Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Канстытуцыйны суд Беларусі прыняў да разгляду скаргу аб неадпаведнасьці Канстытуцыі цяперашняй сыстэмы пералічэньня прафсаюзных унёскаў. ФПБ ды незалежныя юрысты лічаць, што гэта працяг ціску на Фэдэрацыю прафсаюзаў і Ўладзімера Ганчарыка, які мае намер вылучыцца кандыдатам на прэзыдэнта.

Улады і дзяржаўныя СМІ працягваюць кампанію дыскрэдытацыі прафсаюзаў. Да гэтай кампаніі далучыўся й Канстытуцыйны суд, які паводле паведамленьня “Панарамы”, распачаў справу пра неадпаведнасьць Канстытуцыі сыстэмы ўплаты прафсаюзных унёскаў праз бугальтэрыі прадпрыемстваў.

Гэтая справа цягам месяца будзе разгледжаная і, паводле паведамленьня БТ, усе сябры прафсаюзаў змогуць у выпадку станоўчага рашэньня спагнаць свае унёскі з прафсаюзаў.

Былы сябар Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў дзівіцца падобным паведамленьням, бо Канстытуцыйны суд ня мае права распачынаць справу на падставе звароту нейкага грамадзяніна. Тым больш, такое рашэньне (калі яно будзе прынятае) ня можа мець зваротнай сілы, бо пагаршае матэрыяльную сытуацыю аднаго з суб’ектаў права — прафсаюзаў.

(Пастухоў: ) "Гэта выключна палітычны крок. Цяпер улады хочуць паўплываць на прафсаюзы, каб прафсаюзы затым паўплывалі на старшыню прафсаюзаў Ганчарыка, які думае выстаўляць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах".

Міхаіл Пастухоў робіць выснову, што Канстытуцыйны суд выконвае палітычны заказ цяперашніх уладаў.

Намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду Аляксандар Марыскін паведаміў, што журналісты БТ проста не разабраліся ў сытуацыі. Канстытуцыйны суд прыняў да разгляду ня справу, а толькі скаргу грамадзяніна, і пасьля ейнага разгляду можа быць прынятае не абавязковае для ўсіх заключэньне Канстытуцыйнага суду, а толькі рашэньне рэкамэндацыйнага характару.

Аляксандр Марыскін абвяргае сьцьверджаньні, што гэтая справа мае заказны характар з боку ўладаў:

(Марыскін: ) "Ня ведаю, як наконт палітычнага заказу, бо ў нас Канстытуцыйны суд — орган увогуле дэпалітызаваны. І заказаў як такіх мы не атрымлівалі, ды й ня мусім атрымліваць".

Намесьнік старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Мікалай Беланоўскі лічыць, што ўвогуле тут няма чаго разглядаць — сытуацыя з выплатамі ўнёскаў законна ўрэгуляваная:

(Беланоўскі: ) "Вырашаюцца гэтыя пытаньні ў нас проста. Пералік прафсаюзных унёскаў робіцца па асабістай заяве самога члена прафсаюзу. Калі ў некага наймальнік забраў грошы без заявы — ён зьвяртаецца ў бугальтэрыю, яму вяртаюць, і ўсё.

Але я гляджу, што дзяржаўныя СМІ робяць з гэтага іншую палітыку. Яны хочуць прадставіць гэта як сыстэму, якую трэба забараніць. І калі гэтак зробяць, дык мы палічым гэта за абмежаваньне свабод і правоў грамадзян", — зазначыў намесьнік старшыні ФПБ Мікалай Беланоўскі.

Ён адмовіўся адказваць на пытаньне, ці расцэньваецца гэта прафсаюзамі як ціск і помста ўладаў за прапановы вылучыць старшыню ФПБ Уладзімера Ганчарыка кандыдатам на прэзыдэнта.

(Беланоўскі: ) "Я б не хацеў на гэтае пытаньне адказваць, бо вы й самі адказ ведаеце".

І намесьнік старшыні КС Аляксандар Марыскін, і прэсавы сакратар гэтай установы Антаніна Губіч адмовіліся назваць прозьвішча лекара адной зь менскіх клінік, што так своечасова зьвярнуўся са скаргай на сыстэму налічэньняў прафсаюзных унёскаў.

(Губіч: ) "Тут ёсьць пэўныя этычныя меркаваньні. Звычайна пад час разьбіральніцтва справы мы не падаем імёнаў", — паведаміла прэсавы сакратар Канстытуцыйнага суду Антаніна Губіч.

У Канстытуцыйны суд зьвяртаюцца сотні грамадзянаў па самых розных пытаньнях, і толькі некаторыя зь іх суд разглядае. Скарга невядомага пакуль што лекара паступіла на мінулым тыдні, але яе абяцаюць разгледзець вельмі апэратыўна — цягам месяца.

Валер Каліноўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG