Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


На выніковай калегіі Міністэрства аховы здароўя Ўладзімер Замяталін зрабіў шэраг адметных заяваў сэксалягічнага й гінэкалягічнага зьместу. Прыкладам, “у грамадзтве існуе гомасэксуалізм, не ўласьцівы нам”, альбо “раньняе знаёмства школьніц з гінэкалягічнымі захворваньнямі”. Гэтыя ды іншыя выказваньні Ўладзімера Замяталіна камэнтуе былы акушэр-гінэколяг Міністэрства аховы здароўя Зьміцер Міхнюк.

На калегіі Міністэрства аховы здароўя Ўладзімер Замяталін заявіў пра тое, што журналісты ня ёсьць чацьвёртай уладай. На ягоную думку, “найбольш прэтэндаваць на такую назву маглі б лекары, бо яны садзейнічаюць зьяўленьню чалавека на сьвет, суправаджаюць яго ў апошнія хвіліны жыцьця й забясьпечваюць яму жыцьцёвы камфорт”.

Намесьнік кіраўніка Лукашэнкавай адміністрацыі Ўладзімер Замяталін таксама быў заклапочаны “раньнім знаёмствам школьніц з гінэкалягічнымі захворваньнямі”.

Вось як тлумачыць ягоную цікавасьць да гэтай сфэры былы галоўны акушэр-гінэколяг Міністэрства аховы здароўя Зьміцер Міхнюк. Дарэчы, менавіта пры дзейсным удзеле Ўладзімера Замяталіна спадара Міхнюка летась зволілі з гэтай пасады.

(Міхнюк: ) "Гэты інтарэс у яго зьявіўся летась, калі ён распачаў “паляпшаць” акушэрска-гінэкалягічную службу. І гэтак “палепшыў”, што калі ў 1999 годзе з-за ўскладненьняў пры цяжарнасьці ды родах памерлі 14 жанчын, дык летась — ужо 24.

Мабыць, ён мае схільнасьць да гінэкалёгіі. Я ведаю, што ён — чалавек ваенны, палітработнік. Але ня ведаю, ці мае ён нейкі мэдычны або біялягічны сэртыфікат. Гэта, напэўна, ягонае ўнутранае памкненьне”.

У часе калегіі Ўладзімер Замяталін таксама выказаў заклапочанасьць тым, што ў сталічным Палацы шлюбаў рэгіструюць пары, якія маюць вялікую розьніцу ва ўзросьце.

Спадар Замяталін узгадаў выпадак, калі малады хлопец ажаніўся з жанчынай, якая на 30 гадоў старэйшая за яго. Гэта, як зазначыў намесьнік кіраўніка Лукашэнкавай адміністрацыі, сьведчыць пра тое, што “маладыя людзі, падобныя да мужчынаў, хаваюцца за вузкія жаночыя плечы”. Яны не жадаюць служыць у войску, баяцца быць інжынэрамі ды хірургамі, а “ўсе хочуць быць эколягамі”.

Спадар Замяталін таксама быў заклапочаны тым, што “ў грамадзтве існуе гомасэксуалізм, не ўласьцівы нам”. Вось як камэнтуе гэтыя заявы была галоўны акушэр-гінэколяг Зьміцер Міхнюк.

(Міхнюк: ) “Ягонае выказваньне — сьведчаньне неразуменьня ды нізкага адукацыйнага ўзроўню. Сёньня навукай ужо даказана, што ў людзей з гомасэксуальнымі праявамі ёсьць пэўныя гарманальныя парушэньні, якія запачаткоўваюцца яшчэ ва ўлоньні маці.

І казаць, што толькі выхаваньне альбо дрэнныя паводзіны прыводзяць да гомасэксуалізму, было б няправільна. Але Замяталін думае, што ён можа загадаць — і гомасэксуалізм зьнікне. Але гэтак яму толькі падаецца”.

Ганна Соусь, Менск

XS
SM
MD
LG