Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэрспэктывы выбарчага працэсу і дэмакратыі ў Беларусі.


Удзельнікі: сябра палітычнай Рады АГП Міхал Пліска, дэпутат ВС Валеры Шчукін, аналітык радыё “Свабода” Ян Максімюк.

(эфір 20.02.2000)

Аўтар і вядучы Віталь Тарас.

Падпісаньне Аляксандрам Лукашэнкам Выбарчага кодэксу выклікала рэзка нэгатыўную рэакцыю на Захадзе. Дакладчык у справе Беларусі Парляманцкай асамблеі Рады Эўропы Вольфганг Бэрэндт выказаў у інтэрвію нашай радыёстанцыі расчараваньне з гэтай прычыны. А намесьніца кіраўніка дэлегацыі Эўрапарляманту ў сувязях зь Беларусьсю ды іншымі краінамі СНД Элізабэт Шродтэр сказала нават – і гэтая заява таксама прагучала ў інтэрвію беларускай рэдакцыі радыё “Свабода” – што гэтае рашэньне ставіць пад сумнеў “вяртаньне Беларусі да дэмакратыі мірным шляхам”.

Нагадаем, што прычынай такой рэакцыі сталася ігнараваньне ўладамі меркаваньня апазыцыі ды АБСЭ наконт выбарчага заканадаўства. У той самы час падалося, што з боку палітычных партыяў у Беларусі рэакцыя была менш жорсткай. Таму пытаньне, найперш, да маіх суразмоўцаў у Менску: ці сапраўды гэта так? Наколькі вядома, кожная партыя будзе самастойна вырашаць – удзельнічаць ці ня ўдзельнічаць у выбарах. Але ці ёсць нейкая агульная пазыцыя ў гэтым пытаньні?

(Пліска: ) “Я ня думаю, што некаторыя з палітычных партыяў будуць прымаць удзел у выбарах, калі яны будуць праходзіць па тым выбарчым кодэксе, які падпісаў сп. Лукашэнка. І справа ня толькі ў выбарчым кодэксе, але й ў паўнамоцтвах парляманту, які павінен быць абраны ўвосень. І акрамя таго, не выконваюцца іншыя прадметы перамоваў. Я маю на ўвазе стварэньне клімату даверу й доступ да дзяржаўных СМІ.

Магу дадаць, як адзін з прыстуных на паседжаньні Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў у якасьці кіраўніка экспэртнай групы, што пакуль што ўсе палітычныя партыі, якія ўваходзяць у гэтую кансультацыйную раду, падкрэсьлівалі, што яны ні ў якім разе ня будуць прымаць удзел у меркаваных выбарах, якія павінны адбыцца ўвосень бягучага году. І таму я ня думаю, што рэакцыя палітычных партыяў менш жорсткая, чымся рэакцыя заходніх міжнародных структураў. Уся справа ў тым, што апазыцыйныя палітычныя партыі не занадта верылі ў посьпех таго перамоўнага працэсу, які быў распачаты ўвосені мінулага году. А заходнія структуры – яны ўскладалі пэўныя надзеі на пасьпяховасьць гэтых кансультацыяў паміж уладамі й апазыцыйнымі партыямі. І таму, безумоўна, іх расчараваньне большае, чым палітычных партыяў і, безумоўна, адсюль іх больш жорсткая рэакцыя на тое, што адбылося.

Я думаю, што ў дадзеным выпадку асноўная задача палітычных партыяў – гэта захаваць тое адзінства, якое мелася напрыканцы мінулага году і на пачатку бягучага году, каб усё-ткі заняць у адносінах да выбараў адзіную пазыцыю. Калі б, напрыклад, было дасягнутае нейкае пагадненьне і апазыцыйныя партыі ўзялі б удзел у выбарах – тут, безумоўна, яны б ужо не выступалі адзіным фронтам. Гэта калі б, яшчэ раз падкрэсьліваю, выбары адбываліся на дэмакратычнай падставе ў дэмакратычны парлямант”.

(Шчукін: ) “Чаму нашая рэакцыя мяккая? Ды таму, што мы не сумняваліся, мы загадзя ведалі, што гэтыя перамовы скончацца нічым. Мы чакалі, што скончыцца гэтая справа гэтаксама. Чаму рэжым пайшоў на гэта? Лукашэнка правёў ужо два рэфэрэндумы, дамогся патрэбнага яму выніку, і ён разьлічвае на такі самы станоўчы вынік. Ён пайшоў ва-банк і будзе дамагацца любой цаной атрымаць перамогу ў надзеі, што Эўропа потым прызнае гэтыя выбары.

Што тычыцца выбараў, я, у адрозьненьне ад Міхаіла Пліскі, ня ўпэўнены, што ўся апазыцыя дружна будзе байкатаваць іх. Мне здаецца, трэба прымусіць рэжым зрабіць выбары галоснымі ды йсьці на іх”.

(Тарас: ) “Спадар Максімюк! Я хацеў бы запытацца ў Вас вось аб чым. Першая рэакцыя прадстаўнікоў Рады Эўропы і Эўрапарляманту – сп. Берандта і спадарыні Шродтэр – на прыняцьцё выбарчага кодэксу, перш за ўсё сп. Шродтэр, была вельмі эмацыйнай. Але ж, калі адкінуць эмоцыі, зь іхных выказваньняў вынікае, што Парляманцкая асамблея, іншыя эўрапейскія структуры, ня кажучы пра АБСЭ, лічаць, што яшчэ ёсць нейкі шанец – мабыць, апошні – на кампраміс паміж уладамі ды апазыцыяй. Чаму наогул Эўропа так зацікаўленая ў дыялёгу з рэжымам Лукашэнкі, ледзьве ня больш, чым сама апазыцыя? Чым вы гэта тлумачыце?”

(Максімюк: ) “Эўропа мае свае прынцыпы. Эўропа гэтымі прынцыпамі не паступіцца. Гэта, перш за ўсё, дэмакратызацыя новых незалежных дзяржаваў мірным шляхам. Я думаю, Менск яўна не разьлічыў рэакцыі Эўропы, бо ў Менску людзі прызвычаіліся крыху да іншага палітычнага дыскурсу. Калі хтосьці ў палітычнай прамове не ўжывае такіх словаў як “отреб”е”, “адмарозкі”, “подонки” і г. д. – гэта значыць, што ён “мяккі”.

Я думаю, Менск таксама паглядзеў на тое, як рэагавала АБСЭ, як рэагавалі іншыя структуры ў часе гэтага зацяжнога перамоўнага працэсу, які так і не адбыўся, і дайшоў да высновы – па-мойму, памылковай – што Эўропа мяккая, што й гэтым разам усё праляціць для Лукашэнкі, і Эўропа прызнае выбары на падставе таго выбарчага кодэксу, які быў прыянты Лукашэнкам. Я ўпэўнены, што, скажам, Эўропа гэтага не прызнае. Хіба што Эўропа выкажа гэта ня так эмацыйна, як спадарыня Шродтэр ці спадар Берандт, а сваім культурным спакойным тонам”.

(Тарас: ) “Спадар Пліска, у чым сутнасьць тых зьменаў у выбарчым заканадаўстве, якія прапануе апазыцыя, і што мы маем у кодэксе, які падпісаў Лукашэнка. Я нагадаю нашым слухачам, што гэтай тэме быў прысьвечаны адзін з выпускаў Праскага Акцэнту. Але я прашу вас цяпер вельмі сьцісла, наколькі гэта магчыма, апісаць сутнасьць розьніцы падыходаў”.

(Пліска: ) “Экспэртная група ў пытаньнях закандаўства й канстытуцыйных пытаньнях падрыхтавала для Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў праэкт дакумэнту, які канчаткова павінен быць зацьверджаны сёлета напрыканцы лютага. Мы падсумавалі сем асноўных прынцыпаў, на якіх базуецца міжнародная выбарчая сыстэма ў цывілізаваных краінах, і адсочваем пункт за пунктам, параўноўваючы іх з выбарчым кодэксам: ён не адпавядае гэтым прынцыпам. Гэта калі коратка сказаць.

Асноўнае, з чым нязгодная апазыцыя – гэта, па-першае, прынцыпы фармаваньня выбарчых камісіяў. Уся справа ў тым, што дзяржава павінна трымацца нэўтралітэту ды роўна адносіцца да ўсіх кандыдатаў у дэпутаты. Але тое, што выканаўчая ўлада фактычна кантралюе працэс фармаваньня выбарчых камісіяў і менавіта ад яе пазыцыі залежыць склад выбарчых камісіяў, сьведчыць аб тым, што дзяржава зацікаўленая ў канчатковых выніках выбараў. Мы з гэтым ніяк ня можам пагадзіцца. Камісіі павінны быць плюралістычныя.

І акрамя таго, выбарчы кодэкс сфармуляваны так, што за нават самае невялічкае парушэньне выбарчага заканадўства, без папярэджаньня, выбарчая камісія можа скасаваць рэгістрацыю таго або іншага кандыдата ў дэпутаты. Безумоўна, гэта датычыцца будзе апазыцыйных кандыдатаў. Фактычна, палітычнай апазыцыі не гарантаваны нармальны, свабодны ўдзел у выбарах.

І яшчэ адзін пункт, зь якім мы цалкам нязгодныя й супраць якога мы будзем весьці барацьбу – гэта тое, што выбарчы працэс ня носіць адкрытага, галоснага характару. Фактычна, гэта будуць непразрыстыя, нетранспарэнтныя выбары. Гэта не адпавядае нормам эўрапейскага выбарчага права. Фактычна, нельга арганізаваць незалежнае грамдзкае назіраньне за працэсам выбараў і нельга правесьці паралельны падлік галасоў, каб засьведчыць, што выбары адбываліся без фальшаваньняў. Гэта асноўнае, што нас не задавальняе ў выбарчым кодэксе, хаця існуе яшчэ шмат іншых, можа, менш прынцыповых пазыцыяў, у якіх мы ня згодныя”.

(Тарас: ) “Спадар Шчукін! Партыя камуністаў беларуская, якая знаходзіцца ў апазыцыі да Лукашэнкі, дала зразумець, што яна будзе ўдзельнічаць у восеньскіх выбарах. Вядома, што рашэньні камуністы заўсёды прымаюць на пленумах і зьездах. Але што вам вядома пра настрой у камуністычных шэрагах, так бы мовіць – камуністы сапраўды маюць намер прымаць удзел у выбарах на якіх заўгодна ўмовах?”

(Шчукін: ) “Я маю зьвесткі, што камуністы будуць удзельнічаць. Ды ня толькі яны. Будуць удзельнічаць лібэралы Гайдукевіча. Будуць удзельнічаць прафсаюзы. Я ня веру ў тое, што ўдасца зарганізаваць байкот выбараў. Таму я хацеў бы, каб Эўропа дапамагла менавіта з пункту погляду арганізацыі кантролю за выбарамі. Вось на гэта трэба кінуць усе сілы. Калі будзе кантроль – тады можна казаць аб прызнаньні альбо непрызнаньні. Сёньня ўлада можа забясьпечыць які заўгодна вынік – хоць 101 працэнт за кожнага кандыдата, якога лічыць патрэбным”.

(Тарас: ) “Спадар Максімюк. На вашую думку, якія ўмовы правядзеньня выбараў Захад, Эўропа перш за ўсё, могуць прыняць як неабходныя й дастатковыя? Напрыклад, якія зьмены ў законе, ці ў практыцы ўраду павінны адбыцца, каб Захад сказаў – усё добра, абірайце новы парлямант, мы прышлем сваіх назіральнікаў і г.д.?”

(Максімюк: ) “Я думаю, першая й асноўная ўмова, на што ўсе зьвяртаюць увагу – гэта тое, каб беларускія апазыцыйныя партыі, тыя найважнейшыя партыі, якія бралі ўдзел у перамоўным працэсе, які гэтак зацягнуўся, заявілі, што яны гэты выбарчы кодэкс прызнаюць. І па-другое, пра што згадаў сп. Пліска і тое, што мне падаецца найважным у кодэксе, гэта магчымасьць кантролю за выбарамі, магчымасьць зьмінімізаваць, альбо ўвогуле выключыць шанец выканаўчай улады сфальшаваць выбары.

Гэта значыць, трэба, перш за ўсё, каб камісіі былі плюралістычныя, каб палітычныя партыі, якія захочуць прыняць удзел у выбарах, маглі б увесьці туды сваіх прадстаўнікоў на роўных з прадстаўнікамі выканаўчай і заканадаўчай улады. І гэта дзьве найважнейшыя ўмовы – згода апазыцыі плюс магчымасьць надзейнага кантролю за ходам і вынікамі выбараў”.

(Тарас: ) “Хацеў бы зьвярнуць увагу суразмоўцаў на цікавы дакумэнт, апублікаваны “Белорусской деловой газетой”. Я маю на ўвазе Зварот беларускага грамадзкага аб’яднаньня “Яблык”, які прапануе зьмяніць фармат перамоваў і правесьці іх у тры этапы. Па-першае, прапануе “Яблык”, трэба прызнаць усе перамовы якія вяліся дагэтуль “нулявым цыклям”. Далей прапануецца правесьці рабочыя кансультацыі наконт канчатковай рэдакцыі выбарчага кодэксу – праўда, незразумела, навошта, калі ён фактычна ўжо ўступіў у сілу. На другім этапе прапануецца ўзгадніць праэкт закону аб зьменах у тым самым выбарчым кодэксе – так бы мовіць, на будучыню. І трэці этап – дыялёг аб функцыях і паўнамоцтвах парляманту. Але гэты дыялёг, паводле “Яблыка”, пачнецца пасьля сёлетніх выбараў. Як вы ацэньваеце такі плян?”

(Пліска: ) “Калі дазволіце, я дадам некалькі словаў да той праблемы, якую мы закраналі трохі раней. Няхай ня цешыць сябе рэжым тым, што калі некаторыя палітычныя партыі, якія ўваходзяць у Кансультацыйную раду, прымуць удзел у выбарах, дык Захад іх (гэтыя выбары) прызнае. Успомніце – у выбарах у мяйсцовыя саветы прымалі ўдзел і камуністы, і ЛДПБ, але ж Захад не прызнаў вынікаў гэтых выбараў. І таму зараз таксама Захад будзе трымацца асноўных прынцыпаў. Калі выбарчы працэс ня будзе адпавядаць міжнароднаму ўзроўню, дык ён не прызнае вынікі. І таму гэта ня гэта самае галоўнае – прымуць некаторыя партыі ўдзел, ці ня прымуць. І што датычыцца “Яблыка”, дык мне здаецца, гэта больш прапагандысцкі ход, каб зьвярнулі ўвагу на гэтую палітычную арганізацыю. Гэта больш тычыцца “піар”-тэхналёгіяў, чымся сутнасьці справы”.

(Шчукін: ) “Рэакцыя грамадзкасьці на гэтую ініцыятыву “Яблыка” была адна – прачнуліся! “Яблык” спаў, спаў, і нарэшце ўспомніў, што трэба нешта рабіць. Я тут Пліску падтрымліваю цалкам, што гэта бяз сэнсу й нічога не дае – нікай ініцыятывы тут няма. Перамовы з цяперашнім рэжымам ня маюць сэнсу. Лукашэнка сказаў, што ні за які стол ня сядзе – ні за круглы, ні за квадратны. Лукашэнку можна толькі прымусіць – прымусіць тым, што зрабіць невыязнымі ўсю ягоную вэртыкаль, усіх ягоных чыноўнікаў. Інакш ён не зразумее. Нам гэта ўсё ясна. Эўропе, на жаль, пакуль што ня ясна”.

(Тарас: ) “Сп. Максімюк! Паколькі сп.Шчукін узгадаў такі момант, як “невыязны апарат”, “невыязная вэртыкаль”—наколькі вядома, эўрапейскія структуры не скасавалі пакуль свайго рашэньня наконт абмежаваньня ўезду ў эўрапейскія краіны Лукашэнкі, ды іншых “вэртыкальных” чыноўнікаў. Наколькі гэта аказалася дзейсным?”

(Максімюк: ) “Па-мойму, фармальную забарону ўезду яны скасавалі. Іншая справа, што з Лукашэнкам эўрапейскія дэмакраты ня хочуць падтрымліваць сувязі, паколькі ён, скажам, не зусім легітымны прэзыдэнт, альбо зусім нелегітымны, можна сказаць.

Натуральна, гэта вельмі закранае самалюбства Аляксандра Лукашэнкі, што яго не запрашаюць у Эўропу, і яму трэба езьдзіць у расейскія рэгіёны. Але зацятасьць і ўпартасьць гэтага чалавека настолькі вялікія, што ён можа сьцярпець нават гэта і спрабаваць праводзіць сваю волю насуперак Эўропе й насуперак усяму цывілізаванаму сьвету. Ён калісьці сказаў: “Я Беларусь за цывілізаваным сьветам не павяду.” І ён застаецца верным свайму слову.

Такая санкцыя, як забарона перасоўваньня на дыпляматычным полі, яго ня надта палохае. Магчыма, дадуць нейкі вынік эканамічныя санкцыі – гэта значыць, працяг эканамічнай палітыкі Эўропы, якая была й дагэтуль. Фактычна, Беларусь ня можа пры такой палітыцы разьлічваць на нейкую фінансавую ці эканамічную дапамогу Эўропы. Але з другога боку, зноў жа, аказалася, што вынікі такой палітыкі няхуткія. Ужо шэсьць або сем гадоў такой палітыкі з боку Эўропы да Беларусі мінае, і яна выразных вынікаў у самой Беларусі не дае”.

(Тарас: ) “Спадар Максімюк! Чаму, на Вашую думку, АБСЭ, іншыя міжнародныя структуры, якія прынцыпова ставяцца да забесьпячэньня самых дэмакратычных выбараў, па-сутнасьці не зьвяртаюць увагі на тое, які орган будзе абірацца – Нацыянальны сход, ці Вярхоўны савет, які лічыцца на Захадзе легітымным заканадаўчым ворганам? Бо пытаньне ўпіраецца ў тую самую лукашэнкаўскую Канстытуцыю 96-га году, якую міжнародная супольнасьць у цэлым не прызнае?”

(Максімюк: ) “Гэтае пытаньне ня другаснае. Проста АБСЭ ды Эўропа на яго глядзяць даволі прагматычна. Скажам, усё вырашыць адным махам нельга. Г.зн. – нельга адразу й зьмяніць Канстытуцыю, і абраць легітымны орган заканадаўчай улады. Дэмакратыя – гэта перш за ўсё празрыстыя дэмакратычныя працэдуры выбараў. Эўропа проста, каб не заблытаць сытуацыю, заклікае правесьці ў Беларусі дэмакратычныя выбары – гэта значыць, увесьці дэмакратычную працэдуру ва ўжытак. Аказалася, што нават гэты плян-мінімум не ўдалося зьдзейсьніць.

Сам канстытуцыйны крызіс у Беларусі, зьмена Канстытуцыі й замена органаў, з гэтым зьвязаная – гэта наступны крок. Я ня думаю, што Эўропа забылася, што ў Беларусі існуе жахлівы дысбалянс паміж выканаўчай і заканадаўчай уладамі, і Палата прадстаўнікоў ні ў якім выпадку не адпавядае мінімальным эўрапейскім стандартам. Але Эўропа падыходзіць да гэтага прагматычна, і яна робіць націск на працэдуру, пакуль пакідаючы праблему самога заканадўчага воргану на будучыню”.

(Тарас: ) “Сп. Шчукін! На Вашую думку -- што, усё-ткі, павінна б быць на перадзе – конь ці драбіна? Выбарчае заканадаўства, ці орган, які абіраецца?”

(Шчукін: ) “Я згодзен, што нельга прыпадабняцца тым баранам, якія стаяць над безданьню на вузенькай кладцы. Трэба йсьці на нейкія саступкі, з чагосьці пачынаць. Пачынаць трэба з празрыстых выбараў. Якая б ні была Палата, мае значэньне – хто будзе ў Палаце. Калі б там быў Валеры Шчукін, штосьці там было б па-іншаму”.

(Тарас: ) “Спадар Пліска! А якое Вашае меркаваньне? І Ваш прагноз – як будуць разьвівацца падзеі далей?”

(Пліска: ) “Я думаю, што Захад цудоўна разумее, што павінна быць наперадзе – конь ці драбіна. Думаю, што як унутры Беларусі палітычныя партыі гэта добра разумеюць, так і на Захадзе – што ўсё павінна адбывацца адначасова. Хаця з тактычных нейкіх меркаваньняў нешта можа быць наперадзе.

Той самы Бэрэндт цудоўна сказаў: няма сэнсу нават у дэмакратычных выбарах, калі парлямант ня будзе валодаць пэўнымі паўнамоцтвамі. Тады ніякага сэнсу няма ў гэтых выбарах. Таму гэта сьведчыць аб тым, што на Захадзе разумеюць, што нават сам Выбарчы кодэкс ёсьць другаснае пытаньне ў параўнаньні з парляманцкімі паўнамоцтвамі.

Але з другога боку, на Захадзе таксама пакуль што не даюць зразумець, пра які ворган ідзе гаворка – Нацыянальны сход, ці Вярхоўны савет. Таму што калі парлямант, як бы ён не называўся, будзе валодаць пэўнымі паўнамоцтвамі, дык ён сам вырашыць, што будзе з краінай далей. Таму што ён будзе прадстаўляць меркаваньні насельніцтва, выбаршчыкаў.

Што датычыць таго, чаму Лукашэнка ўсё-ткі вырашыў падпісаць Выбарчы кодэкс, дык мне здаецца, што тыя першыя кантакты, якія ў яго адбыліся пасьля прызначэньня на пасаду выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, яго, мабыць, запэўнілі, што пазыцыя Расеі будзе нязьменнай у адносінах да Беларусі.

Па-другое, мне здаецца, Лукашэнка, мабыць, ускладае нейкія надзеі на тое, што ў Расеі летась пачаўся эканамічны рост, а як вы ведаеце – эканоміка Беларусі арыентаваная на расейскі рынак, і ён лічыць, што ў гэтых варунках ён абыйдзецца без заходнеэўрапейскага рынку. Але гэта тупіковая пазыцыя. Яна можа вырашыць пытаньне Беларусі толькі часова, але не ў доўгатэрміновай пэрспектыве.

Ну, а што тычыцца таго, як будуць разгортвацца падзеі, дык мне здаецца, што Лукашэнка й надалей будзе трымацца такой, дастакова нахабнай, пазыцыі. Ён будзе выпрабоўваць на сталасьць унтурыпалітычную апазыцыю, а таксама глядзець, як будуць рэагаваць заходнія эўрапейскія структуры. І трэба нам – тым сілам, якія знаходзяцца ў Беларусі, добра разумець, што ня можа быць аднолькавай рэакцыя палітычнай апазыцыі ў Беларусі й заходнеэўрапейскіх структураў. Усё-ткі, гэта розныя рэчы. Гэта трэба нам усьвядоміць і ўлічваць. Я думаю, што Лукашэнка будзе ісьці сваім шляхам да той рысы, да якой гэта магчыма. Бо ён вельмі любіць уладу, і калі ўзьнікнуць абставіны, што гэтую ўладу ён зможа страціць – толькі гэта можа прымусіць яго зьмяніць свае паводзіны”.

(Шчукін: ) “Хачу дадаць, што ня выключана, што Лукашэнка прызначыць на восень і прэзыдэнцкія выбары. І тады робіцца зразумелым, чаму так тэрмінова падпісаны Выбарчы кодэкс, бо тэрмін прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі амаль удвая даўжэй за парляманцкую. Таму ён так сьпяшаецца”.

(Тарас: ) “Сп. Максімюк, ці дапускаеце Вы такі варыянт, і як у такім выпадку будзе паводзіць сябе Захад? Згадаем, што і спадар Севярын, які ўзначальвае рабочую групу Парляманцкай асамблеі АБСЭ, зьбіраецца прыехаць у Беларусь, каб яшчэ раз зрабіць спробу наладзіць дыялёг уладаў з апазыцыяй. Наколькі выніковымі, на Вашую думку, могуць быць такія спробы?”

(Максімюк: ) “Па-першае, я думаю, што ўсё-ткі Лукашэнка правядзе прэзыдэнцкія выбары так, як і абяцаў раней – у наступным годзе. Ён правядзе гэтыя парляманцкія выбары, прыгледзіцца да рэакцыі як унутры Беларусі, так і звонку. Магчыма, у нейкі спосаб ён скарэктуе свой курс, і потым, скажам, ужо ў 2001-м годзе правядзе прэзыдэнцкія выбары – так, як яму будзе карысна. Ну, а што тычыцца тых высокіх прадстаўнікоў эўрапейскіх структураў – я думаю, яны працягваюць свой ранейшы курс на пошукі паразуменьня паміж Лукашэнкам і апазыцыяй. Хоць мы чулі ад нашых шаноўных суразмоўцаў у Менску, што такое паразуменьне амаль што выключанае, але нават дыялёг паміж Лукашэнкам і Эўропай – гэта ўжо ёсьць, так бы мовіць, пазытыўны крок у разрадцы атмасфэры ў Беларусі”.

Віталь Тарас, Прага

XS
SM
MD
LG