Гары пісаў:

"Прызнацца, нават для гэткага мястэчка, як Вільня, гэтай не літоўскай, ня польскай, не расейскай правінцыі, дзе ў той час яшчэ не было фатаграфіі, хітрык, вынайдзены маёй маці, быў празьмерна сьмелым. І яна ў каторы раз магла змусіць нас на блуканьні па вялікіх шляхах, разам з усімі нашымі манаткамі.

Неўзабаве віленскім модніцам былі разасланыя запрашэньні на ўрачыстае адкрыцьцё "Новага дому парыскіх мадэляў" на вуліцы Вялікая Пагулянка, 16 а чацьветай гадзіне...." (Канец цытаты)

Матчын хітрык складаўся з чыстага піару, пра які да вайны ў Вільні ня ведалі. Маці Ніна разаслала прыгожыя запрашэньні й зьмясьціла рэклямы ў газэтах, яшчэ да таго як яе афішаваньне напоўнілася рэальным зьместам. Але "Новы дом парыскіх мадэляў" на Вялікай Пагулянцы запрацаваў! А недзе побач пасяліўся й Мацей Мышка: "Прыехаўшы ў Вільню, я знайшоў сабе невялікі, толькі павярнуцца, але асобны пакойчык на Вялікай пагулянцы, недалёка ад кватэры дзядзьдзкі Туркевіча". (Канец кататы)

Людзі, што нас атачаюць, ці атачалі, кожны па свойму, застаюцца з намі праз усё жыцьцё. Яны пакідаюць нам свой цень, якога ніхто ня мае магчымасьці пазбыцца. Што Гары, што Гарэцкага, атачалі ў Вільні тысячы людзей, якія мудрагелістым чынам маюць магчымасьць трымаць і нас у абдоймах свае энэргіі. Ганна, Валянціна, Юзік, Ян... Альбо, напрыклад, нейкі пан Пякельны, пра якога Гары распавядаў і ангельскай каралеве Лізавеце ІІ і гэнэралу дэ Голю і цэламу сьвету з трыбуны ААН...

"Сярод жыхароў дома №16, на вуліцы Вялікая Пагулянка, быў нейкі пан Пякельны. Ня ведаю, пры якіх абставінах продкі гэтага найлагаднейшага чалавека атрымалі гэткае прзьвішча, але я ўпершыню бачыў, каб прозьвішча гэтак не вязалася з чалавекам, які яго насіў... Пан Пякельны быў падобны на самотную, пэдантычную й заклапочаную мыш. Ён аднойчы запрасіў мяне да сябе й шчодра пачаставаў цукеркамі й рахат-лукумам... І вось нарэшце прагучала кранальная просьба, крык душы, прызнаньне ў незацуглянай і таемнай ягонай амбіцыі, што затулілася ў ціхіх мышыных грудзях...

Дык вось! Калі ты будзеш сустракацца з уплывовымі й выбітнымі людзямі, паабяцай, што скажаш ім...

Раптоўна дёрзкі агонь фанабэрыі бліснуў у вачах мышы.
- Абяцай, што скажаш ім: на вуліцы Вялікая Пагулянка, у доме №16, у Вільні, жыў пан Пякельны...".

Мышка Мацей, які жыў на Пагулянцы побач, бадай, ня меў гэткіх амбіцыяў. Яму бачыліся блізкія межы агульнага шчасьця й росквіту Бацькаўшчыны. Ён не пасьпеў зазірнуць за тыя далягляды, за якімі разгарнуліся найгалоўныя падзеі нашага стагодзьдзя. Ягоны стваральнік загінуў незадоўга да таго, як была сьцертая мяжа, паміж Заходняй Беларусяй і БССР і задоўга да таго, як скончылася нечуваная вайна і Вільня, паводле зьбегу акалічнасьцяў стала сталіцаю іншага краю. Недзе прапаў і Мацей Мышка, той самы, што напісаў раман-хроніку-нарыс пра віленскіх камунараў, рукапіс якога выпадкова быў знойдзены ў Вільні, у 1961 годзе...

Лёсы, чалавечы й літаратурны, Рамэна Гары склаліся як найлепей. Філёлаг, юрыст, авіятар, дыплямат, піьменьнік, нават кінематаграфіст. Як дыплямат аб'езьдзіў паўсьвету ад Балівіі да Баўгарыі. Седзячы як францускі консул у Лос-Анджэлесе, зьвёўся з Галівудам, напісаў па-ангельску 6 раманаў й тузін кінасцэнараў... Яму гэтага здалося замала. І ён дадаў сабе яшчэ адно жыцьцё. Гэтым разам пад імем Эміля Ажара. Першы раман маладога й невядомага нікому пісьменьніка быў апублікаваны ў 1974 годзе. Калі ж праз год наступны раман Ажара "Жыцьцё наперадзе" быў узнагароджаны Ганкураўскай прэміяй, спатрэбілася й ўцелавіць аўтара. Гэтым целам стаў беларускі сваяк Рамэна Гары, Павал Паўловіч, стрыечны пляменьнік, які таксама перабраўся па вайне ў Францыю. Поль Паўловіч выдатна згуляў сваю ролю. Нагэтулькі выдатна, што стаўшы дзякуючы дзядзьку заможным і славутым чалавекам, галоўным рэдактарам выдавецтва Мэркюр дэ Франс, носьбітам Ганкураўскае прэміі, ён урэшце трапіў у псыхіятрычную лякарню. Пакуль Паўловіч хаваўся ў дацкай лякарні, ягоны двайнік выдае новую кнігу "Псэўда", дзе ў адным з гэрояў чытачы пазнаюць ягонага дзядзьку, Гары...

"Галоўнае – ня я. А кніга. На аўтараў усім напляваць. У лік толькі тое, што аўтар падарыў свой твор сьвету.
Я адчуваў сябе добра.
Я адчуваў сябе чысьцюткім.
Я адчуваў сябе правільным.
Я аддаў сябе Францыі, чалавецтву. Чалавецтва дало мне свой боль, а я ўзаемна даў яму кнігу. Мы ў разьліку.
Літаратура важнейшая за нас усіх".

Мо гэта і ёсьць запавет Гары. 20 гадоў таму, 2 сьнежня 1980 ён раптоўна скончыў жыцьцё самагубствам. Застаўся адно Паўловіч, які разгублена адказваў на пытаньні, раскрываючы адну з найвялікшых літаратурных містыфікацыяў нашага стагодзьдзя. Таго самага стагодзьдзя, што дашчэнту зруйнавала сьвет, у якім ён дзіцём еў слодычы ў двары дому № 16, на вуліцы Вялікая Пагулянка...

...Усьцешаны жвавы француз нарэшце перастаў кляцаць фатапаратам. Бо стала зацёмна. "Вы аматар Гары?"— паважліва спытаўся ў яго я. "Не, нават не згадаю, што ён пісаў. Памятаю, мне спадабаўся Ажар, але таксама не згадаю, што. Здымкі? Я ведаю, дзе я іх прадам"...

(С.Дубавец: ) «Сяргей Харэўскі паспрабаваў зьвесьці ўспаміны прадстаўнікоў розных культураў пра адзін час і адно месца і атрымаць такім чынам аб'ёмны, шматмерны культурны кантэкст.

Падобны мэтад параўнальнай культуралёгіі ў нас ня надта пашыраны. Натуральна, перакладаецца што-нішто пра Беларусь зь іншых моваў. Але як навуковы падыход гэта выкарыстоўваецца рэдка. Між тым, на межах беларускага культурнага кантэксту ёсьць шмат творцаў, якія непазьбежна ўзбагацілі б наш уласны вобраз Беларусі ў розныя часы. Оскар Мілаш, Наталі Сарот, Бруна Шульц, той самы Рамэн Гары - гэта толькі пачатак. Сотні літаратараў пакінулі свае сьведчаньні пра наш край па-польску, па-габрэйску, па-француску, па-ангельску... Каштоўнасьць іх у тым, што яны даюць нам магчымасьць убачыць і адчуць сябе і сваё збоку. А каштоўнасьць мэтаду, у тым, каб супастаўляючы розныя сьведчаньні, рабіць сваё адчуваньне і бачаньне шматмерным, аб'ёмным, жывым.

Тысячы людзей праходзяць міма цябе. Позьні восеньскі дзень. Камяніцы старое Вільні. Розныя культурныя кантэксты, нібы плоскасьці, утвараюць жывы вобраз часу.

Сяргей Дубавец, Вільня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG