Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Тацяна Леановіч, жонка дэпутата Андрэя Клімава, звярнулася ў міліцыю. Яна сьцьвярджае, што ўжо больш за два тыдні невядомыя асобы сочаць за ейнай кватэрай ды праслухоўваюць хатні тэлефон.

Тацяна Леановіч зьвярнулася ў міліцыю ды ў прадстаўніцтва АБСЭ ў Беларусі па дапамогу. Яна сьцьвярджае, што яе пільнуюць невядомыя асобы. Кажа, што ейны тэлефон праслухоўваецца, за кватэрай сочаць.

А пачаліся чарговыя праблемы Клімавых са спробы Тацяны сабраць 96 000 даляраў на кампэнсацыю стратаў, якія, паводле суду, нанес яе муж дзяржаве. Распавядае Тацяна Леановіч.

(Леановіч: ) "Апошнім часам, як я абвесьціла пра збор сродкаў дзеля выкупу майго мужа з турмы, я пачала турбавацца з-за тэлефону. Тэлефон то працуе, то не працуе, а робат паведамляе, што абанэнт "самаадключыўся". Дзіўна, але гэта закранула й маіх суседзяў па пляцоўцы, у іх адбываецца тое самае", — распавяла Тацяна.

Жонка Клімава патлумачыла, што пляніроўка іхнага дому дазваляе ізаляваць пляцоўку ад лесьвіцы й ліфта. На пляцоўцы, акрамя кватэры Клімавых, яшчэ тры кватэры. Такім чынам, усе яны за мэталёвымі дзьвярыма, ключы ад якіх мае кожны сусед.

Аднак мінулай ноччу нехта прабраўся за дзьверы й корпаўся ў шчытках з электрычнай і тэлефоннай праводкай. Гэта пацьвярджаюць суседзі, у аднаго зь іх тэлефонны дрот сапсаваны.

Начное здарэньне прымусіла Тацяну зьвярнуцца ў міліцыю. Яна ўзгадала, што пасьля затрыманьня мужа ў кватэры быў вобшук і сьледчыя забралі ключы, у тым ліку ц ключ ад мэталёвых дзьвярэй, якога дагэтуль не вярнулі.

Сёньня Тацяна патэлефанавала ў сьледчы камітэт спадару Алешкіну, які вёў справу Клімава, але той рашуча абверг меркаваньне, што забраныя ў Клімава ключы могуць трапіць у чужыя рукі.

(Леановіч: ) "Сьледчы катэгарычна адмаўляе, што гэты ключ увогуле можа трапіць да некага іншага ды можа быць скарыстаны дзеля таго, каб трапіць да нас".

Суседзі Клімавых таксама запэўніваюць, што ключоў нікому карыстацца не давалі, хаця цалкам Тацяна гэтага не выключае. І ўсё ж яна мяркуе, што ў цэнтры ўвагі апынулася менавіта ейная кватэра.

(Леановіч: ) "Гэта могуць быць два варыянты — альбо зацікаўленыя ў грашах людзі, альбо спэцслужбы. Калі гэта спэцслужбы, то яны, відаць, ня столькі пільнуюць, колькі ціснуць на мяне псыхалягічна".

Тацяна Леановіч прызнае, што сваёй мэты гэтыя людзі ўжо дамагліся.

(Леановіч: ) "Усё гэта мяне вельмі пужае, баюся за дзяцей, за сябе. Хачу сказаць: калі гэта спэцслужбы, хай яны сьцішацца, калі ж гэта крымінальнікі хочуць нечага, думаюць, што я тут у хаце зьбіраю грошы на выкуп майго мужа, дык гэта няпраўда".

Сёньня жонка Клімава звярнулася ў райаддзел міліцыі з просьбай правесьці расьсьледваньне гэтай сытуацыі, а таксама паінфармавала місію АБСЭ ў Беларусі.

Варта таксама дадаць, што таемнае сачэньне за сваякамі палітычных вязьняў і зьніклых апазыцыянэраў — зьява даволі распаўсюджаная ў Беларусі. Прыкладам, жонка Віктара Ганчара ня раз заяўляла, што за ёю ходзяць шпегі, а ейныя тэлефонныя размовы праслухоўваюцца.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG