Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Былы міністар фінансаў Чэхіі, цяперашні дэпутат парлямэнту, цьвёрды антыкамуніст Іван Піліп і сябра прадэмакратычнага фонду краіны, адзін са студэнцкіх лідэраў часоў “аксамітнае рэвалюцыі”, былы парлямэнтар Ян Бубэнік паўстануць перад кубінскім судом за сустрэчу з тамтэйшымі дысыдэнтамі, якая была кваліфікаваная Гаванай як “контррэвалюцыйная змова”. Пра гэта на сваіх старонках паведамляе газэта Wall Street Journal іn Europe.

Дысыдэнцкі рух на Кубе становіцца ўсё больш небясьпечнай праблемай для рэжыму Фідэля Кастра.

Адмысловая Дырэкторыя, якая знаходзіцца ў Майямі (штат Флорыда) падтрымлівае кубінскіх дысыдэнтаў. Дырэкторыя сьведчыць, што летась на выспе было зафіксавана 400 акцыяў пратэсту.

У адкрытым лісьце блёк з больш як 70 дысыдэнцкіх групаў Кубы паведаміў, што толькі ў сьнежні ўлады выспы правялі звыш 270 арыштаў шараговых апазыцыянэраў, а 300 асобаў былі палітычна рэпрэсаванымі. У мінулым месяцы на Кубе арыштавалі трох швэдаў, двух літоўцаў і аднаго мэксыканца.

Гэткі чынам, арышт чэскіх палітыкаў – гэта апошняе зьвяно ў ланцугу змаганьня рэжыму Фідэля Кастра з іншадумствам.

“Апошнім часам, – піша Wall Street Journal іn Europe, – Кастра спрабаваў выставіць зьбяднелую Кубу як месца з добрым інвэстыцыйным кліматам”. Частка ягонай стратэгіі палягала ў тым, каб дазволіць замежным афіцыйным асобам сустракацца з дысыдэнтамі. Але цяпер Куба апынулася паміж міжнародным ціскам і ўпартым супрацівам з боку ўнутранай апазыцыі. “Арышт чэхаў, – робіць выснову газэта, – выглядае часткай новай стратэгіі, мэта якой скасаваць рост дысыдэнцкага руху”.

Калі апазыцыя выйдзе з-пад кантролю, ізаляваць яе можна будзе толькі падвойнымі намаганьнямі. Арышт мінулага тыдню паказвае, што Кастра гатовы ахвяраваць сваім крохкім іміджам у імя нэўтралізацыі замежных прадстаўнікоў, якія маглі б даваць матэрыяльную і маральную падтрымку кубінскім дысыдэнтам.

Але законы жыцьця не дазваляюць быць адначасна адкрытым і рэпрэсыўным. Намаганьні выглядаць цывілізаваным, жаданьне быць прызнаным як законны кіраўнік дзяржавы, спробы палепшыць турызм і прыцягнуць замежныя інвэстыцыі павелічваюць колькасьць кантактаў паміж замежнікамі і кубінцамі.

“Чэхі, – піша Wall Street Journal іn Europe, – прыехалі на Кубу як турысты. Так робяць шматлікія праваабаронцы, якія жадаюць маральна падтрымаць прыгнечанае насельніцтва. Тое, што Фідэль Кастра вымушаны быў паказаць сябе ў сапраўдных колерах, выстаўляе на першы плян вялікую маральную адказнасьць усясьветнай супольнасьці ў справе ціску на Кубу з мэтай падтрымаць тамтэйшае змаганьне за правы чалавека.

У абарону арыштаваных Івана Піліпа і Яна Бубэнэка выступіў Эўрапарлямэнт.

Арышты і затрыманьні чэскіх праваабаронцаў вядомыя і ў Беларусі.

На нашую просьбу прэзыдэнт чэскага фонду “Чалавек у нядолі” Шымон Панэк параўнаў кубінскую і беларускую сытуацыі:

(Панэк: ) “Пры ўсёй агіднасьці рэжыму Лукашэнкі, у Беларусі справы ўсё ж лепш, чым на Кубе. У Беларусь і зь Беларусі можна больш-менш вольна езьдзіць, там можна прынамсі трохі разьвіваць неафіцыйныя структуры і г.д. Але тое, што ў Беларусі справы крыху лепшыя – гэта ня значыць, што мы павінны былі б забыцца на яе: бо гэтая краіна – наша суседка і ў дадатак – апошняя дыктатура ў Эўропе пасьля падзеньня Мілошавіча. Так што калі чэскія грамадзяне і патрапляюць час ад часу ў небясьпечныя сытуацыі, дапамагаючы тым краінам, якія змагаюцца супраць дыктатараў – гэта сваеасаблівая сплата нашых уласных даўгоў: бо мы памятаем, як людзі з заходніх краінаў прыяжджалі ў Чэхаславаччыну да 89 году, каб дапамагаць дысыдэнтам, незалежным журналістам, прывозілі нейкія друкавальныя машынкі, кампутары, яшчэ нешта – карацей, рабілі ўсё, каб гэтыя змагары ў Чэхіі – як цяпер і ў Беларусі, і на Кубе – мелі хаця б нейкія сродкі, каб гэты супраціў працягваўся, і раней альбо пазьней прыводзіў да зьвяржэньня дыктатуры, якая была і тут”.

Гэта быў прэзыдэнт фонду “Чалавек у нядолі” Шымон Панэк.

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

XS
SM
MD
LG