Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пасьпяшаўся, калі заявіў учора, што скончылася фармаваньне адзінае мытнае мяжы Беларусі і Расеі.

Як сьцьвярджаюць спэцыялісты, зараз амаль палова мытаў у Беларусі і Расеі розныя. Уніфікацыя мытаў дасьць дадатковыя даходы расейскаму бюджэту, а беларускі бок наадварот – шмат страціць.

Учора прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі падпісалі дамову аб завяршэньні ўніфікацыі мытных правілаў і стварэньні адзінае мытнае сыстэмы. Паводле Міхаіла Касьянава, цяпер для бізнэсоўцаў «ня будзе розьніцы, праз якую мяжу імпартаваць ці экспартаваць тавары». Аднак, камэнтары спэцыялістаў сьведчаць, што гэта ня так.

Дакумэнт, што падпісалі прэм’ер-міністры, засьведчыў толькі тое, што цяпер мыта будзе зьбірацца абедзвюма краінамі па агульных правілах. Але дамова не вырашае галоўную праблему – уніфікацыю мытаў.

Паводле бізнэсовай газэты «Ведомости», да апошняга часу Беларусь і Расея не ўзгаднілі больш за 500 пошлінаў на экспарт і 140 пошлінаў на імпарт тавараў. “У выніку, – зазначае газэта, – «тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца кампаніямі фактычна як калідор для кантрабанды». А наступствы такія – паводле дадзеных Дзяржаўнага мытнага камітэту Расеі, бюджэт гэтае краіны губляе штогод 400 мільёнаў даляраў. Міністэрства падаткаў прыводзіць яшчэ большую лічбу – адзін мільярд даляраў.

Гэтая практыка добра вядомая, напрыклад, пакупнікам аўтамабіляў. У Беларусі мыты на машыны ў два-тры разы меншыя за расейскія. І зараз грамадзяне Расеі плоцяць мыта ў беларускі бюджэт. Калі пошліны стануць роўнымі, то расейцы пачнуць плаціць іх у сваёй дзяржаве. Ў выніку расейскі бюджэт атрымае дадатковыя грошы, а беларускі бюджэт згубіць.

Адпаведная сытуацыя зь вялікай колькасьцю іншых тавараў. Такім чынам, уніфікацыя мытнага заканадаўства відавочна выгадная для Расеі, але не для Беларусі.

Пад ціскам расейскага боку Беларусь час ад часу ідзе на саступкі. Так, днямі беларускі бок пагадзіўся прывесьці у адпаведнасьць з расейскім свае экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты. Але спэцыялісты гавораць, што тэмпы ўніфікацыі марудныя, і добра, калі гэта працэс скончыцца цягам нават трох год.

Віктар Дзятліковіч, Масква

XS
SM
MD
LG