Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра водгук у "Советской Белоруссии" і два новыя менскія музэі.


(эфір 20.02.2000)

Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец.

Апошнім часам ці ня кожная наша "Вострая Брама" выклікае жывую рэакцыю публікі. Напрыклад, мінулая перадача – пра будынак менскай сынагогі на Ракаўскім прадмесьці, дзе за савецкім часам у мастацкіх майстэрнях зьбіраліся падпольшчыкі-адраджэнцы, а пасьля засядалі аргкамітэты БНФ і многіх масавых акцыяў канца 80-х. Здавалася, патрэбны быў толькі сыгнал, каб закіпелі страсьці вакол помніка, асуджанага на ціхі знос.

Мела водгук і папярэдняя "Вострая Брама" – пра кампазытара Яўгена Глебава. Рэдактар газэты "Советская Белоруссия" прысьвяціў ёй калёнку, дзе зьвінаваціў мяне і ў парамонаўскім прыдыханьні, і ў правінцыялізме, і ў тым, што пачуў ад мяне знакамітае слова-прысуд "касмапаліт". Адмятаю адразу, бо хоць і не нашмат маладзейшы за калегу Паўла Якубовіча, але ўжо за маім пакаленьнем слова "касмапаліт" ніколі не гучала прысудам, хутчэй нейкім філязофскім адпаведнікам таго, што ў побыце ўвасаблялі сабою жавальная гума і джынсы. Эўропа, Захад.

Пазьней я зразумеў, што касмапалітызм – гэта ўсяго толькі ўнівэрсалізм, пазбаўлены нацыянальнай спэцыфікі. У музыцы сустракаецца вельмі часта. Праўда, мне бліжэй унівэрсалізм якраз на нацыянальнай глебе. Бо жывое дрэва ніколі не бывае толькі дрэвам: гэта або ліпа, або эўкаліпт, або баабаб. А вось бэтонны слуп – гэта заўсёды толькі бэтонны слуп – што ў нас, што на Камчатцы, што ў Афрыцы. Пры гэтым і ў слупа ёсьць свае эстэтычныя характарыстыкі, свой дызайн. Слуп таксама можа быць творам мастацтва. У адрозьненьне ад дрэва, ён толькі ня можа быць жывым.

Зрэшты, кажу элемэнтарныя рэчы, а думаю пра тое, што ў нашым кантэксьце любы водгук у Саўбеліі – гэта факт сам сабою не ацэначны, а важны ўжо тым, што ён ёсьць. Нешта з шэрагу фактаў таго грамадзкага дыялёгу, які так цяжка завязваецца цяпер у Беларусі. Пад знакам гэтага дыялёгу хачу зьвярнуць увагу на адну асаблівасьць, што запомнілася мне ў "Советской Белоруссии". Але зраблю гэта ў канцы перадачы, пасьля асноўнае тэмы. А асноўная тэма сёньня мае сур'ёзную інфармацыйную падставу. У Менску адчыняюцца ажно два новыя музэі.

Беларускае кіно, здаецца, канчаткова стала аб'ектам. Нічога не адбываецца ў ім, затое зь ім дзеюцца дзіўныя рэчы. Дастаткова згадаць нядаўнюю адстаўку старшыні Саюзу кінэматаграфістаў і тое, што за ўвесь мінулы год не было зьнята ніводнага фільма. Ні добрага, ні дрэннага, проста ніводнага. Можа быць, беларускае кіно адыйшло ў гісторыю? Ці не пра гэта сьведчыць адкрыцьцё ў Менску новага музэю? Тэму працягне Зьміцер Бартосік.

(Зьміцер Бартосік:) “У Менску хутка адным музэем стане болей. У дворыку памiж Чырвоным касьцёлам i гатэлем "Менск" адрэстаўравалi старасьвецкi дамок, надбудаваўшы яму трэцi паверх са стромым дахам. Неўзабаве тут адчынiцца музэй беларускага кiно. Таго самага, пра iснаваньне якога iдуць спрэчкi.

Фае музэю нагадвае атмасфэру маленькага кiнатэатра позьнесавецкай эпохi, "залатога веку" нашага "Партызанфільма". Па сьценах вiсяць выцьвiлыя афiшы старых кiнастужак, на некаторыя зь якiх я сам выстойваў чэргi ў дзяцiнстве. "Дзiкае паляваньне караля Стаха", "Iдзi й глядзi", "Кропка адлiку". Акрамя афiшаў тут – яшчэ кадры з найбольш значных карцiн. Самую прызнаную ў сьвеце беларускую стужку (тураўскi фiльм "Праз могiлкi") кiнамузэйшчыкі перайменавалi ў "Праз магiлкi". Камэдыя, адным словам.

З прачыненых дзьвярэй дырэктарскага кабiнэту ўсьмiхаецца Дзядуля Ленiн, вытканы на прыгожым дыване рукамi беларускiх ткачых. "Так любiце Ўладзiмiра Iльлiча?" – запытаўся я ў гаспадара кабiнэту. "Ды не, проста дзірку ў сьцяне закрываем", – адказаў той. Наконт будучай экспазыцыi дырэктар разьвярэдзіў маю цiкавасьць тым, што "будуць стэнды, прысьвечаныя Тарычу й Корш-Саблiну, будзе экспанавацца старая кiнатэхнiка, але галоўнае – узнагароды й прызы". "Здорава, – адказаў я, – але як наконт закулiсься? Асабiста мне хацелася б пабачыць строй "апошняй зь Яноўскiх" цi дакрануцца да "скарбаў Альшанскага замку", цi, напрыклад, падзiвiцца на мантыю Скарыны-Янкоўскага". "Мы пра гэта падумаем", – быў адказ.

А можа, лепш ня думалi б і не мудрылi. А проста пакiнулi ўсё, як ёсьць. Цi – як было. Надрукавалi б сiненькiх бiлетаў "пад старыну", ды круцiлi б сабе ўсе беларускiя фiльмы ў невялiкай залi. Не сумняваюся, што заля была б поўнай. Ахвочых вярнуцца ў сваё чорна-белае юнацтва хапае. Вярнуцца хаця б на час дзьвухгадзiнавага вечаровага сэансу.

Пакуль ня зьявiцца наша новае кiно”.

(Сяргей Дубавец:) “Зьміцер Бартосік наведаў новы музэй беларускага кіно. Яшчэ адзін музэй разьмясьціўся ў майстэрні народнага мастака Беларусі Заіра Азгура. Пра гэта распавядае Севярын Квяткоўскі”.

(Севярын Квяткоўскі:) ”У пятніцу 18 лютага, у пятую гадавіну з дня сьмерці Заіра Азгура, у Менску адчынялі дом-музэй у былой майстэрні мастака на вуліцы Азгура, 4 – былой Трактарнай. Усе мае суразмоўцы – тыя, хто добра ведаў скульптара і ягоную творчасьць – сыходзіліся ў адным: пяць гадоў таму сышоў адзін з самых выразных сымбаляў Савецкай Беларусі.

На думку паэта Адама Глёбуса, Заір Азгур – мастак, які ня выйшаў за межы свайго часу. Чалавек, які застаўся рэгіянальным мастаком сацыялістычнага лягеру.

"У 70-х гадох у Нямеччыне, – кажа Глёбус, – выйшла кніжка пад назвай "Вялікі Экспэрымэнт", прысьвечаная Віцебскай мастацкай школе 20-х гадоў. Сярод асобаў, якім прысьвечанае выданьне – Малевіч, Лісіцкі, Чашнік, Надзя Лежэ. Ёсьць і адзін невялікі малюнак Азгура. Рэканструкцыя сьвяточнага ўпрыгожваньня для пляцаў савецкіх гарадоў. Самы каштоўны твор Азгура. Бо, у адрозьненьне ад іншых твораў, малюнак належыць не да сацарту, а да цалкам канвэртабэльнага віцебскага авангарду" – рэзюмуе Адам Глёбус.

Кажуць, што не было больш-менш вядомага дзеяча, якога б не "зьляпіў" Азгур. Сталін, Талаш, Машэраў, Ленін з Марксам, Купала-Колас, і, нават, Гусоўскі. У кніжцы "Здані й Пачвары Беларусі", якая выйшла пяць гадоў таму за подпісамі Юра й Хлуса, была навэля, прысьвечаная дзейнасьці Азгура. Яна называлася "Вершнік без галавы". Вялося там пра тое, як, нібыта, з надыходам незалежнасьці Азгур зьляпіў велічэзную "Пагоню", якая мелася замяніць Леніна перад Домам Ураду. У майстэрні ўжо даўна былі нарыхтаваныя галовы-партрэты, якія можна было мяняць у залежнасьці ад палітычнай кан'юктуры. Але ніводная з галоваў не падыйшла да "Пагоні"...

У развагах пра Азгура Адам Глёбус кажа пра самую страшную рэч для мастака – прысутнічаць пры зьнішчэньні сваіх твораў. "Ён блытаў вечнае й імгненнае. Ён думаў, што стварае манумантальнае, а ствараў мамантальнае", – кажа Глёбус.

Для прэзыдэнта Ўсясьветнай Асацыяцыі Беларускіх Габрэяў Якава Гутмана Заір Азгур найперш чалавек, які падтрымаў у канцы 80-х ідэю нацыянальнага адраджэньня беларускіх габрэяў. Увайшоў у кіраўніцтва Аб'яднаньня Аматараў Габрэйскай культуры, і скарыстоўваў увесь свой аўтарытэт дзеля разьвіцьця гэтай арганізацыі – цытую:

“Гэта быў мудры чалавек, які не хаваў, а ганарыўся сваім габрэйствам. У адрозьненьне ад тагачаснай большасьці маіх супляменьнікаў. Я некалькі разоў быў у яго ў майстэрні. Там былі бюсты й Сталіна, і Міхоэлса, там былі бюсты выдатных дзеячоў габрэйскай гісторыі -- гэта жыцьцё... Гэта тыповае дзіця часу. Я перакананы, што ў 20-х гадох яны з Маркам Шагалам стаялі на адной ступені. Шагал выбраў адзін шлях, Азгур – другі. Я ня маю ніякага права ў нечым яго абвінавачваць”.

У 1987 годзе Заір Азгур ці не ўпершыню ў найноўшым часе пайшоў на крок, які супярэчыў пазыцыі тагачасных савецкіх уладаў. Вялося пра Машу Брускіну – пляменьніцу скульптара. Дзяўчына была пакараная нацыстамі ў Мазыры разам з двума падпольшчыкамі. Перадсьмяротны фотаздымак ахвяраў быў ужо добра вядомы ў сьвеце, дзяўчына апазнаная сваякамі. Але калі дайшла справа, каб ушанаваць імя падпольшчыцы, Пятро Машэраў сказаў, маўляў, ня там шукаеце герояў. На тым і спыніліся на гады. Але ў 87-м Заір Азгур усё ж распавёў гісторыю Машы Брускінай у інтэрв'ю для "Нью-Ёрк Таймс". Публічнай рэакцыі з боку савецкіх уладаў не пасьледавала. "Але ён не давёў справу да канца, – кажа Якаў Гутман, – толькі ж хто можа кінуць у яго камень".

А вось што пра Заіра Азгура кажа скульптар Аляксандар Шатэрнік – цытую:

“Заір Азгур – дзіця эпохі сацыялістычнага рэалізму. Але як майстру, як рамесьніку роўнага яму на тыя часы не было. Партрэт рабіў за паўгадзіны. Што да ўкладу ў мастацтва, вельмі цяжка казаць. Бясконцая чарада рэвалюцыйных дзеячоў была выкананая бездакорна з пункту гледжаньня савецкага рэалістычнага канону. Найбольш выбітныя партрэты – пераважна з даваеннага часу. Пазьней можна адзначыць хіба партрэт Рабіндраната Тагора.

Яны ўспрымаюцца цалкам натуральна што да зьместу і формы. Іншая справа – нашыя нацыянальныя дзеячы культуры. Возьмем, да прыкладу, помнік Якубу Коласу. Я сярод іншых быў супраць гігантаманіі. Але ж – сядзіць Колас, і сёньня цяжка ўявіць сабе Менск безь яго. Альбо азгураў асьветнік Мікола Гусоўскага – хутчэй падобны да Несьцеркі...

Азгур ня меў вучняў, нідзе не выкладаў, бо ня меў скончанай адукацыі, але меў званьне акадэміка. Ён быў канфарміст. Але мастака, і ягоныя маральныя якасьці ў мастацтве я б ня браўся ацэньваць, бо можна зайсьці далёка. Затое, з пэўнасьцю магу сказаць, што вельмі часта Азгур выкарыстоўваў свой аўтарытэт, каб абараніць іншых людзей. Ад Дзяржкантролю, ці нападак іншых чыноўнікаў”, – кажа скульптар Аляксандар Шатэрнік.

Нядаўна прыяцель-студэнт распавёў гісторыю пра экскурсію іхнай студэнцкай групы ў Беларускі Дзяржаўны Музэй Мастацтваў. Адзін блізкарукі экскурсант спыніўся каля бюсту Кастуся Каліноўскага, і доўга ўглядаўся, то ў твар змагара, то ў шыльдачку пад творам. Урэшце хлапец разгублена прамовіў: "Я глядзеў дакумэнтальны фільм – ён жа ня так выглядае!" "ЗАІР АЗГУР" красаваліся на шыльдзе вялікія літары, якія ў некалькі разоў перабольшвалі імя выяўленага героя.

Кастуся Каліноўскага пакаралі 136 гадоў таму. Цікава, ШТО будуць распавядаць экскурсаводы праз 136 гадоў, калі будуць весьці студэнтаў па доме-музэі Заіра Азгура?”

(Сяргей Дубавец:) “Складаная асоба Заір Азгур. Нездарма ў расповедзе Севярына Квяткоўскага больш пытаньняў, чым расшыфровак. На некаторыя з гэтых пытаньняў паспрабаваў даць адказ Сяргей Харэўскі”.

(Сяргей Харэўскі:) ”Нават калі ня ведаеш, хто такі Багушэвіч, гледзячы на ягоны бюст работы Азгура, што ў Жупранах, адчуеш веліч асобы. Багатыр-паўстанец, паэт. А калі і ў гэтым не разьбірацца, усё адно міжволі запаважаеш гэты вусаты-барадаты партрэт энэргічнага дзядзьдзкі, пастаўлены блізу новагатычнага касьцёла. І праўда, колькі ні прыгадвай іншых вобразаў аўтара "Дудкі беларускай", нічога лепшага ня ўспомніш. Гэты ж бюст быў пастаўлены яшчэ ў 59-м, напрыканцы сталіншчыны, напрадвесьні хрушчоўшчыны. Азгур тут выявіўся ня толькі як таленавіты майстра, але і як тонкі знаўца палітычнае кан'юнктуры... Гэтага яму было не займаць. У 20-х ён ляпіў Зьмітрака Бядулю й скульптара Бразэра, на пачатку 30-х Дзяржынскага й Мясьнікова, пасьля Сталіна, Мао і Энвэра Хаджу. А па вайне, у 47-м, (зусім нечаканы выкрунтас) зрабіў партрэты Скарыны й Цёткі. Шмат пазьней, у 80-м, ці то з натхненьня, ці то з кан'юнктурнага чуцьця Азгур раптам зрабіў Гусоўскага. Увага! Гэта быў першы плястычны вобраз паэта-лацініста ў жанры аб'ёмнай скульптуры. А паміж тым Багушэвічам і гэтым Гусоўскім – сотні Марксаў, Энгельсаў, Ленінаў...

Усё творчае жыцьцё перад скульптарам разыходзілася сама меней па трох сьцяжынах: у жыдоўскі бок, у беларускі і ў камуністычны.

Што да жыдоўства Азгура, дык яно скончылася недзе да вайны, разам з тузінам вобразаў жыдоў-дзячоў культуры й дзяржавы. Бадай, разам з рэпрэсіямі супраць тых, чые партрэты ён ствараў. Чаму не вяртаўся да гэтага пазьней? Таму што хацеў быць вельмі, вельмі вялікім. Большым за свой народ. Вось жа й Галакосту ён не прысьвяціў нічога...

Што да беларушчыны, дык яна заўсёды была побач. Сяброўства з Коласам ды Крапівом не прайшло бясьсьледна. Можна распавядаць багата показак пра "Коласа на кучы" ці "самую вялікую статуэтку", аднак менавіта гэткі Колас пасуе архітэктуры й маштабу аднайменай плошчы. Што да шчырасьці скульптара – гэта крытэрый няўлоўны. Праўда тое, што ў ценю дзядзькі Коласа ўтульна пачуваюць сябе маніфэстанты пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, на якіх задуменна пазірае паэт-калос.

А з камунізмам, па гіроніі, справы ў Азгура ня клеіліся. Кожнага разу, ухапіўшы павеў, ён прыпазьняўся з рэалізацыяй сваіх ідэяў... Неяк мой сябра прынес сувэнір – невялікую скульптуру Сталіна, пафарбаваную бронзавай фарбаю, з цэтлікам на шыі "З. Азгур. І.В.Сталін. 1950". Скульптура валялася на сьметніку ў дварах мастацкага музэю. Сябра сказаў, што гэткага дабра там было навалам... Помнік Сталіну ў Менску прастаяў толькі 4 гады, пра Мао ў СССР не было прынята згадваць ужо з 50-га і гэтак далей, нават Ленін з Марксам не пасьпелі дастаяць 10-ці гадоў перад ЦК КПБ. Іх зьвезьлі ў невядомым накірунку ў 91-м...

Азгуравы Леніны добра пастаялі ў Казахстане, Расеі, Асеціі, Дагестане, Украіне. Але і іх, напэўна, больш няма.

Недзе ў пыльных запасьніках перахоўваецца ягоная інтэрнацыянальная сэрыя 50-х гадоў. Каго там толькі няма! Ад Кім Ір Сена да Хо Шы Міна. Які лёс чакае іх?

Лепшая работа з тае сэрыі – партрэт Рабіндраната Тагора – сустракае наведнікаў Нацыянальнага мастацкага музэю, каля шатні. Прыгожая рэч. Праўда, колькі прамінае тых наведнікаў, гэтулькі застаецца пытаньняў. Хто такі? Чаму тут?

Калі недалёк ад вуліцы Пуліхава, на высокім пагорку паўстаў дамок, майстэрня Азгура, усе зьвярнулі на яго ўвагу. Ахайна выкладзены з чырвонай цэглы, ён дэкараваны з фасаду вялікім бэтонным картушам, падобным, чамусьці, да тэлефону. Таму дасьціпная моладзь назвала гэты будынак "домам пад тэлефонам". Неўзабаве ў вялікіх вокнах, што сьвяціліся вечарамі, пазьяўляліся монстры. Гіпсавыя, гліняныя, бронзавыя галовы вызіралі адтуль чорнымі зімовымі вечарамі. А ўдзень уладальнік гэтага прытулку монстраў хадзіў сабе па садзе з маленькім сабачкам. У мяне кожнага разу займала ў грудзях, калі я прамінаў гэтага чалавека, з шыкоўнай белай шавялюраю, у імпазантным чорным барэце... І кожнага разу карцела загаварыць.

Аднаго разу ўсё ж паспрабаваў. "Мы знаёмыя?"—зьдзівіўся ён. "Вы ж выбітны дзяяч беларускае культуры,"—перабраў я, імкнучыся хоць як працягнуць гаворку. "Беларуская культура... А што гэта за такое?" – раздражнёна спытаў ён. Гаворка на тым і скончылася. Хоць мы й віталіся, загаварыць з гэтым чалавекам мне больш не выпадала. А ў тым чырвоным дамку, што "пад тэлефонам", цяпер будзе музэй. Бадай, мне не захочацца й пайсьці туды... А вось да Азгуравага Багушэвіча ў Жупраны й да Коласа заўсёды будуць хадзіць людзі. І ганарыцца той самай культураю, да якой са скепсісам ставіўся стары скулптар-канфарміст”.

(Сяргей Дубавец:) “Сапраўды, жупранскі Багушэвіч кожнага разу ўражвае, калі праяжджаеш старым Віленскім трактам. Вынайдзены Азгурам штамп валявой асобы і адточанае да драбніц партрэтнае падабенства -- гэта і ёсьць той касмапалітызм, пра які мы гаварылі раней. Між іншым, гэты чысты касмалітызм можа вырабляць дзіўныя штукі, далёкія, праўда ад мастацтва. Уявіце сабе, што майстар Азгур мог увасобіць у сваім шаблёне любога чалавека. Напрыклад, зрабіць на замову жонкі якога-небудзь слабавольнага п'яніцы ягоны бюст, у якім зачуханы мужычонка ператвараўся ў Нэрона. Партрэтнае падабенства пры гэтым ідэальнае. Хто ведае, можа п'яніца, гледзячы на такі бюст, падняў бы галаву і рынуўся на вялікія справы...

Такім чынам, вернемся да тэмы, зь якой я пачаў сёньняшнюю перадачу. У рэдактарскай калёнцы ў "Советской Белоруссии" Павал Якубовіч піша пра балоты і пожаці, якія выклікалі замілаваную сьлязу ў Ядвігіна Ш., а цяпер выглядаюць недарэчна. Накшталт фальклёрных кросен каля тэлевізара "Панасонік". Скажу шчыра, люблю я тыя балаціны і пожаці, якія для мяне – неадымная частка Радзімы. Можа быць таму, што ані ў Расеі, ані ў Польшчы, ані ў далёкім замежжы менавіта такіх балацін і пожацяў няма. Люблю і Ядвігіна Ш., бліскучага навэліста пачатку стагодзьдзя, якога, упэўнены, чакае вялікая будучыня. І мая любоў да ўсяго гэтага грунтуецца на ўнутранай патрэбе вывучаць свой край, ягоную культуру і ягоных людзей. Беларусь далібог цікавейшая за Санту-Барбару. Прынамсі для нас, жыхароў Беларусі.

Больш за тое, лічу гэтае вывучэньне свайго і любоў да свайго галоўным стымулам нашага чалавечага, культурнага, эканамічнага, палітычнага ўздыму. Зробім сваю Беларусь пасьпяховай краінай. А як зробім, ня ведаючы яе і ня любячы? На чым будзем стаяць, ад чаго адштурхоўвацца? Вось тут, у адрозьненьне ад музыкі, касмапалітызм ва ўпакоўцы шасьці маскоўскіх тэлеканалаў стаў нам каласальнаю перашкодай. Ну, нічога ня можам з гэтым зрабіць. Здаецца і людзі нармальныя, працавітыя і таленавітыя, а ўсё ў краіне ня ладзіцца. Проста, вядома, вінаваціць Лукашэнку, але ж працэсы гэтыя ідуць ня толькі празь яго. І газэты выступаюць праваднікамі гэтай самай пустаты пад нагамі. Гэткая пануе сьветапоглядная падвешанасьць.

У той самай "Советской Белоруссіі" прачытаў я паласны матэрыял энэргічнай такой практыканткі, якая фантаніруе ідэямі і ўсялякімі журналісцкімі прыдумкамі. Паехала яна ў Наваградак да дзесяціклясьнікаў, раздала ім анкету – пра што мараць, чым цікавяцца і г.д. Сабрала адказы і вось друкуе сваю статыстыку ў газэце. Любяць яны дыскатэкі, мараць стаць бізнэсмэнамі, глядзяць "Гадзілу" і "Армагедон". Каханьне для іх не на апошнім месцы. І г.д. Чытаю, а вока не чапляецца. Няма за што. Цэлафанавыя нейкія школьнікі, ніякія. Быццам гутака ідзе пра ўпакоўкі, а не пра жывых хлопцаў і дзяўчат з Наваградка. Ведаючы і любячы гэты горад, хачу адчуць менавіта іх, наваградзкіх. Інакш навошта ехаць за 200 км ад Менску. А яшчэ перакананы, што такі самы матэрыял прачытаў бы ў якіх-небудзь Таганрогскіх ведамасьцях. А сэнс жа ў тым, што тут Беларусь. І нікуды яна ня дзенецца, нават калі замыльваць яе такой вось пустатой. Ну ня будзе яе ў газэтах, дык ад гэтага яны ж і бедныя, пустыя, ніякія.

Але стоп. Праскочыла такі Беларусь у саўбелаўскай практыканткі. Гэта калі яна спыталася пра любімую кнігу. Усяго адзін сказ: "Хітом 10 "А" класа стала невядомая мне кніга "Пры апазнаньні затрымаць". Вось ён, Наваградак, прасачыўся. Не напісалі б так у Таганрогу. Вось яно, адзінае сьведчаньне, што дзея адбываецца ў Беларусі. "Пры апазнаньні затрымаць" -- дэтэктыўная аповесьць Васіля Хомчанкі пра Францішка Багушэвіча -- была выдадзеная ў 83-м годзе накладам 20 000 асобнікаў і стала бэстсэлерам, што для беларускай кнігі зьява даволі рэдкая. Згадзіцеся, што такую кнігу і такую зьяву ведаць трэба. Хоць бы для таго, каб не падрываць саліднасьць газэты, у якой працуеш. Прынамсі, ня варта абвяшчаць, што табе гэта невядома.

Адзін толькі факт і тэарэтычнае абаснаваньне яго рэдактарам газэты, з наездам на балаціны й пожаці – восьвам цэльная карціна той самай сьветапогляднай падвешанасьці, з-за якой мы трансьлюем у сьвет пустату, ператвараючы ўласныя выданьні ў безаблічныя, халодныя мыльныя опэры. Дык станьма на зямлю. Я зусім не заклікаю цягнуць у кватэру кросны. Да патрыятычных карыкатураў нам сёньня -- як да неба. Я заклікаю не выкідаць рацыянальнае жыцьцетворчае зерне беларушчыны – як тое дзіця, што разам з вадою выплеснулі з купелі”.

Сяргей Дубавец, Вільня

XS
SM
MD
LG