Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


У Менску перабывае міністар Расеі па антыманапольнай палітыцы й прадпрымальніцтве Ільля Южанаў. Ён і ягоны беларускі калега, міністар прадпрымальніцтва й інвэстыцыяў Анатоль Скорбеж, падпісалі Дамову аб супрацоўніцтве.

Візыт Ільлі Южанава, паводле ягоных словаў, зьвязаны зь беларуска-расейскімі дамоўленасьцямі пра будаўніцтва саюзнай дзяржавы.

Летась Аляксандар Лукашэнка й Уладзімер Пуцін падпісалі дакумэнт, у адпаведнасьці зь якім Масква й Менск абавязаліся супрацоўнічаць у сфэры бізнэсу. Беларускае й расейскае міністэрствы распрацавалі супольны праект Праграмы падтрымкі малога й сярэдняга бізнэсу.

Аднак гэты праект, як паведамілі міністры на прэсавай канфэрэнцыі, дагэтуль не падпісаны. Затрымка, паводле іхных тлумачэньняў, выкліканая грашовым дэфіцытам саюзнага бюджэту. На фінансаваньне згаданай Праграмы пакуль што не знайшлі грошай.

Тым ня менш, пасьля сёньняшняй сустрэчы Ільля Южанаў і Анатоль Скорбеж абвясьцілі, што адкладаць двухбаковае супрацоўніцтва ня думаюць. Прадстаўнік расейскага ўраду выказаў незадаволенасьць цяперашнім станам гэтага супрацоўніцтва, найперш у практычнай сфэры.

Як сьведчыць статыстыка, нягледзячы на спрыяльны палітычны клімат, прадпрымальнікі Расеі ня маюць вялікага жаданьня працаваць на беларускім рынку. Ільля Южанаў пракамэнтаваў нашаму радыё гэтую сытуацыю.

(Южанаў: ) "Верагодна, няма тых умоваў прыбытковасьці, якую расейскі бізнэс мае ў іншых рэгіёнах. Бо для бізнэсу найгалоўнае — гэта прыбытак, які атрымліваецца ў выніку ўкладаньня капіталу.

Зрэшты, гэта падобна да пытаньня: “Чаму гэтак мала інвэстыцыяў у эканоміку Расеі?” Ды таму, што ў нас не такія ўмовы, як у цывілізаваных краінах. І таму выгадней укладаць капіталы ў Туніс, прыкладам, ці ў Турцыю.

Прыбытковасьць у Расеі меншая, да таго ж, ёсьць пэўныя рызыкі, у тым ліку не камэрцыйныя, а палітычныя”, — зазначыў Ільля Южанаў.

Усё ж ён лічыць, што расейскі досьвед разьвіцьця прадпрымальніцтва больш багаты за беларускі. У прыватнасьці, у сфэры дробнага бізнэсу. Адрозна ад Беларусі, расейскія “чаўнакі” пакуль не праводзяць масавых акцыяў пратэсту.

Як зазначыў Ільля Южанаў, у Расеі няма такой праблемы, як увядзеньне мыты й падаткаў на даданую вартасьць на тавары з “трэціх” краінаў, што ўвозяцца з тэрыторыі Беларусі. Ягоны калега-міністар Анатоль Скорбеж паведаміў сёньня, што гэтая праблема неўзабаве будзе вырашаная і ў Беларусі.

Урад, паводле словаў беларускага міністра прадпрымальніцтва й інвэстыцыяў, падрыхтаваў дакумэнт, які зьмяняе падатковае і мытнае заканадаўства. Што праўда, дадаў ён, гэты дакумэнт мусіць падпісаць Аляксандар Лукашэнка, чыя пазыцыя на гэты конт пакуль невядомая.

Міхал Стэльмак, Менск

XS
SM
MD
LG