Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія й расейскія спэцслужбы сёньня


Гутарка Альгерда Невяроўскага з кіраўніком менскага рэгіянальнага аддзяленьня Беларускага Гэльсынскага Камітэту, у мінулым кадравым афіцэрам КДБ Беларусі Валерыем Косткам

Апошнім часам у грамадзтве зноў на слыху праблема палітычнага тэрору, які набывае самыя розныя формы - ад акцыяў застрашэньня вядомых людзей да іх фізычнага зьнішчэньня. Сьвежыя прыклады - нядаўняе забойства дэпутата Дзярждумы Галіны Старавойтовай і прызнаньне некалькіх высокіх афіцэраў маскоўскага ФСБ, якім нібыта было даручана забіць Барыса Беразоўскага. У Беларусі, праўда, трохі спакайней, але няма ніякіх гарантыяў, што дзякуючы інтэграцыйным намаганьням не адбудзецца экспарт палітычнага тэрарызму з Расеі ў Беларусь.

Чым жа адрозьніваюцца мэтады беларускіх і расейскіх чэкістаў ад іхных савецкіх папярэднікаў? Вось што думае на гэты конт адзін зь лідэраў Беларускага Гэльсынскага Камітэту, а ў мінулым адказны супрацоўнік КДБ падпалкоўнік Валерый Костка.

Костка: Ні ў Расеі, ні ў Беларусі вяліках зьменаў у выкарастыньні спэцслужбаў не адбылося. Не адбылося таму, што ніякіх рэформаў, акрамя замены назвы КГБ на ФСБ у Расеі не праводзілася, а ў Беларусі - тым больш, нават зьмены назвы КДБ не адбылося. Тым часам КДБ, ці проста спэцсужбы Беларусі й Расеі, як працавалі паводле законаў, якія былі дастаткова вольныя і жорстка не абмяжоўвалі іх дзейнасьць, так і працуюць, як спэцслужбы раней не падпадалі пад нейкі кантроль, у тым ліку судовы, пракурорскі, парлямэнцкі ці грамадзкі, так і цяпер фактычна гэты кантроль адсутнічае. І таму выкарыстаньне гэтых спэцслужбаў можа пайсьці ў любым накірунку. А з тымі афіцэрамі, якія ў расейскім ФСБ заявілі пра тое, што іх выкарыстоўвалі не паводле прызначэньня і адкрыта аб гэтым сказалі, то гэта была хутчэй за ўсё ўнутраная барацьба маралі, калі некага з супрацоўнікаў ставілі перад выбарам – ці выконваць злачынныя заказы, загады, ці прызнацца й адыйсьці ад выкананьня.

Таму, на маю думку, я лічу, што менавіта разам зь іншымі рэформамі, а пра іншыя я казаць ня буду – эканоміку, палітыку і так далей, зараз падыходзіць той час, калі павінна пачацца рэфармаваньне спэцслужбаў і выкарыстаньне іх менавіта на абарону грамадзяніна.

Невяроўскі: Беларускі КДБ трэба рэфармаваць, таму што ён мала чым адрозьніваецца ад КГБ савецкіх часоў. Толькі калі раней гэтая спэцслужба была ўзброеным атрадам партыі, то цяпер яна ператварылася ўва ўзброены атрад улады. І калі сёньняшняя беларуская ўлада парушае правы й свабоды чалавека, дык КДБ становіцца проста небясьпечнаю структураю, бо яны накіроўваюць сваю дзейнасьць супраць простых людзей - так лічыць Валерый Костка.

У беларускім КДБ, напрыклад, ужо адноўлены палітычны вышук, супрацоўнікі якога вядуць распрацоўку апазыцыйных палітыкаў, завэрбаваныя агенты вядуць падрыўную дзейнасьць у шэрагах палітычных партыяў і рухаў, і такой дзейнасьці ёсьць канкрэтныя пацьверджаньні. Ня так даўно былы лідэр Маладой Грамады Павел Карназыцкі прызнаўся, што быў завэрбаваны КДБ і працаваў на спэцслужбы пад псэўданімам "Ралан". Гаворыць Валерый Костка.

Костка: Вэрбоўка агента Ралана была якраз накіраваная на тое, каб гэтага маладога хлапца "раскруціць", падняць яго рэйтынг сярод сваіх партыйных калегаў і паставіць на пасаду старшыні маладзёвае арганізацыі Сацыял-Дэмакратычнай Грамады. Так яно й адбылося – з дапамогай КДБ гэты чалавек падняўся на высокі ўзровень і быў абраны нават старшынёю маладзёвае арганізацыі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады. Але пасьля, відаць, барацьба матываў, барацьба за нацыянальнае адраджэньне, з аднаго боку, і, з другога боку, праца на рэжым, які душыць гэтае адраджэньне, яно прывяло яго да высновы, што лепей пакаяцца, прыйсьці й сказаць, што я рабіў нешта дрэннае, прашу прабачэньня, і ў гэтым сэнсе змыць зь сябе гэтую чорную пляму, бо ён працаваў супраць сваіх аднадумцаў у адной палітычнай партыі. Яго кідалі за краты, таксама вакол яго стваралася шмат шуму ў друку, але яму кампэнсавалі маральныя й фізычныя страты, з аднаго боку, з другога – ён вырас уваччу сваіх аднапартыйцаў як баявы хлапец, які змагаецца за нацыянальнае адраджэньне.

Ведаеце, вэрбавалі яго ў прынцыпе пад прыгожай шыльдаю – барацьба з тэрарызмам і так далей у Беларусі, а заданьні пачалі даваць у накірунку высьвятленьня лідэраў палітычных партыяў, плянаў палітычных партыяў і так далей. Гэта якраз вынік усяго гэтага, калі ўнутры адной палітычнай партыі такое можа быць. Нездарма мы можам цяпер зьвярнуць увагу, скажам, на некаторыя працэсы, якія адбываюцца ўнутры палітычных і іншых партыяў, дзе паміж лідэрамі ёсьць нейкае непаразуменьне, трэньні нейкія і так далей. Хоць яны як бы аднадумцы. І гэта вынік таксама таго, што нехта паміж імі ўбівае клін, гэта праца, я лічу, спецслужбаў.

Невяроўскі: Цяпер беларускія спэцслужбы працуюць пад нефармальным куратарствам вядомага маскоўскага ведамства з Лубянкі. На адказных пасадах у КДБ зьяўляюцца асобы, якія раней працавалі ў ФСБ. Таму небясьпека, што ў Беларусі можа паўтарыцца тое, што цяпер адбываеца ў Расеі, вельмі вялікая. Працягвае Валерый Костка.

Костка: Гэтая сувязь існуе і яна дастаткова моцная. Чаму? Ні ў воднай краіне няма такога, каб спэцслужба дасылала ў іншую спэцслужбу на пасаду свайго чалавека. Я маю на ўвазе, напрыклад, прызначэньне намесьнікам старшыні Камітэту Дзяржаўнае Бясьпекі генэрала Ерына. Чалавек, які працаваў у маскоўскім аддзеле ФСБ, раптам становіцца намесьнікам старшыні КДБ у Беларусі. Я разумею, супраць расейскага народу нічога ня маю, дружба і так далей, але ў гісторыі не было такога, каб спэцслужбы розных краінаў мелі братэрскія нейкія адносіны. У іх заўсёды былі адносіны канкурэнцыі, можна сказаць нават барацьбы. Контрразьведка ствараецца для таго, каб выяўляць разьведку іншых краінаў, і калі мы – сувэрэнная дзяржава, то незалежна ад таго, Расея там альбо Польшча, Амэрыка, Нямеччына, усё роўна мы павінны працаваць на выяўленьне ўсёй агентуры, якая працуе тут. А тут у гэтых умовах, калі намесьнікам Шэймана, сакратара Дзяржбясьпекі, прызначаюць Канцавенку, якога таксама дасылаюць з Расеі, які раней разьбіваў нацыянальна- патрыятычныя рухі ў іншых краінах былога Савецкага Саюзу,СНГ, а цяпер працуе ў Радзе Бясьпекі, у, фактычна, галоўным воргане, дзе канцэнтруецца ўся інфармацыя аб нацыянальнай бясьпецы, то гэта для мяне, напрыклад, становіцца дзіўным.

Дзіўным зьяўляецца тое, што ў свой час прызначылі на пасаду Фарыда Максудавіча Канцэрава, які ўжо фактычна сабраў чамаданы й быў прызначаны начальнікам ваеннай контраразьведкі сыбірскай акругі. Яго прызначаюць начальнікам ваеннай контраразьведкі Беларусі. І той жа самы Замяталін, напрыклад. Фактычна тут адбываецца калі не прамое падпарадкаваньне КДБ Беларусі ФСБ Расеі, дык фармальнае праглядаецца. У тым ліку прыезды пастаянныя, ваяжы Шэймана ў Маскву і прыезд сакратара, вось зараз, зусім нядаўна, сакратар Рады Бясьпекі Расеі прыяжджаў у Беларусь. У іх каардынацыя, я адчуваю, вельмі моцная, у гэтым накірунку.

І тое, што за апошні час вельмі шмат звольнілася такіх талковых, нацыянальна сьвядомых супрацоўнікаў, якія не змаглі супраць свайго народу падняць ні зброю, ні іншыя свае мэтады працы. Гэта адчуваецца ўплыў расейскай спэцслужбы на беларускую.

У Расеі пачалася палітычная барацьба за месцы ў парлямэнце і падыходзіць час барацьбы за прэзыдэнцкую пасаду. Паўсюль у час палітычнае барацьбы абвастраюцца, становяцца больш жорсткімі мэтады палітычнай барацьбы. І таму я лічу забойства Старавойтавай, безумоўна, палітычным забойствам, і ў гэтым накірунку, калі праводзіць паралелі, што спэцслужба Расеі, што спэцслужба Беларусі, яны працавалі й працуюць у аднолькавых фактычных умовах, толькі адна пасьпела падыйсьці да такіх падзеяў, а мы яшчэ не пасьпелі.

Невяроўскі: Нагадваю, што я гутару з кіраўніком менскага рэгіянальнага аддзяленьня Беларускага Гэльсынскага Камітэту, у мінулым кадравым афіцэрам КДБ Беларусі. Як лічыць мой суразмоўца, галоўнай гарантыяй таго, што КДБ ня будзе займацца незаконнай дзейнасьцю, можа быць толькі эфэктыўны кантроль з боку грамадзтва. На жаль, у цяперашніх беларускіх рэаліях пра такі кантроль застаецца толькі марыць.

Альгерд Невяроўскі, Менск

XS
SM
MD
LG