Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Упершыню адзін з высокапастаўленых прадстаўнікоў новай адміністрацыі Югаславіі прызнаў магчымасьць выдачы былога прэзыдэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча Міжнароднаму трыбуналу ў Гаазе, які займаецца расьследваньнем ваенных злачынстваў на тэрыторыі былой Югаславіі.

З падобнай заявай выступіў на Ўсясьветным эканамічным форуме ў Давосе віцэ-прэм’ер новага югаслаўскага ўраду Міралюб Лабус. Паводле ягоных словаў, пачатак суду над Слабаданам Мілошавічам – гэта толькі справа часу.

Прэзыдэнт Югаславіі Ваіслаў Каштуніца, прэм’ер-міністар Зоран Джынджыч і іншыя высокапастаўленыя асобы не аднойчы сьцьвярджалі, што перш за ўсё Мілошавіча трэба судзіць у Сэрбіі за злачынствы супраць сэрбскага народу. Пры гэтым Каштуніца ўвогуле выключаў магчымасьць выданьня Мілошавіча ў Гаагу. Гэтую сваю пазыцыю ён пацьвердзіў і ў часе нядаўніх перамоваў з галоўным пракурорам Міжнароднага гаагскага трыбуналу Карлай дэль Понтэ, якая наведала Белград і запатрабавала ад новых югаслаўскіх уладаў выдачы Мілошавіча.

І вось цяпер зьмена становішча. Чаму? Пракамэнтаваць гэтае пытаньне я папрасіў палітычнага камэнтатара Паўднёваславянскай рэдакцыі нашага радыё, вядучага штотыднёвай перадачы “Гаагская хроніка” Мансура Чамо.

(Чамо: ) “Я не зьдзіўлюся, калі пабачу аднойчы Слабадана Мілошавіча на лаве падсудных. Але спачатку, мяркую, гэта будзе суд у Сэрбіі. Ён фальсыфікаваў выбары, краў дзяржаўныя грошы, садзейнічаў карупцыі. Ягоныя злачынствы супраць сэрбскага народу бясконцыя.

Дасюль у самой Сэрбіі вельмі мала гаварылася пра злачынствы Мілошавіча ў Харватыі, Босніі-Герцагавіне і Косаве. Галоўнае, каб Мілошавіч адказаў за свае злачынствы. Раней сэрбскае грамадзтва было вельмі варожа настроенае супраць самой ідэі выдачы Мілошавіча ў Гаагу. Тры месяцы таму на гэтую тэму нельга было нават заікнуцца ў Белградзе. Цяпер зусім іншая справа.

Думаю, што пачаўся працэс дасьпяваньня югаслаўскага грамадзтва да ідэі выдачы Мілошавіча, і хутка толькі меньшасьць сэрбскага народу будзе актыўна выступаць супраць ягонай выдачы Міжнароднаму Гаагскаму трыбуналу. Тэхнічна суд спачатку можа адбыцца ў Белградзе, але я перакананы, што раней ці пазьней ён знойдзе свой працяг і ў Гаазе”.

(Іваноў: ) “Перад сёньняшняй Югаславіяй стаяць складаныя пытаньні адбудовы эканамічнага і дэмакратычнага палітычнага жыцьця. Але справа перадачы суду тых, хто адказны за трагедыю народаў былой Югаславіі – гэта справа духовага ачышчэньня нацыі, і безь яе вырашэньня немагчымая пабудова сапраўды дэмакратычнага, шанаванага ва ўсім сьвеце грамадзтва.

Калі прэзыдэнт Югаславіі Ваіслаў Каштуніца знаходзіўся ў Давосе, журналісты спыталі яго, ці магчымы ў хуткім часе арышт Мілошавіча. Пытаньне гэтае, падкрэсьліў ён, будзе вырашанае на працягу бліжэйшых некалькіх дзён. Гэта прэрагатыва новага сэрбскага ўраду, на чале якога стаіць Зоран Джынджыч. Як толькі Джынджыч падрыхтуе тэкст абвінавачваньня Мілошавіча, той можа быць арыштаваны.

Запытаны пра магчымы лёс лідараў басьнійскіх сэрбаў Радавана Караджыча і Радкі Младзіча, Каштуніца сьцьвердзіў, што існуе як мінімум 300 розных дакумэнтаў, у якіх Караджыч папярэджвае пра магчымасьць ваенных злачынстваў, і таму ягоная дзейнасьць не падпадае пад юрысдыкцыю трыбунала. Затое ён прызнаў, што некаторыя аспэкты дзейнасьці Младзіча, які камандваў басьнійскай сэрбскай арміяй, могуць стаць аб’ектам расьследваньня”.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG