Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Беларускі ды расейскія тэлеканалы, дзякуючы каляднай заяве А.Лукашэнкі пра 14 000 баевікоў, стварылі чарговы скандал вакол Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску. Cама КНГ кажа, што гэтыя лічбы паходзяць ад колькасьці выбарчых участкаў: іх у Беларусі 7 000, і на кожным чакаецца па два назіральнікі.

Яшчэ 6 студзеня тэлепраграма “Панарама” паказала інтэрвію А.Лукашэнкі Юр'ю Казіятку, адкуль, аднак, былі выразаныя найбольш рэзкія Лукашэнкавы словы.

Цяпер, пасьля паведамленьня зь Вільні пра сэмінар для 40 прадстаўнікоў беларускае апазыцыі, што вучацца там негвалтоўным мэтадам барацьбы з аўтарытарным рэжымам, спадар Казіятка вырашыў паказаць народу фрагмэнт інтэрвію трохтыднёвае даўніны.

Але тое, што было разьлічана на ўнутраную аўдыторыю, нечакана трапіла на расейскія тэлеканалы. НТВ ды ОРТ амаль цалкам паўтарылі заяву спадара Лукашэнкі пра тое, што Захад надумаў “корпус 14–18 тысячаў стварыць баевікоў, якія нібыта будуць назіральнікамі, а заўтра, вось як кажуць журналісты ў Чачэнскай рэспубліцы, удзень сеяць хлеб, а ўвечары ружжо з-пад ложка”.

Адразу пасьля гэтых словаў, а “ружжо” прагучала на расейскіх тэлеканалах чыста па-беларуску, А.Лукашэнка зазначыў: “Гэта я прыклад падаю палітыкі АБСЭ. Якое вы маеце права ствараць тут нейкія групы назіраньня ды іншае?”

Паколькі гэты прыклад прагучаў з маскоўскіх тэлеэкранаў, Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Менску, якая прызвычаілася ўжо да падобных заяваў Беларускага тэлебачаньня, распаўсюдзіла сёньня ажно два прэсавых рэлізы, дзе, у прыватнасьці, заявіла, што “у адпаведнасьці зь дзейным у Беларусі выбарчым кодэксам усе грамадзяне надзеленыя правам ажыцьцяўляць унутранае назіраньне за выбарамі, гэта значыць назіраць за ходам выбарчага працэсу ды інфармаваць пра яго”.

Да таго ж, цытую, “бюджэт АБСЭ ды ейных ворганаў кантралюецца АБСЭ”, сьцьвярджаецца ў прэсавым рэлізе Кансультацыйна-назіральнае групы ў Менску.

Апошні пункт, відавочна, ёсьць адказам на наступную заяву А.Лукашэнкі: “Мы плацім унёскі ў АБСЭ, з гэтага фармуецца бюджэт гэтага КНГ АБСЭ, а яны фінансуюць нашую апазыцыю тут, змагаюцца супраць Лукашэнкі за ягоныя ж грошы. Няўжо гэта не асбурд? Я што, мусіў спакойна на гэта глядзець? Не. Таму мы ўзялі пад кантроль бюджэт АБСЭ, гэтай групы, мы маем права на гэта”.

Я патэлефанаваў палітычнаму дарадцу групы Эндру Карпэнтэру ды спытаў, ці кантралюе спадар Лукашэнка бюджэт КНГ АБСЭ.

(Карпэнтэр: ) "Я б адказаў — давайце рабіце высновы самі. Я маю на ўвазе, што кажу, як і заўсёды, — гэта факт, што ён кантралюецца АБСЭ".

Э.Карпэнтэр таксама апярэдзіў маё наступнае пытаньне — пра тое, ці ёсьць нейкая сувязь паміж КНГ АБСЭ ды 14 000 “баевікоў”:

(Карпэнтэр:) "14 000 асобаў? Я б сказаў, што сувязь ёсьць з гэткім фактам: ёсьць прыблізна 7 000 выбарчых участкаў. На мінулых выбарах колькасьць была 6 693, што прыблізна скаладае 7 000. Для мяне ды, думаю, для ўсіх, хто назірае за сытуацыяй, гэта паказвае на 2 назіральнікі на кожны выбарчы ўчастак, што цалкам натуральна", — зазначыў Эндру Карпэнтэр.

Але ён дадаў наступнае, што да 14 000 асобаў:

(Карпэнтэр: ) "Гэтыя лічбы, хутчэй за ўсё, тое, што прасоўвае цэнтральны каардынацыйны камітэт выбарчага маніторынгу як прапанаваную імі колькасьць назіральнікаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Вы мусіце спытаць Грыба, чаму ён хацеў 14 000. Мой адказ быў бы гэткі: таму што 2 на кожны выбарчы ўчастак", — сказаў спадар Карпэнтэр, палітычны дарадца КНГ АБСЭ.

Нагадаю, што цэнтральная каардынацыйная рада на чале зь М.Грыбам назірала за выбарамі ў гэтак званую Палату прадстаўнікоў, але тады ніхто іх баевікамі не называў.

Юры Сьвірко, Менск

XS
SM
MD
LG