Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Рэдакцыя незалежнай газэты "Брестский курьер" атрымала папярэджаньне Дзяржкамдруку за парушэньне Закону "Аб друку ды iншых сродках масавай iнфармацыi". Гэта другое папярэджаньне сёлета, таму ўлады могуць распачаць закрыцьцё газэты.

Першае сёлета папярэджаньне газэта "Брестский курьер" атрымала адразу па калядных сьвятах. Дзяржкамдрук абвiнавацiў рэдакцыю ў тым, што яна не паведамiла ў вызначаны законам тэрмiн пра зьмену свайго юрыдычнага адрасу.

Галоўны рэдактар газэты Мiкалай Аляксандраў заявiў, што гэтага не зрабілі з тэхнiчных прычынаў, бо выданьне рыхтуе дакумэнты для перарэгiстрацыi. Пасьля перарэгістрацыі рэдакцыя якраз плянавала афiцыйна паведамiць Дзяржкамдруку пра новае месца свайго знаходжаньня.

31 студзеня "Брестский курьер" атрымаў яшчэ адзiн лiст з гэтай дзяржаўнай установы, у якiм паведамляецца, што рэдакцыi далі другое папярэджаньне. Цяпер газэту абвiнавачваюць у парушэньнi 5 артыкулу Закона аб друку.

Пункт 9 артыкулу 5 Закону аб друку сьцьвярджае, што нельга выкарыстоўваць сродкі масавай iнфармацыi для распаўсюду iнфармацыi ад iмя палiтычных партыяў, прафэсiйных саюзаў ды iншых грамадзкiх абьяднаньняў, якiя не прайшлi дзяржаўнай перарэгiстрацыі.

Увагу чыноўнiкаў Дзяржкамдруку прыцягнула газэтная публiкацыя пра паседжаньне Каардынацыйнай рады "Рэгiянальная Беларусь", якое адбылося ў Берасьцi ў лiстападзе мiнулага году. Лiст Дзяржкамдруку паведамляе, што "Рэгiянальная Беларусь" не зарэгiстраваная ва Ўпраўленьнi юстыцыi Берасьцейскага аблвыканкаму, а таму матэрыялам пра паседжаньне Каардынацыйнай рады газэта нiбыта парушыла закон.

Рэдакцыя "Брестского курьера" ня згодная з гэтай высновай i мае намер абскардзiць вынесенае газэце папярэджаньне праз Найвышэйшы гаспадарчы суд Беларусi. У рэдакцыi лiчаць, што сваёй публiкацыяй газэта не распаўсюджвала зьвестак ад iмя якiх-небудзь палiтычных партыяў цi грамадзкiх аб'яднаньняў, а толькi паведамляла пра падзею.

Кiраўнiцтва "Брестского курьера" не выключае, што сапраўдная прычына дадзеных папярэджаньняў iншая. Напярэдаднi важных палiтычных падзеяў улады спрабуюць пазбавiцца адной з самых масавых незалежных рэгіянальных газэтаў. Цяпер, пасьля другога папярэджаньня, Дзяржкамдрук мае падставы iнiцыяваць працэдуру закрыцьця згаданай газэты.

Супрацоўнікі "Брестского курьера" сьцьвярджаюць, што гатовыя да такога разьвiцьця падзеяў i абяцаюць, што не пакінуць берасьцейскiх чытачоў без незалежнага выданьня.

Алег Супрунюк, Берасьце

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG