Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікалі амбасадара Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусі Ёнаса Паслаўскаса.

Для Радыё Свабода сустрэчу ў МЗС камэнтуе прэс-сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка:

(Латушка: ) "Сёньня ў Міністэрства замежных справаў быў выкліканы надзвычайны й паўнамоцны амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусі Ёнас Паслаўскас.

Гэта адбылося ў зьвязку з сэмінарам "Негвалтоўная барацьба за дэмакратыю і дэмакратычныя працэсы ў Беларусі", што прайшоў у Вільні".

(Карэспандэнт: ) "Беларускі бок выказаў нейкі пратэст?"

(Латушка: ) "Так. Беларускі бок выказаў занепакоенасьць у сувязі з арганізаваным сэмінарам, які, мы лічым, насіў дэструктыўны характар.

Таксама спадару амбасадару было заяўлена, што ва ўмовах цяперашняга ўзроўню дачыненьняў між Беларусьсю й Літвой падобныя акцыі не павінны й ня могуць мець месца надалей.

Таксама было выказанае спадзяваньне, што падобныя мерапрыемствы не паўторацца надалей на тэрыторыі суседняй дзяржавы.

Адказваючы, амбасадар Літвы заявіў, што падзяляе занепакоенасьць беларускага боку з гэтай нагоды і запэўніў, што літоўскі ўрад ня мае дачыненьня да правядзеньня згаданага мерапрыемства. Са словаў Паслаўскага, арганізатары сэмінару выступалі як прыватныя асобы".

Юры Сьвірко, Менск

XS
SM
MD
LG