Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Менгарвыканкаме адбылася сустрэча прадстаўнікоў уладаў і прафсаюзных лідэраў.

Ініцыяваў сёньняшнюю сустрэчу старшыня гарвыканкаму Міхал Паўлаў. Ён сказаў, што з гэтага часу спадзяецца на канструктыўнае супрацоўніцтва з прафсаюзамі.

Прафсаюзы прадстаўлялі кіраўнікі прафкамаў сталічных прадпрыемстваў ды арганізацыяў. Паводле прафсаюзных зьвестак, Менгарвыканкам запрасіў каля сотні прафсаюзных лідэраў, зь якімі напярэдадні ўлады правялі перамовы.

Аднак на сёньняшнюю сустрэчу зьявілася толькі каля паловы запрошаных. Сталічныя “вэртыкальшчыкі”, намесьнікі міністраў ды дэпутаты так званага Нацыянальнага сходу патлумачылі прадстаўнікам прафсаюзаў, што ад іх патрабуецца ляяльнае стаўленьне да ўладаў. Маўляў, улады цесна займаюцца сацыяльна-эканамічным становішчам працоўных.

Згаданая частка прафсаюзных лідэраў, паводле пляну гарвыканкаму, павінна ініцыяваць стварэньне Менскага гарадзкога прафсаюзу, які будзе падпарадкоўвацца не Фэдэрацыі прафсаюзаў, а гарадзкім уладам.

Ужо знайшлі кандыдатуру старшыні меркаванага прафсаюзу. Гэта Чэслаў Федаровіч — намесьнік старшыні аб’яднаньня галіновых прафсаюзаў Менску й Менскай вобласьці, які адкрыта выступіў на баку “вэртыкалі” ды зараз актыўна займаецца раскольніцкай дзейнасьцю ў прафсаюзным асяродку.

Вось як пракамэнтаваў сёньня нашаму радыё гэтыя падзеі старшыня Менскага гаркаму прафсаюзу культуры Ўладзімер Мамонька:

(Мамонька: ) "Пытаньне яснае: ствараць ці не ствараць сталічны прафсаюз. Здаецца, гэта нармальна: мусіць быць у сталіцы й сталічная арганізацыя. Але чаму сёньня гэта робіцца? Фактычна разбураецца старая, сталая структура.

І ў гэтым пляне нічога канструктыўнага ў гэтых дзеяньнях няма. Бо вялікая арганізацыя — гэта сіла. Я разглядаю сытуацыю як спробу зрабіць гэтак, каб прафсаюзаў — вызначаных, аб'яднаных — не было".

Паводле словаў У.Мамонькі, раскол прафсаюзнага руху ў Менску мае сваёй мэтай скасаваньне галіновага прынцыпу дзейнасьці прафсаюзаў. Пры такім разьвіцьці падзеяў фінансавае банкруцтва пагражае Фэдэрацыі прафсаюзаў.

Рэч у тым, што Менгарвыканкам паабяцаў, што ў новай арганізацыі ня будзе пералічэньняў прафсаюзных складак кіраўніцкім органам. Вось чаму кіраўніцтва Фэдэрацыі ўсяляк спрабуе прадухіліць раскол. Сёньня яна распаўсюдзіла заяву, што згаданыя дзеяньні сплянаваныя адміністрацыяй Лукашэнкі.

Апроч ініцыятывы расколу прафсаюзнага руху ў сталіцы, у дакумэнце Фэдэрацыі агучаныя іншыя пляны атачэньня Лукашэнкі. У прыватнасьці, улады зьбіраюцца радыкальна зьмяніць неўзабаве закон “Аб прафэсійных саюзах”, адмовіцца ад падпісаньня з Фэдэрацыяй Генэральнага пагадненьня, а таксама заняцца стварэньнем на прадпрыемствах замест прафсаюзаў прадстаўнічых органаў працоўных калектываў.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG