Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


20 месяцаў мінула ад трагедыі на Нямізе, калі ў падземным пераходзе мэтро загінулі 53 чалавекі. Дагэтуль ідзе сьледзтва, і бацькі загінулых ня ведаюць, хто вінаваты ў сьмерці іхных дзяцей.

Бацькі ахвяраў дамовіліся сустрэцца ля ўваходу ў Дом ураду. Але як толькі іхная колькасьць перавысіла тры чалавекі, да людзей падышоў прапаршчык службы аховы і пачаў праганяць іх зь месца збору. Паводзінамі ахоўніка абураецца адна з мацярок загінулых, Вольга Янцова:

(Янцова: ) "Гэта сапраўднае парушэньне правоў чалавека. Выходзіць, я, жыхарка гэтага гораду, не магу сустрэцца са сваімі знаёмымі, калі іх больш за 3 чалавекі?

Падобнае некалі ўжо было. Усё гэта мы ўжо праходзілі. Мы што — вяртаемся ў тыя часы? Гэта страшна. Хачу адразу закрычаць: дзе вы былі, калі на Нямізе гінулі нашыя дзеці? Чаму вы тут цяпер ходзіце й разганяеце мірных людзей?”

Ужо пасьля сустрэчы маці яшчэ адной ахвяры трагедыі, старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Няміга-99” Натальля Навакоўская паведаміла Радыё Свабода, што бацькі, здаецца, паразумеліся з намесьнікам старшыні ўраду Міхаілам Дземчуком у справе ўсталяваньня помніку на месцы трагедыі:

(Навакоўская: ) "Чадовіч, чыноўнік з упраўленьня архітэктуры Менгарвыканкаму, заявіў, што ня бачыць патрэбы ў будаўніцтве помніку, бо трагічныя падзеі адбываліся на гэтым месцы й шмат стагодзьдзяў таму.

А Дзямчук сказаў, што дзеці загінулі ў наш час. Гэта адбылося на нашых вачох, і ў гэтым вінаватыя ўлады. Таму гэта павінна турбаваць нас больш, чым тое, што адбылося шмат стагодзьдзяў таму".

Значна меней аптымізму ў бацькоў адносна таго, калі скончыцца сьледзтва й перададуць справу ў суд. І сёньня зноў з вуснаў Вольгі Янцовай прагучэла засьцярога, што ўлады зацягваюць гэты працэс з палітычных меркаваньняў.

(Янцова: ) "Мы лічым, што сьледзтва наўмысна запавольваюць. У гэтым ёсьць палітычны падтэкст. І гэта відавочна. На гэта нам намякнуў сьледчы Камароўскі, ужо нябожчык.

Ён казаў, што быў гатовы перадаць матэрыялы ў суд яшчэ ўвосень. Натальлі Навакоўскай ён сказаў: вы ведаеце, Натальля Міхайлаўна, у мяне ўсё гатова. Як толькі будзе сыгнал, я ўсё перадам ў суд”.

Міхаіл Дзямчук паабяцаў бацькам высьветліць, на якой жа стадыі знаходзіцца сьледзтва, якое нядаўна зноў працягнулі на 3 месяцы.

Сваякі ахвяраў сёньняшнюю сустрэчу з прадстаўнікамі беларускага ўраду разглядаюць адно як спробу яшчэ раз іх супакоіць.

Ягор Маёрчык, Менск

XS
SM
MD
LG