Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Павал Барадзін паводле рашэньня амэрыканскага суда застаецца пад арыштам у фэдэральнай турме ў Брукліне. Нашая карэспандэнтка ў Нью-Ёрку падае некаторыя падрабязнасьці судовых слуханьняў.

Паводле амэрыканскай судовай сыстэмы, менавіта судзьдзя вырашае лёс затрыманага чалавека. У выпадку з Паўлам Барадзіным судзьдзя Віктар Пагарэльскі (паляк паводле паходжаньня) не знайшоў дастаткова падставаў, каб вызваліць Барадзіна.

На думку прысутных на судовых слуханьнях, расейскі бок у абароне Барадзіна зрабіў шэраг памылак, да якіх аднесьлі і катэгарычны выступ амбасадара Расеі Юрыя Ўшакова. Акрамя таго, судзьдзя не разумеў некаторыя фармулёўкі, што прачытаў Ушакоў. Ён некалькі разоў спыняў расейскага амбасадара і перапытваў, што ён мае на ўвазе, гаворачы нешта.

Пакуль выступалі прадстаўнікі расейскга боку, скончыўся час для таго, каб судзьдзя мог разабрацца ў патрабаваньнях швэйцарскага боку да Барадзіна. Так і не пасьпелі нью-ёркскія адвакаты запрасіць экспэрта, які б патлумачыў, што Швэйцарыя не давала ордэр на арышт Паўла Барадзіна, а выпісала толькі позву.

Як стала вядома, ніколі ў справе Барадзіна не было гаворкі аб вызваленьні пад задатак. Такім чынам, рашэньне суду зараз канчатковае, і на думку амэрыканскіх юрыстаў, Барадзін можа застацца ў турме ў Нью-Ёрку нават і на два гады.

Фэдэральная турма ў Брукліне, дзе зараз знаходзіцца Барадзін, гэта фактычна сьледчы ізалятар. Яна называецца фэдэральная сьледчая турма. Там утрымліваюць усіх, хто чакае судовага рашэньня. Начальнік турмы заўважае, што траціна ўсіх арыштантаў – эмігранты з былога савецкага саюзу. І менавіта таму, на думку амэрыканцаў, Барадзін там патрабуе найбольш пільнай аховы. Начальнік турмы таксам заўважыў, што ахоўваць Барадзіна будуць пільна: “Мы ня хочам, каб з-за нашай памылкі пачалася трэцяя сусьветная вайна”.

Галіна Прыгара, Нью-Ёрк

XS
SM
MD
LG