Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін правёў у панядзелак сустрэчу з дэлегацыяй журналістаў тэлекампаніі НТВ. Яны скардзіліся на перасьлед з боку пракуратуры. Як ацэньвае гэтую падзею заходні друк.

Напярэдадні сустрэчы з журналістамі Пуцін сустрэўся з генэральным пракурорам Расеі Ўсьцінавым. Першае, што прэзыдэнт сказаў журналістам НТВ: “Я тут нічога не магу зрабіць. Я рады дапамагчы, я буду намагацца, але яны мяне ня слухаюцца.” Гэтыя словы прыводзіць сёньня амэрыканская Washington Post.

“Пуцін даў таксама двухсэсоўны адказ на нядаўнюю прапанову заснавальніка тэлекампаніі Сі-Эн-Эн Тэда Тэрнэра выкупціь 25% акцыяў кампаніі НТВ у кантраляванага дзяржавай канцэрну “Газпрам,” – працягвае газэта. У сваім лісьце Тэрнэру Пуцін вітаў замежныя інвэстыцыі ў Расеі, але не згадаў асобна ні кампанію НТВ, ні прапанову Тэрнэра ў прыватнасьці.

Тэрнэр разам з групай іншых замежных інвэстараў прапануе 300 мільёнаў даляраў, але толькі пры ўмове, што Пуцін асабіста гарантуе, што ўлады спыняць перасьлед НТВ. Міжнародны фінансіст Джордж Сорас паведаміў, што ён далучыўся да намаганьняў з мэтай “захаваць незалежнасьць НТВ”, і што Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця, паводле ягоных словаў, вылучыць кампаніі 100 мільёнаў даляраў.

Размова паміж Пуціным і журналістамі, якая працягвалася больш за тры гадзіны, засьведчыла традыцыйную для Расеі веру ў “добрага цара”. Маўляў, калі цар даведаецца, што справядлівасьць парушалася ад ягонага імя, ён можа спыніць гэтае беззаконьне.

“Прэзыдэнт у часе сустрэчы намагаўся падкрэсьліць розьніцу паміж заснавальнікам НТВ Гусінскім, якога ён апісвае ў тэрмінах крымінальнага кодэксу, і штатам ягоных супрацоўнікаў.

Аднак самі яны лічаць Гусінскага сваім духоўным лідэрам, які застаецца ім нават у Гішпаніі, адкуль яго могуць выдаць расейскай пракуратуры,” – піша Washington Post.

Газэта Wall-Street Journal in Europe інфармуе сваіх чытачоў, што на сёньняшні дзень кампанія “Газпрам-мэдыя” мае 46% акцыяў НТВ і хоча завалодаць яшчэ 19-ю працэнтамі ў якасьці платы за пазыкі перад канцэрнам. На мінулым тыдні кіраўнік “Газпрам-мэдыя” Альфрэд Кох заявіў, што маскоўскі гарадзкі суд замарозіў 19% акцыяў НТВ. “Паводле Коха, ён можа цяпер склікаць надзвычайнае паседжаньне акцыянэраў НТВ, каб увесьці ў праўленьне кампаніі трох прадстаўнікоў Газпраму замест Гусінскага,” – піша WSJE.

Журналісты НТВ заявілі пасьля сустрэчы з Пуціным, што яны не саступяць націску з боку ўладаў і нават выказалі гатовасьць звольніцца, калі палітыку кампаніі пачне дыктаваць Газпрам.

Віталь Тарас, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG