Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня ў Страсбургу адбылася афіцыйная цырымонія прыёму ў Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы Армэніі і Азэрбайджану. Гэтыя дзьве краіны далучыліся да вялікай эўрапейскай сям’і, якая сёньня налічвае 43 краіны і 800 мільёнаў жыхароў.

Ля галоўнага будынку Рады Эўропы разгорнутыя сьцягі 43 краінаў, што цяпер уваходзяць у Раду Эўропы. Тут не хапае толькі сьцягоў Беларусі, Босьніі і Герцагавіны, Югаславіі і Манака. Сёньня раніцай генэральны сакратар Рады Эўропы Вальтэр Швіммэр пад час сьняданку з журналістамі выказаў думку, што 44-м сябрам Рады Эўропы стане Югаславія. У Беларусі такіх пэрспэктываў няма.

Гаворыць дэпутат ПАРЭ ад Армэніі Армэн Арустамян:

(Арустамян: ) “Я сачу за абмеркаваньнем сытуацыі ў Беларусі, але існуе такая думка, што ў Беларусі ня той рэжым, які можа спрыяць разьвіцьцю дэмакратыі”.

Міністру замежных справаў Азэрбайджану Гуліеву я нагадаў словы Лукашэнкі аб ягонай кріане. Калі ў 1999 годзе Грузію прынялі ў склад РЭ, Лукашэнка сказаў: “Яны і Азэрбайджан прымуць. А ў нас, у Беларусі, хіба дэмакратыі менш, чым у Грузііі ці Азэрбайджане?” У адказ вопытны дыплямат сказаў наступнае:

(Гуліеў: ) “Прэыздэнт Лукашэнка яшчэ два гады таму сказаў, што Азэрбайджан і Армэнія стануць сябрамі Рады Эўропы. Гэта дальнабачнасьць вашага прэзыдэнта. Думаю, што Беларусь мусіць працаваць сумесна з Радай Эўропы. У Менску маюць прыслухоўвацца да парадаў гэтай уплывовай арганізацыі. Толькі такім чынам можна знайсьці паразуменьне”.

Свой погляд на праблему ў Беларусі выказаў вядомы расейскі журналіст, галоўны рэдактар радыёстанцыі “Эхо Москвы” Аляксей Венядзіктаў:

(Венядзіктаў: ) “Калі дэлегацыя ПАРЭ заявіла прэзыдэнту Аліеву, што ў 65 акругах пад час выбараў у парлямэнт Азэрбайджану былі парушаныя правілы Рады Эўропы і дэмакратыя, Гэнеральная пракуратура краіны ўнесла пратэст, вынікі ў гэтых акругах былі скасаваныя, і там зноў прайшлі выбары пры ўдзеле назіральнікаў зь міжнародных арганізацыяў. Такім чынам Азэрбайджан прадэманстраваў сваё жаданьне ўступіць у Раду Эўропы. На жаль, Аляксандар Лукашэнка не прыслухоўваецца да рэкамэндацыяў Рады Эўропы”.

Уладзімер Глод, Страсбург

XS
SM
MD
LG