Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


У Бялградзе адбыўся замах на новага кіраўніка службы бясьпекі Сэрбіі Горана Петравіча. Гэта здарылася на другі дзень пасьля таго, як у пятніцу быў прыведзены да прысягі новы дэмакратычны ўрад Сэрбіі. Інтэрвію-камэнтар югаслаўскага журналіста.

Прэм’ер-міністар Сэрбіі, у нядаўнім мінулым адзін зь лідэраў сэрбскай апазыцыі Зоран Джынджыч, камэнтуючы замах на Горана Пэтравіча, заявіў, што гэта выглядае як “спроба запалохаць новы ўрад”.

Мы зьвязаліся па тэлефоне з галоўным рэдактарам газэты “Воеводзіна” у сэрбскім горадзе Нові Сад Міхайла Рамачам з просьбай пракамэнтаваць гэтыя падзеі.

(Карэспандэнт: ) “У выніку страляніны, якую ўсчыніў у цэнтры Бялграду невядомы, быў лёгка паранены кіроўца Горана Петравіча. Петравіч калісьці быў супрацоўнікам службы бясьпекі, якога звольнілі ў часе дыктатуры Мілошавіча. Біяграфія Петравіча нічым не заплямленая, і новы ўрад спадзяецца, што ён зробіць адпаведныя кадравыя зьмены ў службе бясьпекі. Супраць гэтага, на думку сэрбскіх журналістаў, выступаюць некаторыя структуры ўнутры службы бясьпекі, якая пры Мілошавічы была “дзяржавай у дзяржаве”. Сёньня ж зьявілася паведамленьне пра доказы гвалтоўнай сьмерці судзьдзі, які выступаў супраць Мілошавіча і зьнік летась пры загадкавых абставінах.

(Рамач:) “На гэты момант не было новых паведамленьняў пра напад на новага кіраўніка службы бясьпекі Горана Петравіча ды ягонага асабістага целаахоўніка, які адбыўся ў самым цэнтры Бялграду. Не было й ніякай інфармацыі пра лёс судзьдзі Сімеонавіча.

Нагадаю, што судзьдзя Сімеонавіч зьнік бяз вестак яшчэ летась на пачатку лістападу. Ягонае цела было знойдзенае ў Дунаі ў сьнежні, і тады сьледчы паведаміў, што на ягоным целе няма сьлядоў гвалту. Аднак, мінулае начы незалежная тэлестанцыя “Студыя Б” паведаміла, што ў ягонай крыві знойдзеныя сьляды аманіяку – снатворнага сродку. З гэтага тэлестанцыя робіць выснову, што ён быў забіты”.

(Карэспандэнт: ) “Другой важнай тэмай у мэдыях Югаславіі застаецца магчымасьць выдачы былога дыктатара Слабадана Мілошавіча. Як вядома, цяперашні прэзыдэнт Югаславіі Ваіслаў Каштуніца выступае супраць гэтага. Аднак, генэральны пракурор міжнароднага трыбуналу Карла дэль Понтэ, якая днямі наведала Бялград з афіцыйным візытам, настойвае на выдачы Мілошавіча ў рукі міжнароднай юстыцыі”.

(Рамач: ) “Сярод дэмакратычнай апазыцыі Сэрбіі, якая летась прыйшла да ўлады, вядзецца дыскусія наконт таго, ці трэба судзіць Млошавіча ў Бялградзе адпаведна югаслаўскім законам, ці перадаць яго трыбуналу ў Гаазе. Частка выказваецца за супрацоўніцтва з Эўропай і экстрадыцыю Мілошавіча. Іншыя лічаць, што яго трэба судзіць у Белградзе, таму што, нібыта, канстытуцыя не дапускае экстрадыцыі грамадзянаў Сэрбіі.
Я думаю, урад усё-ткі будзе вымушаны выказацца наўпрост за супрацоўніцтва з Гаагай, зь Міжнародным трыбуналам, і што рана ці позна ў грамадзтве высьпее такі настрой, што яго трэба выдаць трыбуналу, каб яго судзілі не за карупцыю ці нешта яшчэ, але за ваенныя злачынствы.”

Гутарыў

Віталь Тарас, Прага

XS
SM
MD
LG