Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская сыстэма адукацыі. </font> Удзельнікі: прэзыдэнт Таварыства Беларускае Школы Алесь Лозка й рэктар беларускага недзяржаўнага Інстытуту фінансаў, эканомікі й кіраваньня Генадзь Пятроўскі. &nbsp;(эфір&nbsp;29.08.1999).


Аўтар і вядучы Віталь Цыганкоў.

Напярэдадні пачатку навучальнага году мы хацелі б закрануць шырокі спэктар праблемаў, зьвязаных з беларускай сыстэмаю адукацыі, як вышэйшай, так і сярэдняй.

Але перш чым перайсьці да канкрэтных пытаньняў, давайце пачнем нашую гутарку з агульнай ацэнкі стану адукацыі ў Беларусі. Як выглядае беларуская сыстэма адукацыі ў параўнаньні з суседнімі краінамі ды эўрапейскім ўзорамі, якія зьмены адбыліся ў ёй за апошнія гады? Што яны больш прынесьлі – станоўчага ці адмоўнага, ці падвысілі яны ўзровень навучаньня ў беларускіх школах ды ВНУ?

(Пятроўскі: ) «Я быў у свой час і знаёміўся з сыстэмамі адукацыі шэрагу эўрапейскіх краінаў, ЗША, і хацеў бы засьведчыць, што беларуская сыстэма адукацыі ў цэлым адпавядае сусьветнаму ўзроўню. Гэта тычыцца, на мой погляд, у першую чаргу дзейнасьці педагогаў і якасьці ведаў вучняў па прадметах прыродазнаўчага кірунку. Сьведчаньне таму – посьпехі нашых вучняў на ўсясьветных Алімпіядах у гэтых прадметах.

Але калі параўноўваць нашую сыстэму адукацыі з эўрапейскімім краінамі, то трэба вызначыць і некалькі праблемаў, дзе нам трэба было б хутчэй рухацца наперад у тым накірунку, у якім у свой час ішлі гэтыя краіны.

Першая – гэта праблема гуманітарнае кампаненты адукацыі, скіраванасьць школы на фармаваньне людзей з «тварам не агульнага выразу». Тут пэўныя зрухі былі, але працаваць у гэтым кірунку трэба яшчэ вельмі шмат.

Другая праблема – гэта нізкая арыентацыя нашай сыстэмы адукацыі на нацыянальна-культурныя каштоўнасьці. Але гэта тэма асобнае размовы – мабыць, крыху пазьней пра гэта пагаворым.

Ну й на мой погляд, трэба больш настойліва адыходзіць ад пэдагогікі прымусу да пэдагогікі супрацоўніцтва. Аднак я хачу яшчэ раз засьведчыць – негледзячы на гэтыя праблемы, у цэлым, паводле ведаў вучняў і студэнтаў, беларуская сыстэма адукацыі адпавядае сусьветнаму ўзроўню».

(Лозка: ) «Я таксама хацеў бы падтрымаць гэтую думку, што, сапраўды, веды нашых вучняў адпавядаюць эўрапейскаму ўзроўню. Адзінае, што хочацца сказаць пра наш вялікі клопат, нашую вялікую бяду – мы не адпавядаем Эўропе ў тым, што нашмат, і магчыма, безнадзейна адсталі ад іншых краінаў, нашых суседзяў у тым, што адмовіліся ад сваёй роднай мовы. Мы вельмі дэградавалі ў гэтым пытаньні».

(Вядучы: ) «Год таму было ўрачыста абвешчана пра пачатак рэформы агульнаадукацыйнае школы. Увогуле, просты грамадзянін мала што ведае пра сутнасьць гэтае рэформы, хіба толькі тое, што цяпер у школе трэба будзе вучыцца 12 гадоў. Што прынесла і яшчэ прынясе гэтая рэформа? Задаючы гэтае пытаньне, я хачу нагадаць, што Генадзь Пятроўскі ў свой час працаваў намесьнікам міністра адукацыі і быў зьняты пасьля сумнавядомае гісторыі зь беларускамоўнымі школьнымі падручнікамі».

(Пятроўскі: ) «Рэформа той сыстэмы адукацыі, якую мы атрымалі ад СССР, была вельмі патрэбная. Па сутнасьці, яна пачалася яшчэ з 1989 году, з той пары, калі міністрам адукацыі быў Міхал Іванавіч Дзямчук. У той час стварыліся так званыя першыя навучальныя ўстановы новага тыпу – ліцэі, гімназіі, беларускія гімназіі. Гэта быў крок у разьняволеньні нашае сыстэмы адукацыі. Працягвалася яна й калі міністрам быў Гайсёнак. Адбыліся значныя зьмены ў зьмесьце адукацыі.

Я хачу нагадаць, што ў той час вельмі палепшылася стаўленьне да беларускамоўнае кампаненты адукацыі, да адукацыі, зьвязанае з нацыянальна-культурнымі каштоўнасьцямі. Вось толькі адзін прыклад. Калі мы ў 1988-89 годзе мелі толькі 24 гадзіны на курс гісторыі БССР, то ўжо ў 1993 годзе ў школы прыйшоў асобны курс гісторыі Беларусі з 5-га па 11-ы клясы. І такіх прыкладаў я бы мог прыводзіць вельмі шмат. Адбыліся й зьмены, зьвязаныя з асабовай арыентацыяй адукацыі, менавіта ў той час зьявілася й паступова пачала разьвівацца недзяржаўная кампанэнта. Таму я яшчэ раз хачу падкрэсьліць – рэформа была, і яна пачалася не з 1994 года. Яна пачалася прыблізна з 1989 года.

Калі гаварыць пра тую рэформу, што адбываецца сёньня, як яна была ўрачыста абвешчаная ў 1994 годзе, то зь яе сапраўднага зьдзяйсьненьня прайшоў толькі адзін год. У мінулым годзе пачалося навучаньне дзяцей з 6 гадоў. Дрэнна на мой погляд, што дагэтуль я ня бачу 12-гадовага вучэбнага пляну, зьместу адукацыі на ўсе гэтыя 12 гадоў, таму мне вельмі цяжка абмяркоўваць, што будзе ў той час, калі рэформа будзе рэалізаваная.

Яшчэ адно, што я хацеў бы падкрэсліць і падтрымаць у гэтым Лозку – хаця гэта не рэформа, але вынік таго, што адбывалася за апошнія гады – значнае памяньшэньне беларускамоўнае адукацыі. Калі ў 1994-95 навучальным годзе ў Беларусі было каля 70 адсоткаў беларускамоўных вучняў у першых клясах, то сёньня, наколькі я ведаю, гэтая лічба ўпала да 25 адсоткаў, і гэта толькі сельскія дзеці. У гарадах фактычна не засталося беларускамоўных клясаў. Таму гэта не непасрэдная дзейнасьць рэформы, але, нажаль, гэты факт адбыўся ў той жа час, калі праходзіла рэформа».

(Вядучы: ) «Спадар Лозка, беларускамоўнасьць беларускай школы, безумоўна, зьяўляецца галоўным непакоем для вашай арганізацыі – ТБШ. Скажыце, якія ёсьць лічбы на сёньня – колькі будзе беларускамоўных школаў сёлета з 1 верасьня?»

(Лозка: ) «Безумоўна, пакуль яшчэ такіх канкрэтных лічбаў няма нават у міністэрстве адукацыі – тым больш у нас. Аднак, гледзячы па тым, як ідзе набор у першыя клясы, як зачыняюцца пятыя, нават распадаюцца дзявятыя, дзясятыя – то хачу сказаць, што зноў адбудзецца падзеньне. Сапраўды, лічбы вельмі ўражваюць. Скажам, у 1993-94 гадах ажно 76 адсоткаў дзяцей прымалася ў першыя беларускамоўныя клясы, а мінулы год – 9,7 адсоткі, у Менску – 4,7. Цяпер у першыя беларускамоўныя клясы ў сталіцы Беларусі прымалі толькі некаторыя школы, нягледзячы на тое, што гавораць пра нейкую роўнасьць беларускае і расейскае моваў. У кожным раёне было прыблізна дзьве вызначаныя школы, у якіх вёўся прыём у першыя беларускамоўныя клясы.

Безумоўна, шмат чаго залежыла ад бацькоў. Калі бацькі разам зь дзецьмі выходзілі на нейкія мітынгі і пікеты, то некаторыя клясы былі адстаяныя».

(Вядучы: ) «Існуе меркаваньне, якое выказваюць, напрыклад, прадстаўнікі міністэрства адукацыі, што сапраўды, у 1996-97 гадах пасьля рэфэрэндуму быў такі моцны адкат, а цяпер ўжо на ніжэйшым узроўні сытуацыя нібыта стабілізавалася, і зараз колькасьць беларускамоўных клясаў не зьніжаецца, а дзе-нідзе, асабліва ў вясковай мяйсцовасьці зноў пачала расьці ў параўнаньні зь мінулым годам. Ці вы бачыце такую тэндэнцыю?»

(Лозка: ) «Не, такой тэндэнцыі не назіраецца. Наадварот, раней такога не было, каб беларускія школы зачыняліся ў вёсках і пераводзіліся на расейскую мову. А цяпер мы маем такія, ужо афіцыйныя факты, калі па 20-30 школаў зачыняецца ў вёсках. Нават усім вядомая школа ў Вязынцы, дзе нарадзіўся Янка Купала – і тая ўжо стала расейскамоўнай. Аб павелічэньні ня можа йсьці гаворкі.

Дарэчы, вяртаючыся да тэмы рэформы – я лічу, што асноўная рэформа яшчэ наперадзе. Нешта трэба зрабіць так, каб школа сапраўды стала нацыянальнай».

(Вядучы: ) «Магчыма, пра некаторыя вынікі школьнае рэформы ўскосна можа сьведчыць наступны факт, пра які зараз шмат гавораць у дзяржаўнай прэсе. Як вядома, кантрольная дзяржаўная камісія, якая інспэктавала ўступныя іспыты ў ВНУ, адзначыла вельмі нізкі ўзровень абітурыентаў. Шмат хто, нават выдатнікі, атрымалі нездавальняючыя адзнакі. У чым тут справа – ці сапраўды ў школах завышаюць адзнакі, ці кантрольныя камісіі занадта строга выконвалі сваю ролю, імкнучыся давесьці сваю неабходнасьць?»

(Пятроўскі: ) «На мой погляд, аніякага значнага зьніжэньня або пагаршэньня ўзроўню ведаў выпускнікоў агульнаадукацыйных школаў у вапошнія гады не назіралася. Што адбылося і што не заўважыла дзяржаўная камісія? У 85-м, 87-м, 90-м гадох конкурс, нават у найбольш прэстыжныя ВНУ, ніколі не пераўзыходзіў 2-3 чалавек на мейсца. На ўступныя іспыты йшлі толькі тыя, хто на самой справе арыентаваўся толькі на вышэйшую адукацыю, бачыў сябе толькі ў ВНУ, то сёньня, з-за адсутнасьці працоўных мейсцаў у горадзе, працягваць адукацыю пасьля заканчэньня сярэдняе школы ймкнуцца практычна 100 адсоткаў выпускнікоў агульнаадукацыйнае школы. І вось тая частка выпускнікоў, якая раней паводле сваіх ведаў нават і не марыла пра паступленьне ў ВНУ, сёньня выходзіць на ўступныя іспыты, і атрымоўвае тое, што й мусіць атрымаць, што атрымоўвала б і ў 85-ым, і ў 90-м годзе.

Ёсьць таксама іншыя абставіны. Школа заўсёды ацэньвае вучня ня толькі паводле тых ведаў, якія ён прадэманстраваў на іспытах за 15 хвілінаў. Школа бачыла яго 10-11 гадоў, яна можа адказаць, ці рэалізаваў ён свой патэнцыял. Школа й прыёмныя камісіі ў ВНУ маюць розныя кірункі інтарэсаў. Прыёмная камісія, калі 5-6 чалавек прэтэндуе на адное мейсца, мае задачу не «прыняць» у ВНУ, а наадварот – «не прыняць», адсеяць, паставіць нізкія адзнакі».

(Вядучы: ) «Але вось тое, што ўсе нашыя выпускнікі школаў рынуліся ва ўнівэрсытэты – гэта ў прынцыпе добры знак, ці гэта можна ацаніць неадназначна?»

(Пятроўскі: ) «Я лічу так: чым большы ўзровень адукаванасьці насельніцтва, тым лепш будзе ў гэтым грамадзтве жыць. Адукацыя яшчэ нікому ня шкодзіла. Але тут ёсьць іншы бок мэдаля – сёньня на самой справе ў ВНУ рынуліся тыя, хто ў ВНУ вучыцца не мусіць паводле ўзроўню сваіх ведаў. Але яны ймкнуцца туды паступіць, бо што іншае мы можам ім прапанаваць?»

(Вядучы: ) «Іншае – і пра гэта мы пагаворым далей у нашай праграме – гэта недзяржаўная адукацыя. Ёсьць такое шырака распаўсюджанае меркаваньне, што там можна заплаціць і вучыцца, нават ня маючы нейкіх асаблівых ведаў. Генадзь Мікалаевіч, вы якраз прадстаўляеце недзяржаўную ВНУ, – ці вы згодныя з такім меркаваньнем, што ў недзяржаўных могуць вучыцца людзі не самыя здольныя?»

(Пятроўскі: ) «Недзяржаўная сыстэма адукацыі сёньня выконвае вельмі важную сацыяльную ролю. Акрамя таго, што яна дае адукацыю прыблізна 30 тысячам студэнтаў – гэта не такая і малая лічба – яна гэтыя 30 тысячаў перавяла з вуліцаў ды нейкіх іншых ня вельмі добрых мейсцаў у сыстэму адуацыі, дзе яны знаходзяцца пад пэдагагічным узьдзеяньнем. Таму, на мой погляд, дзяржава павінна была б у значна большай ступені дапамагаць недзяржаўнай сыстэме адукацыі.

Ці можна ў нас, як кажуць, «стаць у чаргу за дыплёмам»? Не. І справа ня толькі ў тым, што мы такія прынцыповыя, што не хочам вучыць тых, хто не вучыцца. Ёсьць вельмі моцны й жорсткі дзяржаўны кантроль. Я тры гады працую рэктарам недзяржаўнае ВНУ. За гэты тэрмін нас 4 разы правярала дзяржаўная інспэкцыя. У тым ліку, у мінулым годзе праводзіліся зрэзы ведаў студэнтаў у правазнаўчых цыклях. І я хачу сказаць, што нават у тых жорсткіх умовах, у якія мы былі пастаўленыя – мы ня ведалі ні праграмы зрэзаў, мы толькі 4 прадметы ведалі, і атрымалі пытаньні за 5 хвілінаў да пачатку зрэзаў – 49 студэнтаў праходзілі гэтыя зрэзы па 4-х прадметах, у кожным выстаўлялася асобная адзнака, і толькі 2 нездавальняючыя сярод гэтых амаль 200 атрыманых адзнакаў. Дык вы мне адкажыце – ці гатовыя ў гэтым сэнсе з намі спаборнічаць дзяржаўныя ВНУ. У цэлым я лічу, што веды нашых студэнтаў прыблізна адпавядаюць ведам, што даюць дзяржаўныя ВНУ».

(Лозка: ) «Я згодны з гэтымі довадамі Генадзя Мікалаевіча, але, магчыма, усё ж такі зьніжэньне ведаў ёсьць. Чаму? Усё ж такі з-за таго, што бюджэтная сфэра церпіць у фінансавым сэнсе, настаўнікі атрымліваюць менш грошай, многія зь іх ідуць працаваць да таго ж Генадзя Мікалаевіча ў недзяржаўную ВНУ, дзе плацяць трохі больш. Лепшыя настаўнікі адыходзяць са школы. Таму, можа быць, і адбылося нейкае зьніжэньне ведаў».

(Вядучы: ) «Цяпер ужо й сярэдняя адукацыя фактычна не зьяўляецца бясплатнай. Колькі трэба грошай, каб накіраваць дзіцё ў школу?»

(Лозка: ) «Я надоечы зайшоў на школьны кірмаш паглядзець, колькі каштуе вопратка, ранцы ды гэтак далей. Вось школьная форма – мне падалося, ёсьць там нават танная – касьцюм за 4-5 мільёнаў. Ранец каштуе 5-6 мільёнаў. І я налічыў прыблізна, што бацькам трэба заплаціць прыблізна 20 мільёнаў (40 даляраў на чорным рынку) плюс платныя падручнікі. А многія зарабляюць 10-15 мільёнаў. Так што аднаго заробку на адно дзіцё не хапае – трэба два й болей. Вось такія несуцяшальныя падлікі».

(Цыганкоў: ) «Віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Замяталін, выступаючы днямі на калегіі міністэрства адукацыі, заявіў наступнае: мы не мусім дапусьціць дэідэялягізацыі сыстэмы адукацыі, мы ніколі не адпусьцім з поля зроку рэформу школы. Па-вашаму – ці мусіць школа толькі вучыць, ці таксама яшчэ й выхоўваць, як гэта рабілася ў савецкай школе – выхоўваць на глебе нейкае ідэялёгіі?»

(Пятроўскі: ) «Калі мы гаворым «дэідэялягізацыя школы», трэба вельмі жорста адказваць, што пад гэтымі тэрмінамі маецца на ўвазе. Бо бяз гэтага мы будзем гаварыць пра розныя рэчы, не разумеючы адзін аднаго. Сыстэмы адукацыі, якая не грунтуецца а ні на якой ідэялёгіі – не йснуе ў сьвеце. Кожная сыстэма адукацыі працуе на нейкай ідэялёгіі. Але што гэта за ідэялёгія? Вельмі часта ў гэтым сэнсе гэта ідэялёгія пэўных палітычных колаў.

На мой погляд, школа мусіла была б вызначыцца з дапамогаю грамадзтва вось у чым. Негледзячы на йснаваньне розных ідэялягічных сыстэмаў, ва ўсіх іх ёсьць аднолькавае ядро. Тое, што называем агульначалавечымі каштоўнасьцямі. Вось гэта агульнае для ўсіх ідэялёгіяў ядро павінна абавязкова прысутнічаць у школе. Бо мы мусім выхоўваць у нашых вучняў пэўную сыстэму каштоўнасьцяў, маральных арыентыраў – без гэтага школа нікуды ня пойдзе.

Але вось тыя рэчы, якія ў розных ідэялёгіях розныя – то тут я катэгарычна супраць, каб нейкая ідэялёгія атрымлівала нейкія прывілеі ў сыстэме адукацыі. Вучань мусіць мець магчымасьць атрымаць узважаную інфармацыю аб розных поглядах на розныя зьявы, каб ён сам зрабіў выснову, якая ідэялёгія для яго падыходзіць.

Вельмі важна магчымасьць атрымаць узважаную інфармацыю – ня тое, каб пра рэлігійныя погляды на сьвет нам распавядалі перакананыя атэісты. Інфармацыю пра любую дапушчальную ў грамадзтве ідэялягічную сыстэму – тое, што не забаронена законам. Аніякага доступу туды фашызму, чалавеканенавіснай ідэялёгіі, нацыяналізму не павінна быць. Але тым ня менш пра кожную нават з гэтых ідэялёгіяў вучань мусіць мець магчымасьць атрымаць узважаную інфармацыю. У нейкім сэнсе, нават ад яе носьбітаў».

(Вядучы: ) «А ідэялёгія беларускага патрыятызму павінна быць у беларускай школе?»

(Пятроўскі: ) «Я, і ў той час, калі працаваў у міністэрстве, і зараз застаюся прыхільнікам беларускага нацыянальна-патрыятычнага выхаваньня. Людзі, якія жывуць на гэтай зямлі, мусяць ведаць і любіць беларускую гісторыю. Яны мусяць ведаць, што першадрукаром ва ўсходнім славянстве быў не Іван Фёдараў, а нехта іншы, а Фёдараў – толькі ягоны вучань. Таму я яшчэ раз кажу – трэба вельмі ўзважана й дакладна ставіцца да гэтага. А ў нас – як толькі пачынаюць гаварыць пра беларускую нацыянальна-культурную арыентацыю – адразу кляймо: нацыяналіст, ды ўсё на гэтым скончана. На мой погляд, гэта недапушчальна».

(Лозка: ) «Я таксама згодны, што сапраўды ў нас цяпер блытаюць паняцьці патрыятызму й нацыяналізму, трактуюць зусім па-свойму. Мы тут узгадвалі Замяталіна. Ён у адмысловай дакладной запісцы піша: «до сих пор в гуманитарно-общественной сфере существуют дискуссии о той или иной трактовке белорусской истории”. Нібы атрымліваецца, што ўсё ў гісторыі ў нас вядома й зразумела. Трэба дыскутаваць. Шкада, безумоўна, што ў нас няма сваёй вялікай трыбуны, як тэлебачаньне, радыё, дзе можна было б выказаць іншыя погляды. ТБМ і Таварыства Беларускай Школы праводзіць 8 верасьня мітынг, прысьвечаны ў тым ліку й абароне беларускамоўнага навучаньня».

Віталь Цыганкоў

XS
SM
MD
LG