Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Аляксандар Лукашэнка жадае прызначыць на месца Паўла Барадзіна нейкага беларускага чыноўніка. Паводле зьвестак маскоўскіх палітыкаў, для таго, каб абмеркаваць гэтую прапанову, ён прыяжджаў у Маскву. Рэпартаж з Масквы.

Па словах дэпутата Дзярждумы Аляксея Мітрафанава, А. Лукашэнка і наведаў Маскву менавіта для таго, каб дамагчыся часовай замены Барадзіна на нейкага беларускага чыноўніка. Справа ў тым, тлумачыць дэпутат, што Барадзін быў адзіным распараджальнікам фінансавых сродкаў у межах беларука-расейскага саюзу. Ягоная адсутнасьць спыняе любую фінансавую дзейнасьць, рэалізацыю любых саюзных праектаў, і Лукашэнка жадае, каб выканаўцам абавязкаў дзяржсакратара стаў прадстаўнік Беларусі, нягледзячы на тое, што гэтае месца зарэзэрваванае за Расеяй.

Па інфармацыі Мітрафанава, Лукашэнка пад час знаходжаньня ў Маскве абмяркоўваў сваю папанову ў тым ліку і з прадстаўнікамі адміністрацыі расейскага прэзыдэнта. Але Мітрафанаў лічыць, што Лукашэнка не намагаўся сустрэцца з самім Пуціным.

Пра тое, што сустрэча з прэзыдэнтам Расеі не плянавалася, заявіў сёньня і міністар замежных справаў Расеі Іваноў. Па словах міністра, яму (цытую) “невядомыя сапраўдныя матывы настолькі пасьпешлівага ад’езду А.Лукашэнкі з Масквы”.

У гэтую вэрсію ня надта вераць расейскія сродкі масавай інфармацыі. Так, газэта “Коммерсантъ” лічыць, што Пуцін усё ж адмовіўся сустрэцца з Лукашэнкам. Такім чынам, лічыць газэта, беларускаму госьцю далі зразумець, што яму ня варта разьлічваць на падтрымку Расеі ня толькі ў абароне Барадзіна, але і наогул у канфрантацыі з Захадам. Гэтую думку абгрунтаваў кіраўнік замежнага аддзелу газэты “Московские новости” Зьміцер Бабіч. Крэмль, заначыў ён, зараз жадае мець добрыя адносіны з новай амэрыканскай адміністрацыяй і таму ня можа падтрымліваць жорсткую антызаходнюю палітыку Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку і ў справе Барадзіна. Бабіч лічыць, што Лукашэнка ўсё больш губляе шанцы наладзіць з Пуціным такія ж нефармальныя адносіны, як з Барысам Ельцыным, бо сёньняшняму прэзыдэнту Расеі не падабаецца папулісцкі палітычны стыль Лукашэнкі.

З такім пунктам погляду не пагаджаецца дэпутат Аляксей Мітрафанаў. На ягоную думку, Лукашэнку мусяць задавальняць і сёньняшнія адносіны з афіцыйнай Масквой. Спадар Мітрафанаў зазначыў (цытую): “Вялікіх палітычных разыходжаньняў з Масквой у Лукашэнкі няма. Паводле ацэнкі Крамля, Лукашэнка кантралюе сытуацыю ў Беларусі і без вялікіх праблемаў павінен выйграць выбары. Масква наўрад ці будзе рабіць стаўку на іншага палітыка, і таму Лукашэнка не павінен хвалявацца”.

Віктар Дзятліковіч, Масква

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG