Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Вільні працягвае працу сэмінар прадстаўнікоў беларускай апазыцыі. Сэмінар прысьвечаны праблемам негвалтоўнай палітычнай барацьбы. Праводзіць яго Фонд падтрымкі абароны грамадзянаў.

Слухачамі сэмінара зьяўляюцца каля 40 прадстаўнікоў розных беларускіх апазыцыйных рухаў і арганізацыяў. Тым, што прадстаўнікоў беларускай апазыцыі вучаць негвалтоўна змагацца за дэмакратыю, ужо пасьпела абурыцца беларуская амбасада ў Вільні, выказаўшы неўразуменьне з нагоды правядзеньня такога мерапрыемства.

Старшыня літоўскага Фонду падтрымкі абароны грамадзянаў Стасіс Каўшыніс, які зьяўляецца адным з арганізатараў гэтага сэмінару, абурэньне беларускай амбасады пракамэнтаваў наступным чынам:

(Каўшыніс: ) “Ведаеце, гэта ўжо трэці пратэст беларускай амбасады, у прыватнасьці, пасла Гаркуна, з нагоды розных нашых канфэрэнцыяў і мерапрыемстваў. Мы да гэтага прывыклі і лічым бракам, калі нашае мерапрыемства праходзіць без пратэсту беларускай амбасады”.

Беларуская амбасада ў Вільні заявіла, што цяперашні сэмінар накіраваны на дэстабілізацыю цяперашняй сытуацыі ў Беларусі ды стварае перашкоды напярэдадні прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі. Яшчэ адзін з арганізатараў гэтага сэмінару, былы міністар абароны Літвы Аўдрус Буткявічус прытрымліваецца іншага пункту погляду:

(Буткявічус: ) “Я думаю, што гэта зусім няправільна зразуметая сытуацыя. Наадварот, я думаю, што толькі дэмакратычныя адносіны ў краіне могуць гарантаваць стабільнасьць. Негвалтоўная барацьба народу за дэмакратыю зьяўляецца гарантыяй стабільнасьці. Між іншым, калі спадары, што дасылаюць пратэсты, хочуць браць удзел у такіх сэмінарах, мы гатовыя навучаць і іх. Я думаю, што гэта якраз падвысіць стабільнасьць у рэспубліцы і не давядзецца ўжываць міліцэйскія дручкі”.

Ці могуць пратэсты беларускага боку пашкодзіць нейкім чынам далейшай працы гармадзкіх арганізацыяў Літвы па падтрымцы дэмакратычных працэсаў у Беларусі. Вось думка старшыні літоўскага Фонду падтрымкі грамадзянаў Стасіса Каўшыніса:

(Каўшыніс: ) “Літва – дэмакратычная краіна, і мы ня ўрадавая арганізацыя, і пазыцыя ўладаў не акажа ніякага ўплыву на нашую працу. Гэта залежыць ад нашай ініцыятывы, ад цікавых і патрэбных тэмаў. І мы будзем працаваць далей”.

Гаворачы пра тэмы падобных мерапрыемстваў, я папрасіла яшчэ аднаго арганізатара гэтага сэмінару, праваабаронцу Аўдруса Буткявічуса больш падрабязна спыніцца на сутнасьці гэтага сэмінару, які меў назоў “Негвалтоўная барацьба за дэмакратыю і працэс дмакратызацыі Беларусі”.

(Буткявічус: ) “Сутнасьць у вельмі простай праўдзе – кіраўнікі і ўрад залежаць ад людзей, і яны могуць кіраваць толькі тады, калі людзі згаджаюцца зь імі супрацоўнічаць. У тым выпадку, калі людзі адмаўляюцца супрацоўнічаць з кіраўнікамі, іх чакае непазьбежная ізаляцыя і каляпс. Вось як гэта зрабіць, калі кіраўнікі дзейнічаюць насуперак інтарэсам народу, у гэтым сэмінары і вучаць”.

І яшчэ адно пытаньне на завяршэньне. Ці апраўданая ў рэшце рэшт такая шырокая рэкляма падобных мерапрыемстваў, падобных курсаў для беларускай апазыцыі ў сродках масавай інфармацыі. Гэта дае нагоду яшчэ і яшчэ раз афіцыйнаму Менску заяўляць, што, маўляў, дэстабілізатараў унутранай беларускай сытуацыі рыхтуюць за мяжой.
Вось як аргумэнтуе неабходнасьць галоснасьці ў гэтай справе праваабаронца Аўдрус Буткявічус:

(Буткявічус: ) “Я думаю, што інфармацыя не павінна хавацца. Каб яны навучаліся нейкай падрыўной справе – гэта было б іншае. А тое, што людзі вучацца дэмакратычным формам узаемаадносінаў паміж урадам і апазыцыяй, гэта нармальна. У кожнай краіне палітыкі маюць ведаць гэтыя мэтады, павінны навучацца гэтым мэтадам, каб пазьбегнуць памылак. Я думаю, што акцыі непадпарадкаваньня, якія праводзяцца некваліфікавана, ня толькі прыносяць шкоду, але могуць стварыць і небясьпечныя сытуацыі. Так што тое, што людзі вучацца, гэта добра”.

Гутарыла

Алена Радкевіч, Прага

XS
SM
MD
LG