Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


“Лукашэнка вінаваціць АБСЭ ў змове супраць яго,” – публікацыя ў сёньняшнім нумары Sueddeutsche Zeitung

Беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка зрабіў закід Менскай місіі АБСЭ ў тым, што яна рыхтуе і ўзбройвае «баевікоў» апазыцыі. Выступаючы ў дзяржаўнай тэлевізіі, ён заявіў, што Захад хоча ператварыць «спакойную Беларусь» у «другую Югаславію». Беларускі дыктатар, былы інструктар КГБ, спаслаўся пры гэтым на плянаваную прысылку ўвосень назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары.

Паводле словаў прэсавага прадстаўніка прэзыдэнта, у краіну маюць прыехаць 14 тысячаў «няпрошаных гасьцей». Пра назіральнікаў Лукашэнка сказаў наступнае: «Удзень яны будуць сеяць, я ўвечары дастануць ружжо з-пад ложка». Ён ня можа дапусьціць, каб Захад таптаў законы і фінансаваў апазыцыю. «Каб яны пасьля пачалі бамбіць мой народ бомбамі зь неўзбагачаным уранам?» - пытаўся Лукашэнка. Ужо два тыдні таму дзяржаўная тэлевізія востра скрытыкавала шэфа місіі АБСЭ немца Ганса-Георга Віка — маўляў, гэты «былы кадравы афіцэр» замежнай выведкі цяпер займаецца падрыхтоўкай «тэрыторыі для натаўскіх генэралаў».

Апрача Віка, менская тэлевізія апошнім часам неаднаразова выступала з нападкамі супраць ураду суседняй Польшчы. Польшча мае стацца пляцдармам натаўскага ўварваньня, гаварылася ў адным камэнтары. Дзеля гэтых мэтаў польскія вайсковыя палігоны аддадзеныя ў распараджэньне Бундэсвэру. Апрача таго, у адным з рэпартажаў пра Польшчу эканамічны рэфарматар Лешак Бальцаровіч быў названы «нямецкім агентам». Ён, маўляў, зьнішчыў дзяржаўныя гаспадаркі і калгасы, каб даць магчымасьць заходнім кампаніям закабаліць польскі народ. У выніку сёньня краіна ляжыць у галечы. У якасьці «экспэрта» ў перадачы выступаў польскі ультранацыяналіст Балеслаў Тэйкоўскі.

Томас Урбан, Варшава

XS
SM
MD
LG