Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Магілёўскі гарвыканкам адмовіў 80 месьцічам у просьбе правесьці пікет і мітынг на Цэнтральнай плошчы Магілёва, а шэсьце — па вуліцы Першамайскай.

Гэтымі акцыямі магілёўцы 3 лютага мяркуюць пратэставаць супраць перасьледу актывістаў Свабоднага прафсаюзу, ухіленьня ад рэгістрацыі ягоных першасных арганізацыяў, зьніжэньня жыцьцёвага ўзроўню працоўных і затрымак з выплатай заробкаў.

Упершыню за апошнія гады заяву падалі некалькі дзясяткаў жыхароў Магілёва, найперш рабочыя. Ініцыятыва заяўнікаў выклікала адмоўную рэакцыю кіраўнікоў прадпрыемстваў.

Крыніца ў гарвыканкаме паведаміла, што менавіта мясцовая выканаўчая ўлада падштурхоўвала прамысловых кіраўнікоў да такіх дзеяньняў. Працаўнікоў выклікалі да сябе прадстаўнікі адміністрацыі ды раілі адклікаць свае подпісы пад заявай.

Дырэктар заводу штучнага валакна Юры Ніканаў і старшыня завадзкога прафкаму Ганна Ракутава прапанавалі рабочым заявіць, што іх прымушалі падпісаць заяву пра намер правесьці мітынг, шэсьце й пікет.

Як паведаміў старшыня Свабоднага прафсаюзу працоўнікоў гэтага прадпрыемства Ўладзімер Тузаў, іхныя апанэнты з афіцыйнага прафсаюзу раяць заўянікам ва ўсім абвінаваціць СПБ. 17 чалавек ужо прайшлі праз кабінэт дырэктара.

Па такім шляху пайшла адміністрацыя Магілёўскага аўтазаводу. Працаўнікам параілі не займацца палітыкай. Начальнік цэху Іван Седзіч запытаўся, чым кепска жыць пры савецкай уладзе. На гэтым прадпрыемстве найбольш жорстка ставяцца да актывістаў альтэрнатыўнага прафсаюзу, трох ужо згубілі працу цягам апошніх месяцаў.

Пагрозы пра звальненьне — асноўны мэтад барацьбы зь іншадумцамі. Усё ж ніхто з рабочых не адклікаў свайго подпісу пад заявай.

Улады забаранілі акцыі пратэсту ў цэнтры гораду, аднак дазволілі мітынг і пікет на ўскрайку гораду, ля Дома культуры заводу штучнага валакна. Дазволілі й шэсьце — 500 мэтраў каля таго ж Дома культуры.

Арганізатары спадзяюцца, што пасьля 3 лютага яны змогуць узаконіць дзейнасьць першасных арганізацый Свабоднага прафсаюзу, якія цягам 14 месяцаў ня могуць прайсьці перарэгістрацыі.

Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG