Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Дзень беларускай навукі. Беларускія навукоўцы маюць няшмат падставаў для аптымізму, хутчэй наадварот. Старшыня Дзяржаўнага камітэту ў справе навукі й тэхналёгіяў Анатоль Лесьніковіч кажа, што Беларусь на 30 гадоў адстае ад заходніх краінаў па тэхналягічных паказчыках.

У Беларусі цяпер каля 45 000 навукоўцаў. Паводле міжнародных крытэраў, гэта вельмі мала для эўрапейскай краіны з 10-мільённым насельніцтвам.

Фінансуецца беларуская навука сьціпла — усяго 3–4% з нацыянальнага бюджэту. У заходніх краінах на навуку выдаткоўваецца звычайна 11–16% зь бюджэту. Паводле старшыні Камісіі ў справе навукі й адукацыі БНФ Івана Саверчанкі, фінансаваньне беларускай навукі мусіць быць у 3–4 разы большым за цяперашняе.

Недастатковае й тэхнічнае забесьпячэньне беларускіх навукоўцаў — абмежаваны доступ да Інтэрнэту, наяўнасьць кампутарнай тэхнікі (усяго 5-6% ад патрэбаў). Але найбольш востра, як мяркуе Іван Саверчанка, паўстае праблема кіраваньня навукай з боку ўлады.

(Саверчанка: ) "Дзяржаўныя органы, Савет міністраў, адміністрацыя Лукашэнкі маюць нявызначанасьці й праблемы кібэрнэтычнага парадку. Яны нядобра арыентуюцца ў сучасных стандартах і падыходах. Некаторым зь іх падаецца, што калі ўсё жорстка ўніфікаваць і зрабіць "вэртыкаль" навуковую, будзе дасягнуты максымальны эфэкт.

Насамрэч гэта ілюзія. У навуцы прынцыпова важна, каб была канкурэнцыя і магчымасьць вольнага абмеркаваньня праблемаў. Таму сытуацыя 1991–94 гадоў — найлепшая мадэль. Тады была поліцэнтрычнасьць навукі, была акадэмічная навука, унівэрсытэцкая навука, завадзкая навука і галіновая навука. Ня знаю, чые гарачыя галовы надумалі ліквідаваць гэтую паліцэнтрычнасьць навукі".

Вяртаючыся да пэрыяду 1991–94 гадоў і тагачаснага стаўленьня ўладаў да навукі, спадар Саверчанка ўзгадаў таксама пра створаны тады Нацыянальны фонд фундамэнтальных дасьледаваньняў, пры дапамозе якога было рэалізавана шмат навуковых праектаў.

Апошнім часам, зазначыў спадар Саверчанка, стаўленьне ўладаў да навукі моцна зьмянілася, што адбілася на выніках. Як паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэту ў справе навукі і тэхналёгіяў Анатоль Лесьніковіч, цяпер Беларусь па тэхналягічных паказчыках адстае ад заходніх краінаў на 30 гадоў. І гэта, паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, ужо амаль незваротна.

(Злотнікаў: ) "Мы адсталі, мяркую, ужо назаўжды. Не дагонім мы ніколі, таму што няма той навукі, якую можна называць навукай нашай краіны.

Навука ўжо інтэрнацыянальная. Нашы навукоўцы езьдзяць на захад цяпер — хто на некалькі месяцаў, хто на некалькі гадоў. Інтэграцыя беларускіх навукоўцаў у міжнародную навуку будзе працягвацца, і навукі нашай як такой болей ужо ня будзе".

Апошнім часам, як паведаміў нашаму радыё Іван Саверчанка, у навуковых колах ходзяць чуткі пра магчымую ліквідацыю Нацыянальнай акадэміі навук як самастойнай навуковай установы, альбо прыніжэньне ейнага статусу ці зьмяншэньне фінансаваньня. Калі гэта спраўдзіцца, тады, мяркуе Іван Саверчанка, такая зьмена стане апошнім ўдарам, які наўрад ці вытрымае беларуская навука.

Ганна Соусь, Менск

XS
SM
MD
LG