Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Урад Беларусі плянуе ўзмацніць кантроль за ўвозам тавараў з Расеі. Адпаведная пастанова Савету міністраў можа набыць моц 1 лютага. Тады на ўсе тавары з Расеі трэба будзе афармляць статыстычную альбо мытную дэклярацыю.

Беларускі ўрад плянуе больш жорстка кантраляваць увоз расейскіх тавараў у Беларусь. Адпаведны праект пастановы Савету міністраў ужо падрыхтаваны ў Міністэрстве эканомікі ды неўзабаве набудзе моц. Магчыма, гэта будзе 1 лютага, так паведамляе “Інтэрфакс” са спасылкаю на дасьведчаную крыніцу ва ўрадзе.

Як сьцьвярджае гэтая крыніца, ужо цяпер багата выпадкаў, калі на мытных складах захоўваюцца тавары, дакумэнты на якія не адпавядаюць рэальнасьці. І таму беларускі бок імкнецца больш пільна сачыць за плынямі расейскага імпарту.

Доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба мяркуе, што такі крок выкліканы жаданьнем беларускага ўраду абараніць сваіх вытворцаў.

(Жаліба: ) "Намер беларускага ўраду ўзмацніць кантроль за імпартам тавараў з Расеі можна патлумачыць адным — расейскія вырабы складаюць усё большую канкурэнцыю беларускім вырабам, гэтым іх выцясьняючы. Мы, спажыўцы, можам пабачыць гэта ў крамах, дзе ўсё больш расейскіх тавараў, як прамысловых, гэтак і харчоў. Часам па такіх самых цэнах, а бывае, што й лепшай якасьці.

Відаць, што здае пазыцыі беларуская эканоміка. Ранейшыя нізкія кошты — у далёкім мінулым. Вось ураду й даводзіцца з аднаго боку выступаць за палітычную інтэграцыю, а з другога — абмяжоўваць плыню расейскага імпарту, каб абараніць айчынных вытворцаў. Калі гэтыя працэсы будуць разьвівацца, ураду не пазайздросьціш — як жа быць з эканамічнай інтэграцыяй?"

Ці не супярэчыць падобная мера дэклярацыям пра беларуска-расейскую інтэграцыю й стварэньне агульнай эканамічнай прасторы? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да эканаміста Леаніда Злотнікава.

(Злотнікаў: ) "Тут ужо й супярэчыць няма чаму. Летась 1 кастрычніка мытная прастора закончыла сваё існаваньне і быў уведзены кантроль за таварамі, якія ідуць з трэціх краінаў праз Расею ў Беларусь.

Калі ж зараз прымуць нейкія падобныя захады да расейскіх тавараў, гэта будзе канец зоне свабоднага гандлю. Гэта будзе наступны крок у дэзінтэграцыі".

Калі падрыхтаваны праект Савету міністраў набудзе моц, тады на любыя тавары, увезеныя з Расеі, імпартэры альбо перавозчыкі мусяць падаваць статыстычную або мытную дэклярацыю.

Ганна Соусь, Менск

XS
SM
MD
LG