Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі Маршу Свабоды 17 кастрычніка.


Удзельнікі: палітоляг Уладзімер Падгол, намесьнік старшыні камітэту ў справах СНД Дзяржаўнае Думы Расеі Вячаслаў Ігруноў і аналітык Радыё Свабода Ян Максімюк (эфір 24.10.1999).

Аўтар і вядучы Віталь Цыганкоў. Мы працягваем аналізаваць вынікі “Маршу Свабоды” 17 кастрычніка. Якія задачы ставілі і якія мэты дасягнулі арганізатары акцыі? Хто выйграе ў інфармацыйнай вайне, якая разгарнулася пасьля Маршу? Як падзеі 17 кастрычніка паўплываюць на беларуска-расейскую інтэграцыю. Гэтым ды іншым тэмам прысьвечаны сёняшні выпуск “Праскага акцэнту”. У размове бяруць удзел: зь Менску – палітоляг Уладзімер Падгол, з Масквы – намесьнік старшыні камітэту ў справах СНД Дзяржаўнае Думы, сябра фракцыі “Яблоко” Вячаслаў Ігруноў, з Прагі – аналітык РС Ян Максімюк.

(Цыганкоў: ) “Такім чынам, для пачатку давайце абмяркуем ўнутрыпалітычны асьпэкт акцыі 17 кастрычніка. І пачнем з тэмы інфармацыйнай вайны вакол вынікаў “Маршу Свабоды”. Беларускае тэлебачаньне ў сваім стылі падае гэтыя падзеі, расейскія тэлеканалы канцэнтруюць увагу на жорсткасьцях беларускай міліцыі. І тут цікава паразважаць на тэму, як звычайныя беларусы, якія ня ўдзельнічалі ў акцыі, ўспрымаюць гэтую плыню інфармацыі, што ідзе з газэтаў і тэлеэкранаў. Каму яны больш будуць схільныя верыць? На чыім баку будзе грамадзская думка?”

(Падгол: ) “У гэтым пытаньні ў Беларусі людзі падзяліліся на шмат групаў. Самая невялікая – гэта людзі дасьведчаныя, якія ведаюць усё. Яны ведаюць, што з боку міліцыянтаў пашкоджаньні атрымалі толькі тры чалавекі. Аднаму хлопцу, сапраўды, камень трапіў у галаву, і ён у даволі цяжкім стане, але будзе жыць і калекай ня будзе. І два міліцыянты атрымалі драпіны. Вось і ўсё. Але гэта ў Беларусі амаль ніхто ня ведае.

З боку апазыцыйнага пацярпелых вельмі шмат. І яны былі дададзеныя ня столькі падчас зьбіцьця, хаця крыві было шмат… На маіх вачах перавязвалі людзей на вуліцы. Я быў у самай гэтай гушчы, мне нават па куртцы патрапіў камень. Але потым, калі міліцыянты запіхвалі ў свае аўтобусы людзей, яны хадзілі па іх, білі іх нагамі, зьбівалі ў пастарунку, ставілі “на расьцяжку”. Гэта былі бесперапынныя пабоі. Я, колькі чытаў пра гітлераўцаў – яны так пры арышце не зьбівалі людзей, як зьбівалі ў Менску 17-га кастрычніка. Прычым – прыкладна 40 адсоткаў затрыманых у той дзень абсалютна выпадковыя людзі, якія ня бралі ўдзелу ў шэсьці.

(Цыганкоў: ) “Сапраўды, напэўна, ня ўсе гэта ведаюць. Але давайце, Уладзімер, будзем арыентавацца на тое, чым карыстаецца большасьць – беларускае тэлебачаньне, расейскія тэлеканалы, беларуская прэса. З гэтых крыніцаў якія вынікі робіць звычайны беларус?”

(Падгол: ) “Дасьледваньні пакуль не праведзеныя, але пэўная частка грамадзства лічыць, што гэта вельмі разьюшаная апазыцыя, хамы, быдла, нейкія бандыты, якіх ня трэба дапускаць да ўлады. Другая частка, больш цьвярозая. У Менску ў транспарце толькі і чутныя размовы – як гэта нейкія хлопчыкі маглі зьбіць такіх міліцыянтаў, у шлемах, у шчытах, у бронекамізэльках і гэтак далей. Маўляў, гэта сьмеху варта. Карацей, грамадзства падзялілася на шмат частак. І зараз на кожнай кухні, на працоўным месцы ідзе абмеркаваньне –што ж гэта было, хто мае рацыю, хто ня мае – гэтая дамінанта ў нашым грамадзстве сёньня існуе. Гэта самае галоўнае”.

(Цыганкоў: ) “Я перадаю слова Маскве. Вячаслаў Уладзіміравіч, скажыце, як на вашую думку, расейскія тэлегледачы ўспрымаюць гэтыя кровапралітныя кадры тэлебачаньня зь Менску?”

(Ігруноў: ) “Я не магу казаць пра большасьць гледачоў, хаця дакладна ведаю, што большая частка насельніцтва Расеі ад хвіліны паказу гэтых кадраў па тэлебачаньні стала сымпатызаваць спадару Лукашэнку. Уся гэтая акцыя ў Расеі азначае паступовае ўзмацненьне ўплыву Лукашэнкі ў нашай краіне і пагаршэньне стаўленьня да беларускай апазыцыі. Інфармацыя, якую мы атрымліваем з экранаў, істотна адрозьніваецца ад той, якой валодае, як я разумею, невялікая частка беларускага грамадзства. Нам вядомыя іншыя лічбы. Але мы – палітыкі, і разумеем, што лічбы могуць вельмі адрозьнівацца ў залежнасьці ад таго, хто іх дае.

Але мы глядзім кадры, і ёсьць некаторыя рэчы, якія нас вельмі ўражваюць. Найперш уражвае, што дазволены мітынг пераўтварыўся ў недазволенае шэсьце. Уражвае тое, што апазыцыя, якой далі магчымасьць выказаць свой пункт гледжаньня, замест гэтага павярнула свае шматтысячныя шэрагі і пайшла прарываць кардоны і парушаць маршрут. Гэта непазьбежна прывяло да сутыкненьняў. Што да хлопчыкаў, дык там былі ня толькі хлопчыкі.
Тыя, каго мы бачылі ў кадрах, былі ўззброеныя дручкамі, білі міліцыянтаў па сьпінах, па галовах, даганялі іх. Што да гвалту з боку міліцыянтаў, дык ў нас пра гэта было паказана менш, гэта заўсёды застаецца за кадрам. Але як былы дысыдэнт, я магу сказаць – міліцыя сапраўды абыходзіцца па-быдлячаму з дэманстрантамі, гэта відавочна. Але калі дэманстранты кінулі ў іх камень, ударылі іх дручком, дык, вядома, разьюшанасьці іхняй няма межаў.

Што я магу сказаць пра сытуацыю ў Беларусі? Сёньня ў Беларусі няма легітымнай улады, нелегітымны ані парлямэнт, ані прэзыдэнт, таму і адбываюцца такія падзеі. Трэба перайсьці да таго, каб у Беларусі паўстала законна абраная ўлада. Але да ўсяго гэтага можна ісьці толькі шляхам перамоваў. Тое, як дзейнічае апазыцыя, гэта перашкаджае перамовам. Мы лічым, што прымяненьне гвалту, там, дзе ўсё-ткі можна выказаць сваю думку, прымяненьне гвалту ў такіх умовах цалкам немагчыма і недапушчальна. Гэта выштурхоўваньне краіны да канфлікту, да палітычнай катастрофы, і ў канечным выніку, да грамадзянскай вайны.

(Цыганкоў: ) “Дзякуй. Такім чынам, мы пачулі меркаваньне з Масквы, як адтуль бачацца кадры “Маршу свабоды”. Ну і цяпер паслухаем меркаваньне з боку, а менавіта з Прагі. Калі ласка, Ян Максімюк, хто, па-вашаму, выйграе ў інфармацыйнай вайне пасьля “Маршу свабоды?”

(Максімюк: ) “Назіраючы за тым, як рэагуюць афіцыйныя СМІ ў Беларусі, я нічым не здзіўлены. Я такое бачыў у Польшчы гадоў 15-16 назад, калі ў Польшчы было ваеннае становішча, калі на вуліцы выходзіла “Салідарнасьць” і пратэставала. І таксама гэтыя дэманстрацыі разганяліся польскімі амонаўцамі, якія называліся тады ЗОМО. Гэтыя кадры потым паказваліся па тэлебачаньні, у афіцыйнай прэсе менавіта таксама зманіпуляваныя, як гэта робіць БТ ці беларуская афіцыйная прэса.

Што ж тычыцца гэтага насільля, якое мы пабачылі на вуліцах, і таго закіду, які мы пачулі ад суразмоўцы з Масквы, нібы апазыцыя і справакавала гэтае насільле – я хачу не пагадзіцца. Таму што беларускай апазыцыі няма на што далей чакаць. Дыялёг, які нібыта падрыхтоўваецца ў Беларуі, у сёньняшняй грамадзска-палітычнай сытуацыі не адбудзецца. У Беларусі проста зьнікаюць людзі, як у нейкай бандыцкай краіне. У Беларусі апазыцыя надалей ня мае доступу да электронных СМІ, і таму, каб дайсьці да шырэйшага агулу грамадзства, выхад на вуліцу застаецца адзіным магчымым выйсьцем з гэтай сытуацыі.

(Цыганкоў: ) “Я тут заўважу, што мы на Радыё Свабода даволі падрабязна апісвалі гэтыя падзеі. Сьведкі адзначалі, што правакацыі былі яшчэ да таго, як пачаліся сутыкненьні. Невядомыя спрабавалі падпаліць дом па дарозе гэтага шэсьця. Ну і адзначу, што паводле ўдзельнікаў акцыі, менавіта амонаўцы напалі на іх, калі натоўп ужо разварочваўся ісьці на плошчу Якуба Коласа. Але я хачу задаць пытаньне, ці можна цяпер ставіць крыж на перамовах, якія спрабуе наладзіць улада і апазыцыя пры пасярэдніцтве АБСЭ?”

(Падгол: ) “Найперш я хачу нагадаць свайму калегу з Масквы, што і ЗША і Эўрапарлямэнт, Эўразьвяз зрабілі жорсткія заявы адносна ўлады Лукашэнкі. І яны зрабілі іх невыпадкова.

Побач са мной пад градам камянёў знаходзіўся дарадчык АБСЭ Хрыстафер Паніку – гэта амэрыканец італьянскага паходжаньня. Ён выратаваў аднаго міліцыянта ад зьбіцьця нашымі хлопцамі. Але хлопцы білі яго пасьля таго, як нашыя людзі пачалі разыходзіцца, па патыліцах на іх абрынуўся град дубінак. Там жа знаходзіся прадстаўнікі амбасады ЗША – у самай гушчы. Яны бачылі, як улады зрабілі ўсё, каб спачатку зьбіць людзей, якія не зьбіраліся нават пылінку кінуць у той бок. Гэта была клясычная правакацыя.

Гэта горш за гітлераўскі рэжым. У нас гэтыя людзі зьніклі – яны ці зьедзеныя, ці закатаныя ў бэтон. І мы будзем пра гэта казаць, інакш Расея проста нас заглыне, і потым зачысткі будзе рабіць, як у Чачні.

Але я хачу сказаць і камплімэнт Маскве. Ваша Вольга Беклямішчава зрабіла для незалежнасьці Беларусі… гэта малайчына, гэта фантастыка! Упершыню з Масквы на пытаньне Сарокінай у перадачы “Герой дня”, Масква аб’ектыўна вуснамі прыгожай жанчыны Вольгі Беклямішчавай прадэклямавала асноўны лёзунг – “Беларусь у Эўропу, Лукашэнку – у жопу”. І гэта чулі і бачылі ўсе расейцы і ўсе беларусы. Вось гэта аб’ектыўнае падача, гэта праўда”.

(Ігруноў: ) “Я хацеў бы сказаць наступнае: ва ўсім тым, што было сказана зараз, у мяне, як у адказнага палітыка, ўзьнікаюць некаторыя пытаньні. Што ж, можа нехта там у бэтоне ўжо і замураваны. Але перш чым гэта гаварыць, трэба задаць сабе пытаньне – ці выйграе суд той чалавек, які так сьцьвярджае. Ці варта кідаць такія абвінавачваньні, ня маючы дастатковых падставаў.

Канешне, вельмі брыдка, калі ў краіне зьнікаюць людзі – дарэчы, яны зьнікаюць і ў нас, часам яны зьнікаюць і ў дэмакратычных краінах – але трэба вельмі ўзважана ставіцца да сваіх словаў. Спрабуючы распаліць канфлікт, вы, канешне ж, аддаляеце магчымасьць дыялёгу і кампрамісаў.

Акрамя таго, я хацеў бы падкрэсліць, што адказнасьць заўсёды ляжыць на абодвух баках. Я памятаю таталітарную сістэму ў Савецкім Саюзе, дзе апазыцыя ня толькі ня мела доступу да тэлебачаньня, але і да газэтаў, улётак, да плошчаў – яна мела доступ толькі ў лягеры. Але нават у гэтых умовах дысідэнты гаварылі аб негвалтоўнасьці як ключавым прынцыпе зьмены палітычнай сыстэмы. Усе тыя, хто намагаецца выкарыстаць гвалтоўныя сродкі для дасягненьня палітычных мэтаў, асуджае сваю краіну на сумную долю”.

(Цыганкоў: ) “Дзякуй. Тут быў згаданы савецкі час, але можа варта ўзгадаць і румынскі варыянт – там давялося вырашаць праблему ўлады ня мірнымі сродкамі”.
(Ігруноў: ) “У Беларусі сёньня зусім іншыя ўмовы. Вы можаце чытаць ня толькі свае, але і замежныя, у тым ліку і расейскія, газэты, распаўсюджваць улёткі, вы можаце зьбірацца на плошчы і выказваць сваю думку – усё гэта магчыма, і параўноўваць гэта з Румыніяй і тым больш з фашыстоўскай Нямеччынай – гэта ня толькі безадказна, але й злачынна”.

(Цыганкоў: ) “Я проста прывёў Румынію як прыклад, дзе давялося вырашаць пытаньне ўлады ня мірнымі сродкамі, бо іншага выйсьця не было…”

(Ігруноў: ) “Так, але да Беларусі гэта дачыненьня ня мае”.
(Цыганкоў: ) “Да гэтага можа дайсьці…”

(Падгол: ) “У Менску былі арыштаваныя каля 10 чалавек, якія спрабавалі, як кажа наш шаноўны госьць з Масквы, распаўсюджваць улёткі. І іх арыштоўваюць амаль праз кожны дзень. Маладыя хлопцы, якія распаўсюджвалі газэту “Навіны”.

(Ігруноў: ) “Ну і цудоўна, ну і няхай сядяць, адседжваюць свой тэрмін, выходзяць і пратэстуюць зноў. Я паўтараю – савецкія дысідэнты за стос улётак атрымлівалі 10 гадоў. Яны выходзілі пасьля гэтага зь лягеру, і зноў працягвалі гэта рабіць. Але пры гэтым, яны ў нікога не стралялі, у нікога ня кідалі камянямі, нікому не ламалі рукі”.

(Падгол: ) “Можна пытаньне задаць сяб… . госьцю з Масквы? Калі парушаецца Канстытуцыя і страчваецца незалежнасьць, напрыклад, Беларусі? Якія мэтады мусіць ужываць апазыцыя?”

(Ігруноў: ) “Любыя пратэсты, якія не дапускаюць насільля”.

(Падгол: ) “Гэта значыць, з улёткамі можна хадзіць, а бараніць незалежнасьць краіны нельга – сілавымі мэтадамі? Вось, напрыклад, Ельцын і Лукашэнка падпішуць дамову…”

(Ігруноў: ) “Нічога. Нічога страшнага. Недапушчальна якія б не было мэты і каштоўнасьці праводзіць праз кровапраліцьцё і насільле. Мы гэтага не дапускаем”.

(Цыганкоў: ) “Я думаю, мы высьветлілі пазыцыі ў гэтым пытаньні. Уладзімер і Вячаслаў, дзякуй вам яшчэ раз – я думаю, у гэтым асьпэкце можна паставіць кропку. Дазвольце, я вазьму дыскусію ў свае рукі і мы пяройдзем да іншых тэмаў нашай агульнай размовы.

Захад, у адрозьненьне ад Расеі паставіўся да “Маршу Свабоды” адназначна, асудзіўшы гвалтоўныя дзеяньні праваахоўных воргнаў. Але на гэтым тыдні прагучалі і новыя матывы – чатыры амэрыканскія сэнатары з камісіі ў справах АБСЭ заявілі, што падтрымка Расеяй дыктатуры ў Беларусі не супадае з нацыянальнымі інтарэсамі ЗША, і паставілі пытаньне, чаму Расея, якая атрымлівае амэрыканскія крэдыты, падтрымлівае дыктатуру ў Беларусі. Ян, скажыце, ці можна чакаць, што пазыцыя Амэрыкі і ўвогуле Захаду можа стаць больш жорсткай у дачыненьні ня толькі да беларускай дыктатуры, але й маскоўскай падтрымкі беларускай улады?”

(Максімюк: ) “Што тычыцца заяваў з Амэрыкі ды Эўропы – несумненна, пазыцыя заходніх дэмакратыяў стане больш жорсткай у адносінах да Беларусі. Магчыма, беларускае пытаньне Амэрыка паставіць у дыскусіях з Масквою, нават калі будуць дыскутавацца далейшыя крэдыты, але я ня думаю, каб гэта мела нейкае вырашальнае значэньне, і каб на гэта Расея адрэагавала як на нейкую пагрозу для сваіх інтарэсаў. На жаль, трэба сказаць, што Беларусь ёсьць у эўрапейскай і сусьветнай палітыцы закладнікам нечага большага. Калі НАТО атакавала Югаславію, Лукашэнка ўціскаў апазыцыю і праводзіў сваю палітыку славянскай інтэграцыі. Тады беларуская апазыцыя стала як бы ахвярай гэтых бамбаваньняў”.

(Цыганкоў: ) “Ці можна лічыць, што цяпер міжнародная сытуацыя больш спрыяльная для беларускай апазыцыі?”

(Максімюк: ) “Я ня думаю. Усёж-такі прыярытэтам Захаду ў адносінах з усходам ёсьць перш за ўсё Расея, і менавіта на расейскія інтарэсы заходнія палітыкі зьвяртаюць увагу. Калі йдзецца пра маральныя заявы і націск, то ён, напэўна, стане больш жорсткім. Калі ж гаварыць пра канкрэтныя крокі, якія дапамаглі б дэмакратыі ў Беларусі, дык тут я сумняваюся”.

(Падгол: ) “Я хацеў бы паспрачацца. Ну першае, такі пабытовы факт. На наступны дзень пасьля 17 кастрычніка пазваніў мой знаёмы палкоўнік ЦРУ са Злучаных Штатаў. Ён прытрымліваўся больш прарасейскай пазыцыі што да Беларусі, чым самі расейцы. Ён казаў: на Беларусі мусіць быць стабільнасьць, вы ўвогуле прыціхніце, не выступайце. Ён шчыра гэта казаў, гэта яго прынцыповая пазыцыя. Але 18-га ён пазваніў і з такім хваляваньнем пытаў: як там вашае паўстаньне, жывы? здаровы? посьпехаў вам і г.д. Я быў уражаны гэтай зьменай.

Я хачу крышку сказаць за Толю Лябедзьку, які сядзіць зараз, і за Статкевіча, які таксама сёньня сядзіць. Статкевіч адварочваў дэманстрантаў ад міліцыі. Ён у мэгафон крычэў, што трэба разыйсьціся. Яго паслухаліся і пачалі разыходзіцца, пасьля чаго дэманстрантаў пачалі біць. Атрымалася, што Статкевіч, як палітычна адказны лідэр, падставіў нашых хлопцаў пад удары дубінак.

Злучаныя Штаты, паводле маіх звестак, ніколі не здадуць незалежнасьць Беларусі. І тая дамова, якую зьбіраюцца падпісаць Ельцын і Лукашэнка, будзе проста паперкай. Нелегітымны прэзыдэнт будзе падпісваць, нелегітымны парлямэнт ратыфікаваць.

Лябедзька быў у ЗША і сустрэўся прыкладна з 60 сэнатарамі і быў у Дзярждэпартамэнце. Адназначная пазыцыя – Беларусь была й будзе незалежнай. І гэта надае нам сілы на любыя сродкі і дзеяньні”.

(Цыганкоў: ) “Які ўплыў падзеі 17 кастрычніка могуць аказаць на вечную інтэграцыйную тэму? Ёсьць меркаваньне, што кадры Маршу Свабоды, што называеца, кінуць Лукашэнку ў адбымкі Масквы. Глядзіце, маўляў, у нас такія страшныя антырасейскія нацыяналісты. Давайце, дапамагайце хутчэй мне, а то яны прыйдуць да ўлады.

Вячаслаў Ігруноў, калі ласка, ваша стаўленьне і стаўленьне фракцыі “Яблоко” да праекту дамовы і ўвогуле да тэмы беларуска-расейскай інтэграцыі”.

(Ігруноў: ) “Адразу магу сказаць, што мы лічым Прэзідэнта і парлямэнт Беларусі нелегітымнымі ворганамі і падпісаньне Дамовы паміж Лукашэнкам і Ельцыным з нашага пункту гледжаньня ўспрымаецца як незаконнае, якое ня мае сілы. Разам з тым, фракцыя “Яблоко” заўжды заяўляла пра сваю прыхільнасьць працэсам інтэграцыі, што збліжэньне Беларусі і Расеі зьяўляецца стратэгічным інтарэсам нашых брацкіх народаў. Што тычыцца ўплыву на гэты працэс дэманстрацыі, то магу адразу сказаць, што большасьць расейскіх грамадзян цяпер з большай увагай стала ставіцца да гэтых працэсаў. Прыхільнікаў збліжэньня Беларусі і Расеі стала больш, і палітычныя сілы, нават тыя, якія працівіліся інтэграцыі, цяпер сталі ставіцца да гэтага інакш. То бок, збліжэньне Беларусі і Расеі стала больш прымальным для Расеі зараз, чым гэта было яшчэ тыдзень таму”.

(Цыганкоў: ) “Але я маю перад сабой дадзеныя самага апошняга апытаньня, якое правёў у Расеі з 15 да 19 кастрычніка ВЦИОМ. На пытаньне, якая форма дачыненьняў з Беларусьсю найбольш адпавядае зараз інтарэсам Расеі, адказалі: адзіная дзяржава з адзінымі законамі і адзіным прэзідэнтам -- 33 адсоткі расейцаў, канфэдэрацыя дзяржаваў – 14 адсоткаў, добрасуседскае супрацоўніцтва дзвюх незалежных дзяржаваў – 37%. Дык ці маем мы права гаварыць, што колькасьць прыхільнікаў адзінай дзяржавы павялічылася?”

(Ігруноў: ) “Самае галоўнае, што тыя людзі, якія схіляюцца да інтэграцыі, сталі дзейнічаць больш актыўна і ўпэўнена. Акрамя таго, калі ўзяць у сукупнасьці прыхільнікаў адзінай дзяржавы альбо саюза дзьвюх дзяржаваў, вы ўбачыце, што іх больш за прыхільнікаў супрацоўніцтва незалежных дзяржаваў. Але і гэта яшчэ ня ўсё.

На сёньня Францыя і Нямеччына зьяўляюцца незалежнымі дзяржавамі, аднак яны ўдзельнікі адзінай эўрапейскай супольнасьці. Для многіх людзей, як, напрыклад, “яблачнікі”, якія лічыць, што дзяржавы павінны заставацца незалежнымі, тым ня меньш пэрспэктыва збліжэньня паводле такога ж узору, як у Заходняй Эўропе, ёсьць найбольш прыймальная. Знаходзячыся ў групе прыхільнікаў дзвюх незалежных дзяржаваў, мы, тым ня менш, зьяўляемся прыхільнікамі інтэграцыі і стварэньня агульных наднацыянальных структураў. Яны, канешне, выключаюць стварэньне інстытута прэзідэнцтва нашага саюзу, але, тым ня меньш, асабіста я ёсьць прыхільнікам стварэньня агульнага парлямэнту. Ня бачу ў гэтым нічога дрэннага – калі існуе эўрапейскі парлямэнт, можа існаваць і парлямэнт Беларусі й Расеі”.

(Цыганкоў: ) “Дзякуй, цяпер меркаваньне з Прагі. Ці кінуць апошнія падзеі Аляксандра Лукашэнку ў больш моцныя абдымкі Масквы?”

(Максімюк: ) “Я думаю, што ўсё залежыць ад таго, хто як разумее інтэграцыю. Нават большасьць беларусаў, калі іх запытаць, ці яны за эканамічную інтэграцыю Беларусі з Расеяй, пры захаваньні палітычнага сувэрэнітэту, большасьць напэўна адказала б “так”. Але сёньня, пры палітыцы Аляксандра Лукашэнкі, беларусы зразумелі, што інтэграцыя ня толькі ідзе пра эканоміку, якая магла б быць карыснай для Беларусі, але хутчэй за ўсе пра палітычную інтэграцыю. І таму большасьць беларусаў супроць такой інтэграцыі. Сёньня 37% беларусаў па ўсёй краіне сказала б на рэферэндуме “не” адзінай дзяржаве Беларусі і Расеі, 35% сказала б “так”.

Я думаю, што трэба нам зьвярнуць увагу на адну істотную рэч, якая расейцаў напэўна ўразіла. Тое, што інтэграцыя праводзіцца Лукашэнкам у такой фарсіраванай форме, гэта паволі пачынае спараджаць у Беларусі фэномен, што беларусы праз лукашэнкаўскую інтэграцыю пачынаюць рабіцца антырасейскімі. Падчас гэтай дэманстрацыі ўдзельнікі ня толькі спалілі праект дамовы, яны таксама спалілі расейскі сьцяг, – і гэта не магло не крануць расейцаў.

Беларусы, якіх у Расеі грамадзская думка трактуе як крышку іншы гатунак расейцаў (паводле старога савецкага анэкдоту: беларус такі ж самы расеец, толькі троху вышэйшага “качества”). Я думаю, цяпер думка расейцаў пра беларусаў трошкі зьмянілася. І я хачу зьвярнуць увагу на тое, што такіх настрояў антырасейскіх у Беларусі не было перад тым, як Аляксандр Лукашэнка дайшоў да ўлады. Пяць гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнкі зрабіла тое, што хлопцы, якім сёньня па 16-18 гадоў, гатовыя спальваць расейскі сьцяг і, ну… займаюць русафобскую пазыцыю”.

(Падгол: ) “Ідзе вельмі цікавая гульня. На мой погляд, каманда Ельцына правакуе нас, апазыцыю, зрабіць яшчэ больш моцныя выступленьні і падвесьці іх да падпісаньня гэтай дамовы. Дамову зьбіраюцца падпісваць 25 лістападу, а 24-га – гэта пэўная гадавіна канстытуцыйнага перавароту 1996 году, лістападаўскі рэфэрэндум, які быў цалкам сфальсіфікаваны.

Калі б каманда Ельцына не хацела нас справакаваць і праваліць гэтае падпісаньне, яны б разьнесьлі дату 24-га і 25-га. Яны падпісвалі б праз тыдзень, два, тры – зрабілі б паўзу. У нас бы сілаў не хапіла і тады і тады выступаць. Ельцын усё гэта падводзіць, ён цудоўна ведае, што і ЗША і Эўразьвяз і АБСЭ прызнаюць легітымнасьць Вярхоўнага Савету, і не прызнаюць той рэфэрэндум.
Адпаведна мы ж атрымаем падтрымку ўсёй Эўропы ў гэтыя дні!

Так што я лічу, што каманда Ельцына зрабіла ўсё, каб сарваць падпісаньне гэтай дамовы і ні пра якія абдымкі размова ня йдзе”.

Віталь Цыганкоў, Прага

XS
SM
MD
LG