Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычныя вынікі 1999 году для ўлады і апазыцыі і пэрспэктывы 2000 году.


Удзельнікі: галоўны рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч, палітоляг Валеры Карбалевіч і журналіст Аляксандар Лукашук. (эфір 26.12.1999).

Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.

(Жданко: ) “Калі падсумоўваць палітычныя вынікі гэтага году, які адлічвае апошнія дні, да якіх высноваў можна прыйсьці? Ці быў гэты год удалым для апазыцыі? Для ўлады? Чаго ў ім было болей для дэмакратычных сілаў Беларусі – перамогаў ці паразаў?

Калі ласка, Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Я думаю, што гэты год можна адлюстраваць прымаўкай “за аднаго бітага двух нябітых даюць”. Здаецца, што ўсё – суцэльна паразы. Праваленыя альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары. Дэкрэт нумар 40 – у любога чалавека могуць канфіскаваць маёмасьць. Нарэшце, прыняты Закон аб дысцыпліне, супраць якога доўга выступалі прафсаюзы. Падпісаны саюзны дагавор, спыненыя перамовы з апазыцыяй. Гэта з аднаго боку.

Зь іншага боку ўсе гэтыя працэсы і, магчыма, паразы прывялі, нарэшце, да разуменьня, што апазыцыя павінная быць аб’яднанай. Дэмакратычныя сілы павінныя быць аб’яднаныя. Прычым хачу сказаць, што ініцыятыву такога больш дынамічнага аб’яднаньня ўзялі на сябе ня столькі ранейшы фармальныя кіраўнікі партыяў, колькі людзі, якія займаліся арганізацыйна-практычнай дзейнасьцяй. З другога боку “Марш Свабоды” 17-га кастрычніка паказаў, чаго можна дасягнуць, калі дзейнічаць кансалідавана. Магчыма, штмат было памылак, недакладнасьцяў. Вось гэта той шлях, які паказаўся найбольш пэрспэктыўным”.

(Жданко: ) “А як ацэньваеце палітычныя вынікі Вы, спадар Карбалевіч?”

(Карбалевіч: ) “Я лічу, што 1999 год быў годам нявыкарыстаных магчымасьцяў. Справа ў тым, што ў гэтым годзе для апазыцыі былі аб’ектыўна спрыяльныя ўмовы для дзейнасьці: перш за ўсё, узмацненьне эканамічнага крызісу, заканчэньне тэрміну паўнамоцтваў Лукашэнкі з усімі ад гэтага вынікамі.

Гэтыя магчымасьці не былі поўнасьцю выкарыстаныя, але, з другога боку, сапраўды гэты год быў годам накапленьня важнага станоўчага вопыту. Нельга сказаць, што ён быў патрачаны зусім марна. Быў вялікі экспэрымэнт пад назвай “прэзыдэнцкія выбары” ў 1-й палове 1999 году, былі восеньскія падзеі – “Марш волі” 17-га кастрычніка, калі апазыцыя прапанавала новыя тэхналёгіі, новыя формы раскруткі, пачаўся перамоўны працэс, які яшчэ да пачатку меў пэўныя вынікі – адбылося фармаваньне шырокай апазыцыі на плятформе вяртаньня дэмакратыі ў краіне. Што зьяўляецца станоўчым. Таму вынікі году, я б сказаў, неадназначныя”.

(Жданко: ) “І, нарэшце, яшчэ адзін наш суразмоўца. Як бы адказалі на пытаньне пра вынікі адыходзячага году Вы, спадар Лукашук?”

(Лукашук: ) “Я б, відаць, паглядзеў на гэты год у кантэксьце дзесяцігодзьдзя, надзвычай важнага для Беларусі. Апошняга дзесяцігодзьдзя ХХ стагодзьдзя. Я б сказаў, што тут ёсьць тры вызначальныя гады, пра якія хіба можна гаварыць. Гэта – год 1992, год рэфэрэндуму, які не адбыўся. Нагадаю, той рэфэрэндум мусіў зьмяніць карэнным чынам сыстэму ўлады ў краіне. Мусіў прывесьці да ўлады абсалютна новых людзей, а не камуністычны Вярхоўны Савет. Гэта адзін год.

Другі год мне здаецца вельмі важным у кантэксьце нашай сёньняшняй размовы – год 96. Год 1996 – год роспуску Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Год так званага рэфэрэндуму, калі была скасаваная Канстытуцыя і незаконна былі працягнутыя паўнамоцтвы Лукашэнкі. Вось 1999 год стаў, я б сказаў, трэцім у гэтым імклівым спуску зь вяршыні, зь вяршыні 1991 году. Беларуская дзяржава, ведаеце, як тыя сані, ляцела з гары.

Спачатку гэтыя сані падкінула на 92-м, пасьля на 94-м на выбарах, на 96-м так страсанула, і вось 99-ты. Здавалася, гэта быў год сапраўды вельмі сур’ёзнага выпрабаваньня. Сканчаліся прэзыдэнцкія законныя паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі. Адбылося тое, што адбылося шмат у якіх постсавецкіх краінах, праўда, азіяцкіх. Тыя прэзыдэнты здолелі шляхам рэфэрэндумаў, датэрміновых выбараў, цалкам сфальсыфікаваных выбараў працягнуць свае паўнамоцтвы на абсалютна няпэўны пэрыяд. Верагодна, што многія зь іх застануцца прэзыдэнтамі пажыцьцёва.
Да таго часу, пакуль будуць жывыя.

Скажам, на Ўсходзе такія сытуацыі вырашаюцца часам палацавымі пераваротамі. Нягледзячы на пагаршэньне сытуацыі ў Беларусі, эканамічнай, палітычнай, здушэньне правоў чалавека, уладная групоўка, тым ня менш, сваіх пазыцыяў ня страціла. Зараз ня можна гаварыць пра тое, што пазыцыя ўлады аслабленая нейкім спосабам. Нягледзячы на яе ня поўную легітымнасьць ці, нават, цалкам нелегітымнасьць з пункту гледжаньня Эўропы, Злучаных Штатаў Амэрыкі і легітымнасьць з пункту гледжаньня Масквы. Гэта вынікі году для ўлады. Улада, мне здаецца, сваю мэту дасягнула. Што да апазыцыі, то можна сказаць, гаворачы пра палітычныя мэты апазыцыі, – палітычныя мэты: прыход да ўлады, стварэньне новай сытуацыі, якая здолела б гэты прыход забясьпечыць. Гэтага не адбылося.

Што да маральнага аспэкту, тут трэба сказаць, што беларуская апазыцыя, нягледзячы на вельмі цяжкія ўмовы, умовы беспрэцэдэнтнага да гэтага моманту перасьледу, выстаяла і ня зьгінула. Апазыцыя працягвае барацьбу”.

(Жданко: ) “У Беларусі ўжо доўгі час захоўваецца сытуацыя вялага палітычнага крызісу. Лукашэнку дэмакратычны сьвет не прызнае за легітымнага прэзыдэнта. У апазыцыі бракуе сілаў, каб эфэктыўна ўплываць на сытуацыю. Перамовы, падобна, зайшлі ў тупік, яшчэ не пачаўшыся. Ці ёсьць сёньня спадзяваньне на тое, што гэтае становішча ў 2000 годзе можа істотна зьмяніцца? Як Вы лічыце, спадар Івашкевіч?”

(Івашкевіч: ) “Дагэтуль Лукашэнка эканамічна падтрымліваўся Расеяй, якая давала дапамогу Лукашэнку з заходніх крэдытаў. Сёньня Расея трапляе ў паўізаляцыю. Пакуль будзе весьціся вайна ў Чачні. Хутчэй за ўсё. Гэта будзе залежаць ад Злучаных Штатаў. Крэдыты ня будуць выдадзеныя, а, значыць, ня будзе падтрымкі Лукашэнку. Абвастрэньне эканамічнага крызысу непазьбежнае.

Тут бы я яшчэ хацеў адзначыць пэрспэктыву, якая ўваходзіць каранямі ў апошнія месяцы. Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, увосень у Беларусі прайшла рэвалюцыя сьвядомасьці. Нават не ў дачыненьні да дэмакратыі ці дыктатуры, а ў дачыненьні да разуменьня каштоўнасьці незалежнасьці Беларусі. Тыя людзі, якія раней талдычылі “інтэграцыя” і спадзяваліся, што збліжэньне з Расеяй прывядзе да паляпшэньня іхнага жыцьця, цяпер пачалі баяцца, хвалявацца і не хацець аб’яднаньня з Расеяй. Прычым не на ўзроўні абстрактных словаў тыпу “сувэрэнітэт”, “дэмакратыя”, а чыста па-абыватальску яны баяцца далучэньня да Расеі. Пераварот сьвядомасьці, я лічу, будзе галоўным чыньнікам, які будзе ўплываць на падзеі ў наступным годзе”.

(Жданко: ) “Як Вы ацэньваеце палітычныя пэрспэктывы 2000 году, спадар Карбалевіч?”

(Карбалевіч: ) “Я думаю, што гэтыя пэрспэктывы ня вельмі аптымістычныя. На гэтыя пэрспэктывы будуць аказваць уплыў некалькі фактараў: перш за ўсё ўзмацненьне эканамічнага крызысу.
Я хачу зьвярнуць увагу на тое, што афіцыйныя ўлады і афіцыйная прапаганда амаль перасталі гаварыць пра беларускі эканамічны цуд. Яны фактычна прызналі, што тая эканамічная мадэль, якая цяпер існуе, – неэфэктыўная. Гэта вельмі важны пералом, на маю думку, у сьвядомасьці кіруючай групоўкі. Праўда, ніякіх практычных высноваў з гэтага ня зроблена. Але сам факт гэты вельмі значны. Тым больш, што фактычна прызнана, што ў наяўнасьці вялікі крызыс у фінансавай сфэры і ў аграрным сэктары.

Па-другое, вельмі многае будзе залежыць ад разьвіцьця падзеяў у Расеі: прэзыдэнцкія выбары, пазыцыя прэзыдэнта. Але я тут бачу, што ўсё ж-такі пазыцыя Расеі пры любым раскладзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ня вельмі зьменіцца. Я думаю, што беларуска-расейскія адносіны, беларуска-расейская інтэграцыя будуць вялацякучымі, працягвацца так, як да гэтага часу. Я ня думаю, што тут нешта зьменіцца ў пазыцыі Расеі.

Значную ролю будзе адыгрываць пазыцыя Захаду. Як ён паставіцца да таго, што ўрад Лукашэнкі фактычна зрывае перамоўны працэс. Ці гэта будзе такая пазыцыя, як цяпер, ці больш жорсткая. Тым больш, што Эўропа зараз інтэгруецца. Каардынацыя зьнешнепалітычных дзеяньняў Эўропы будзе больш моцнай, чым гэта было да гэтага часу. Гэта таксама важны фактар – эўрапейская інтэграцыя. Гэтыя фактары ў спалучэньні і будуць аказваць уплыў на беларускія працэсы, выбары, якія адбудуцца ў Беларусі ў наступным годзе ў любым выпадку, незалежна ад удзелу ці няўдзелу апазыцыі. Вельмі шмат фактараў, якія сёньня цяжка пралічыць”.

(Жданко: ) “І пункт гледжаньня Аляксандра Лукашука…”

(Лукашук: ) “Эканамічная інтэрвэнцыя і дапамога, якую аказвае Расея рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, працягнецца ў наступным годзе ў тых самых памерах, што й цяпер. Незалежна ад дапамогі Захаду.

Справа ў тым, што рэзка ўзрасьлі кошты на нафту. У два разы. І даходы Расеі ў гэтым годзе пачалі значна павялічвацца. На інвэстыцыйным рынку Расеі таксама ажыўленьне. Адмова ў крэдытаваньні Расеі (беспасярэднім) Захадам – не такі й вялікі ўдар.

Справа ў тым, што дапамога Захаду Расеі, прамыя крэдыты, займаюць ня вельмі вялікую частку. Найбольш істотныя – адтэрміноўкі выплатаў у справе запазычанасьцяў, дапамога ў справах і праграмах ваенных. У гэтай сфэры ўсё будзе працягвацца.

Сёньня эканоміка Расеі, хоць яна й малая, але яна даволі ўстойлівая. Яе памер прыкладна такі, як у Нідэрляндаў. Гэта фактычна эканоміка малой эўрапейскай краіны. Але дзякуючы рэжыму, які ёсьць у Расеі, яны могуць спакойна ахвяраваць невялікімі сумамі – да мільярду даляраў, каб падтрымліваць такога важнага саюзьніка як Беларусь, мне здаецца.

Яшчэ адзін важны аспэкт, гаворачы пра будучыню, унутраныя стасункі ў Беларусі. Два моманты. Віктар Івашкевіч гаварыў, што апазыцыя прыйшла да ўсьведамленьня неабходнасьці быць адзінай.

Мне здаецца, што падзеі гэтага году можна растлумачыць і йначай. Бо, напрыклад, падзел БНФ на 2 арганізацыі – гэта наўрад ці прыклад адзінства. Дагэтуль няяснай застаецца пазыцыя камуністаў. Партыі Калякіна, якая фармальна ў апазыцыі, падтрымлівае істотныя рэчы. Але адначасна, наколькі гэты саюз можа працягвацца надалей.

Не зьяўляюцца новыя саюзьнікі апазыцыі – напрыклад, з боку працоўнага руху, які існуе даволі ізалявана і ня хоча йсьці на прамыя кантакты, магчыма, з тымі лідэрамі апазыцыі, якія ўжо шмат гадоў на вачах. Ступень інтэграцыі на гэтым этапе, магчыма, магла бы быць большай.

Пэрспэктывы 2000 году з улікам таго, што рэжым пачаў адкрытае зьнішчэньне лідэраў апазыцыі – тое, што адбылося із Захаранкам, Ганчаром – мне здаецца даволі змрочным. Ідзе відавочнае паляваньне на тых, хто мог бы скласьці нейкую альтэрнатыву харызматычнаму лідэру.

Адна зь вельмі моцных умоваў існаваньня апазыцыі – гэта адсутнасьць доступу да сродкаў масавай інфармацыі, адсутнасьць прамой апэляцыі да народу. І гэтую магчымасьць рэжым ня выпусьціць са сваіх рук у 2000 годзе”.

(Жданко: ) “Віктар Івашкевіч і Аляксандар Лукашук закранулі, на маю думку, вельмі важную праблему – праблему грамадзкай думкі, як вызначальнага фактару ў палітыцы. Сацыялягічныя апытаньні ўжо цягам 5 гадоў фіксуюць нязьменна высокі рэйтынг Лукашэнкі і адначасова сьціплы ўплыў на грамадзкія настроі дэмакратычных сілаў.

Лукашэнка сам усьведамляе значнасьць гэтага фактару, і таму ён праводзіць такую палітыку ў дачыненьні да апазыцыі, да доступу апазыцыі да сродкаў масавай інфармацыі. Але адначасова мы бачым, што на працягу апошняга году стаўленьне значнай колькасьці насельніцтва да сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі, да праблемы аб’яднаньня Беларусі і Расеі зьмянялася і зьмянялася ў бок спрыяльны для пэрспэктываў незалежнай Беларусі. Ці можна, на вашую думку, паводле вынікаў адыходзячага году, казаць пра нейкія новыя тэндэнцыі ў грамадзкай думцы Беларусі. І ці здольныя гэтыя тэндэнцыі адбіцца на падзеях 2000 году? Што думаеце на конт гэтага Вы, спадар Івашкевіч?”

(Івашкевіч: ) “Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, сапраўды ў Лукашэнкі вялікі рэйтынг, але з пазыцыі “а хто ўзамен?”. Людзі лічаць, што – крызыс, 80 працэнтаў лічаць, што – няслушная эканамічная палітыка, ня зьвазваюць спадзяваньняў із Захадам. Але ёсьць 2 пытаньні, на якія пакуль што ня дадзена адказаў: хто ўзамен і ці чакаюць нас на Захадзе.

Апазыцыйная прэса, нават, больш зацыкленая на прозьвішчы Лукашэнкі, чым дзяржаўная. Паводле маніторынгу, які правяла фундацыя Айрэкс, найбольш частыя згадкі прозьвішча Лукашэнкі, напрыклад, у “Белорусской газете”, а найменш частыя – у “Советской Белоруссіі.”

Я думаю, што можна было б на наступны год дамовіцца проста ня згадваць гэтае прозьвішча наогул, а раскручваць людзей – пры тым ня толькі вядомых. Замест Лукашэнкі, напрыклад, можа быць толькі Пазьняк – так у сьвядомасьці людзей было, і так гэта падавалася.

Мы павінныя паказаць, што ёсьць тузін людзей не дурнейшых, ня менш актыўных і больш адукаваных, чым той Лукашэнка, ці партыйныя лідэры, якія намулялі вока. І я думаю, што якраз выхад гэтых новых людзей у актыўную палітыку ёсьць станоўчым. Яны й самі будуць раскручвацца, і добра, калі б прэса на іх зьвяртала ўвагу, каб менавіта паказаць людзям, што ёсьць іншыя. Я не прыхільнік, шчыра кажучы, такіх меркаваньняў – наступны год нічога добрага не нясе, а толькі страты. Дык што ж? Ня вешацца ж, не зьяжджаць за мяжу. Значыць, трэба ваяваць. А ваяваць можна толькі тады, калі ёсьць аптымізм і нейкая надзея на перамогу”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы зазначыць, што грамадзкая думка вельмі слаба ўплывае на палітычныя падзеі. Таму што ў Беларусі разбураныя ўсе дэмакратычныя мэханізмы, з дапамогай якіх грамадзкасьць магла б узьдзейнічаць на палітыку.

Што датычыць зьменаў грамадзкай думкі, дык яна шмат разоў зьмянялася. Калі спачатку году людзі яшчэ не адыйшлі ад таго эканамічнага крызісу, які здарыўся летась, надзеі на інтэграцыю былі зусім малыя. Потым, пасьля югаслаўскага крызісу, гэтыя інтэграцыйныя настроі ў грамадзтве ўзмацніліся, перавысілі 50 адсоткаў. Потым, напрыканцы году, яны зноў зьнізіліся. Пакуль што грамадзкая думка вельмі зьменлівая.

Трэба адзначыць вельмі вялікую ролю тэлебачаньня і афіцыйнага радыё. Калі апазыцыя ня зможа прарвацца на тэлебачаньне ды афіцынае радыё, я думаю, што пэрспэктывы ў яе ня вельмі спрыяльныя. Справа ў тым, што высокі рэйтырг Лукашэнкі, які існуе ня гледзячы на ўзмацненьне крызісу, ён сьведчыць аб тым, што ў грамадзтве разубраныя нейкія рацыянальныя крытэрыі ацэнкі эфэктыўнасьці той палітыкі, якая праводзіцца. Вось гэта вельмі важная акалічнасць, якую трэба ўлічваць.

Што датычыць апазыцыі, праблема сёньня ня ў тым, каб перацягнуць на свой бок электарат Лукашэнкі. Праблема апазыцыі ў тым, каб заваяваць свой уласны электарат. Яна ня можа заваяваць нават той электарат, які ставіцца да рэжыму вельмі крытычна, але ж і ў апазыцыі ня бачыць выказьніка сваіх інтарэсаў. Вось у чым галоўная праблема.

І тут вельмі паказальным летась быў феномэн Чыгіра. Чыгір, новы чалавек, які вярнуўся ў краіну празь нейкі час. Ягонае прозьвішча было больш-менш раскручанае ў ходзе так званых прэзыдэнцкіх выбараў вясной. Ягонае прозьвішча ўвесь час узгадвалі афіцыйныя СМІ. Потым ён сеў у турму. Здавалася б, усе спрыяльныя аб’ектыўныя ўмовы, каб ягоны рэйтынг павялічыўся. А што мы маем у выніку? У выніку мы маем, што ў самым лепшым выпадку – ня больш як 7 адсоткаў. Гэта вельмі паказальная сытуацыя для беларускага грамадзтва і, ў тым ліку, для беларускай апазыцыі”.

(Лукашук: ) “Думаю, што сапраўды ў Беларусі пытаньне грамадзкага настрою – рэч надзвычай нявызначаная. Узгадайма выбары, скажам, у Вярхоўны Савет 13-га сліканьня, калі цэлы шэраг апазацыянэраў праводзілі і галадоўку за родную мову, і людзі, якія, седзячы ў турмах, таксама трымалі галадоўку – я маю на ўвазе Юрыя Хадыку і Вячаслава Сіўчыка – тым ня менш, не былі абраныя ў сваіх акругах.

Працаваць зь беларускімі выбаршчыкамі – гэтая задача цяпер, мушу сказаць, і не стаіць, бо ня можа ісьці гаворкі, мне здаецца, пра справядлівыя выбары. Мы ж чакаем так званых парлямэнцкіх выбараў у 2000-м годзе. Дагэтуль няма згоды паміж апазыцыяй, ці будзе яна ўдзельнічаць у гэтых выбарах. І калі будзе – дык на якіх умовах? Ці будзе апазыцыя ўдзельнічаць у выбарах у дзьвюхпалатны лукашэнкаўскі сход, ці ў Вярхоўны Савет кшталту 94-га году?

Пакуль няма яснасьці, але мяркуючы па папярэдніх гадах, можна меркаваць, што частка апазыцыі будзе ігнараваць выбары. Магчыма, такую пазыцыю зоймуць больш радыкальныя партыі, а большасьць паспрабуе ўдзельнічаць. І ў выніку магчыма, што прайграюць абедзьве часткі. Гэта будзе вельмі істотны момант з пункту гледжаньня Захаду, Эўропы, погляду на разьвіцьцё сытуацыі, далейшай легітымнасьці рэжыму”.

(Жданко: ) “Агульная танальнасьць нашай размовы змрочная. Тым ня менш, бягучы год, які быў багаты на самыя разнастайныя праграмы, складаўся ня толькі з паразаў, ня толькі з сумных падзеяў. Што вы лічыце самай пазытыўнай падзеяй адыходзячага году?”

(Івашкевіч: ) “Па школах зараз ходзіць фільм, які перапісалі зь беларускага тэлебачаньня – фільм ішоў пад назвай “Как это было?”. Школьнікі гэты фільм называюць “Как это было круто”. Гэта галоўнае. І галоўнае тое, хто арганізоўваў гэты Марш Свабоды – усе разам, і ў той жа час, новыя, скажам, маладзейшыя людзі. І маладыя арганізатары выклікалі водгук у маладых людзей. І Марш Свабоды скончыўся абсалютнай перамогай, таму што за яго не было, фактычна, ніякіх рэпрэсыяў. Далі па зубах рэжыму, і рэжым у адказ ня даў. Іншая справа, што трэба было нарошчваць посьпех. Гэта ўжо іншая справа – тэхнічная, арганізацыйная на наступны год. Але ж я думаю, што вясной наступнага году будзе ня менш маштабны Марш Свабоды”.

(Карбалевіч: ) “Я б адзначыў дзьве падзеі. Гэта – прэзыдэнцкія выбары ў першай палове 99-га году і той самы Марш Свабоды17-га кастрычніка. І тая і другая падзея, на мой погляд, вельмі знамянальныя. І мне здаецца, што апазыцыя павінна вынесьці нейкі ўрок з гэтых падзеяў. На мой погляд, галоўны ўрок гэтых падзеяў заключаецца ў тым, што трэба пачынаць выйграваць інфармацыйную вайну з уладамі. А пакуль што і ў першым і ў другім выпадку, хаця падзеі былі вельмі значныя, іх значна ў большай ступені можна было б скарыстаць апазыцыі. Усё ж-такі, вынік інфармацыйнае вайны застаўся за ўладамі. Гэта значыць, апазыцыя не змагла выкарыстаць нават вельмі спрыяльныя, вельмі значныя палітычныя падзеі ў сваіх мэтах. І на мой погляд, урок на наступны год: час пачынаць выйграваць інфармацыйныя войны”.

(Лукашук: ) “Вельмі важным, мне здаецца, вынікам гэтага году ёсьць тое, што адбылося па-за межамі палітычнага працэсу. Гэта – вынікі перапісу, які адбыўся сёлета. Вынікі перапісу, які праводзіўся паводле мэтадалягічных інструкцыяў ААН.

Як мы ня раз пра гэта казалі, ёсьць некалькі лічбаў, якія ўсіх нас вельмі ўсьцешылі. Першая лічба – гэта колькасьць людзей, якія назвалі сябе беларусамі ў гэтай краіне. Іх 81 працэнт, на 3 працэнты болей, чым паказваў мінулы перапіс. Беларусь застаецца монанацыянальнай дзяржавай. Гэта вельмі істотна, канешне.

Другі момант. Я памятаю, як на пачатку 80-х усе мы час ад часу паўставалі перад пытаньнем – ну, а колькі людзей у Беларусі гаворыць па-беларуску? 5 працэнтаў, 10? Я памятаю, што нават аптымісты сярод маіх сяброў асьцярожна гаварылі “дзесяць”, не падымаліся вышэй за гэтую лічбу. І 1999 год раптам нам прынес такі падарунак – кожны трэці, нават больш”.

Валянцін Жданко, Прага

XS
SM
MD
LG