Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Павал Барадзін, арыштаваны паліцыяй у Нью-Ёрку, застаецца ў турме да вырашэньня пытаньні аб ягонай выдачы ўладам Швэйцарыі. Падаем некаторыя публікацыі ў заходнім друку з гэтай нагоды.

Як паведамляе Washington Post, амбасадар Расеі ў ЗША Юры Ўшакоў зьвярнуўся ў суд з просьбай спыніць справу Барадзіна. Ён спрабаваў пераканаць судзьдзю, што няма доказаў крымінальнага характару гэтай справы. Ушакоў заявіў таксама, што расейкі ўрад можа даць гарантыі таго, што Барадзін зьявіцца ў суд, калі будзе вырашацца пытаньне аб ягонай экстрадыцыі. Аднак, судзьдзя Віктар Пагарэльскі адмовіўся выпусьціць арыштаванага пад гарантыі расейскіх дыпляматаў. Ён даў магчымасьць абароне Барадзіна падрыхтавацца да слуханьняў у справе яго выдачы, прызначаных на 5-га лютага.

Газэта нагадвае, што Барадзін быў арыштаваны 17 студзеня ў міжнародным аэрапорце імя Кенэдзі. У ЗША ён прыляцеў на запрашэньне прыватнага амэрыканскага бізнэсоўца, каб прысутнічаць на інаўгурацыі прэзыдэнта Буша. Затрыманьне Барадзіна было адразу скрыткаванае ў Маскве.

Ён быў прызначаны на пасаду дзяржаўнага сакратара ў саюзных ворганах Беларусі й Расеі. Але ўплывовай асобай ён стаў пры былым прэзыдэнце Ельцыне, калі загадваў гаспадаркай Крамля.

Швэйцарскі суд абвінаваціў Барадзіна ў тым, што ён атрымаў хабар ад дьзвюх швэйцарскіх кампаніяў – Мабетэкс і Мерката ў абмен на кантракт з гэтымі фірмамі на рамонт Крамля. Паводле славаў амэрыканскага пракурора Томаса Файрстона, толькі ад Меркаты крамлёўскі “заўгас” атрымаў 4,5 мільёны даляраў.

Тыднёвік Economist піша, што публічная падтрымка Барадзіна з боку прэзыдэнта Пуціна была б палітычна рызыкоўнай для яго. Барадзін быў цэнтральнай асобай у так званай “сям’і” Ельцына, якая складалася з набліжаных да яго асобаў. Барадзін стварыў уласную фінансавую імпэрыю, займеўшы, прынамсі, некалькі сот мільёнаў даляраў і паводзіў сябе адпаведным чынам, што выклікала ў большасьці расейцаў глыбокае абурэньне. Падтрымка Барадзіна з боку Пуціна магла б прывесьці да высновы, што прэзыдэнт страціў сувязь з народам, які прывёў яго да ўлады.

Перадача Барадзіна ў рукі швэйцарскага правасудзьдзя таксама нясе пагрозу. Ён, як ніхто іншы, ведае цёмны бок фінансавых справаў Крамля за ельцынскім часам. Да многіх зь іх быў датычны і Пуцін. Калі Барадзін пачне даваць паказаньні – запісы могуць скласьці цэлыя тамы.

У адносінах паміж Швэйцарыяй і Расеяй раней ужо аднойчы ўзьнікла напружанасьць, калі была сканфіскаваная партыя старых джыпаў, якая накіроўвалася ў Грузію ў якасьці гуманітарнай дапамогі. Расейцы заявілі, што джыпы, прызначаныя для абсугоўваньня турмаў, урэшце маглі трапіць да чачэнскіх паўстанцаў. Пры гэтым расейкія мытнікі далі зразумець швэйцарцам, што перадача ім большай часткі машын магла б вырашыць праблему. Аднак, Швэйцарыя адпрэчыла гэтую прапанову і заявіла, што груз меў дыпляматычны характар, а не прызначаны для бізнэсу ў Расеі.

Апошнім часам Пуцін паспрабаваў адмежавацца ад сваіх былых прыхільнікаў. Цягам апошніх тыдняў расейская пракуратура дапытала некалькіх чалавек з атачэньня Ельцына, сярод якіх – міністар атамнай энэргетыкі і старшыня Цэнтрабанку. І хаця яны абверглі ўсе абвінавачаньні, сам факт іхнага допыту быў бы неверагодным усяго год таму. Нават калі Барадзін вернецца ўрэшце дамоў, яго чакае непрыемны сюрпрыз, бо выглядае, што ён пазбаўлены сваёй сінекуры ў беларуска-расейскім саюзе.

Віталь Тарас, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG