Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Гомельскі абласны суд пастанавіў ліквідаваць моладзевы культурна-асьветны цэнтар "Яравіт". Гэта другая грамадзкая суполка, што ліквідуецца праз суд на гэтым тыдні.

Прычына ліквідацыі культурна-асьветнага цэнтру "Яравіт" такая самая, што й у "Абяздоленых бальшавізмам". Фармальна цэнтар не прайшоў перарэгістрацыі паводле дэкрэту Лукашэнкі. Ініцыявала ліквідацыю ізноў Управа юстыцыі аблвыканкаму. Пазоў у суд падпісаў ейны начальнік Валянцін Макарэвіч. Менавіта ён 1,5 года таму адмовіў культурна-асьветнаму цэнтру ў рэгістрацыі — не спадабалася назва "Яравіт".

Спаслаўшыся на Савецкі энцыкляпэдычны слоўнік выданьня 1983 году Ўправа паведаміла тады кіраўніку цэнтру Яўгену Касьцюшку, што "Яравіт" у балцкіх славян — бог вайны, таму назоў не супадае з мэтамі і задачамі культурна-асьветнай дзейнасьці.

Пры гэтым чыноўнікі не дачыталі тлумачэньня, дзе напісана, што Яравіт зьвязаны і з культам веснавой урадлівасьці. Тут ужо ёсьць сувязь з асьветнай дзейнасьцю. Дарэчы, такой дзейнасьцю цэнтар "Яравіт" і займаўся. Зусім нядаўна, на падставе матэрыялаў наладжаных навуковых канфэрэнцыяў, сябры цэнтру "Яравіт" падрыхтавалі й выдалі зборнік "Традыцыі беларускай дзяржаўнасьці".

Што для "Яравіта" рашэньне суду ліквідаваць цэнтар? Распавядае Яўген Касьцюшка:

(Касьцюшка: ) "Страчваецца рэальнае поле для фармальнай дзейнасьці. А праца так ці інакш будзе працягвацца".

Дадам, што пасьля сумнавядомай перарэгістрацыі Гомельшчына страціла цэлую сотню грамадзкіх фармаваньняў.

Казімер Яноўскі, Гомель

XS
SM
MD
LG