Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У кантэксьце сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Аскарам Акаевым варта зьвярнуцца да палітычных і эканамічных працэсаў у Кыргызстане, якія, на думку аглядальнікаў, маюць вялікія паралелі зь Беларусьсю. Мы зьвярнуліся з пытаньнямі адносна палітычнай сытуацыі ў Кыргызстане і магчымых прычынаў сустрэчы Акаева з Лукашэнкам да супрацоўніка Кыргызскай службы Радыё Свабода Эсэнбая Нурушава…

(Нурушаў: ) “Пасьля мінулагодніх парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў у Кыргызстане вельмі цікавая палітычная сытуацыя. Рэч у тым, што ўсе прадстаўнікі апазыцыі, якія бралі ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, пасьля паразы неяк сьціхлі. Яны ў адзін голас сталі абвінавачваць лідэра апазыцыі спадара Кулава, што ён, маўляў, вельмі адмоўна згуляў у гэтым працэсе, я не разумею, што маецца на ўвазе. У друку былі публікацыі, у якіх Кулава абвінавачвалі, што ён працаваў на ўлады. На дадзены момант самога Кулава арыштавалі, асудзілі на 7 гадоў з канфіскацыяй усёй маёмасьці. Ягоныя паплечнікі праводзяць акцыі пратэсту ў Бішкеку”.

Аляксандар Лукашэнка часта паўтарае, што апазыцыю ў Беларусі падтрымлівае мінімальная частка насельніцтва. Я запыталася ў Эсэнбая Нурушава ці падтрымліваюць апазыцыю шырока ў Кыргызстане?

(Нурушаў: ) “У нас таксама ўлады, падобна спадару Лукашэнку, лічаць, што апазыцыя ня мае так бы мовіць сацыяльнай базы сярод насельніцтва. На мой погляд, у Кыргызстане ўсё ж ёсьць апазыцыя, але апазыцыя, партыі не маглі дамовіцца. Яны не змаглі выставіць адзінага кандыдата на выбарах і ў выніку кожны паасобку атрымалі моцную паразу ад адміністрацыі Акаева”.

Адносна візыту на эканамічны форум у Швэйцарыю, супрацоўнік Кыргызскай службы Радыё Свабода Эсэнбай Нурушаў паведаміў, што мала вядома, зь якім багажом і якой камандай едзе туды Акаеў. Самая верагодная вэрсія – рэабілітаваць імідж краіны перад міжнароднымі арганізацыямі, бо пасьля скандалаў пад час прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў, хаду якіх рэзка крытыкавала АБСЭ, Міжнародны валютны фонд паставіў умову: калі Кыргызстан хоча разьлічваць на дапамогу, афіцыйны Бішкек мусіць палепшыць сытуацыю ў сфэры правоў чалавека. Запазычанасьць Кыргызстану ў пяць разоў перавышае гадавы бюджэт краіны, таму важнасьць міжнароднай дапамогі сумненьня не выклікае. Эсэнбай Нурушаў правёў тут паралелі з Аляксандрам Лукашэнкам, які замежную дапамогу фактычна называе купляй.

(Нурушаў: ) “Прэзыдэнт Акаеў шмат разоў паўтараў пра неабходнасьць фінансавага супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі для стабілізацыі краіны”.

Калі гаварыць пра сёньняшні візыт Акаева ў Менск, дык вэрсія афіцыйнага беларускага боку наступная – настойлівая ініцыятыва сустрэчы з боку Акаева. Я зьвярнулася да Эсэнбая Нурушава па камэнтар…

(Нурушаў: ) “Я дакладна ня ведаю пра матывы гэтай сустрэчы. Магчыма, гэта пытаньні двухбаковых дачыненьняў. Магчыма – саюз Беларусі і Расеі і пэрспэктывы далучэньня да гэтага саюзу Кыргызстана. Я б хацеў адзначыць наступнае: тое, што робіцца ў Беларусі, у нас капіюецца. Перад адлётам у Давос Акаеў правёў нараду, на якой заявіў літаральна наступнае: у Кыргызстане трэба ўсталяваць амаль сталінскі парадак”.

З супрацоўнікам Кыргызскай службы Радыё Свабода Эсэнбаем Нурушавым гутарыла

Вольга Караткевіч, Прага

XS
SM
MD
LG