Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Менскі гарадзкі суд перадалі крымінальную справу на былога дырэктара фірмы “Пушэ” А.Пупейку ды на кіраўнікоў некалькіх даччыных фірмаў “Пушэ”.

Гарадзкая пракуратура праводзіла сьледзтва па гэтай справе амаль чатыры гады. Як вынік, матэрыялаў справы — каля 200 тамоў. Галоўных абвінавачаных не ўзялі пад варту. Яны мусяць самі прыходзіць ў гарадзкі суд, каб даваць паказаньні.

Сярод тых, хто фігуруе ў сьпісе абвінавачаных — галоўны бугальтар фірмы “RAS”, прэзыдэнт даччынай фірмы “Пушэ-агра”, прэзыдэнт закрытага акцыянэрнага таварыства “Пушэ”, прэзыдэнт “БЕЛМЕДу” й генэральны дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасьцю “Фік–Фіко”.

Крымінальная справа спадарства Пупейкі ды Чарнышэвіча вылучаная ў асобную справу з прычыны іхнай адсутнасьці. Пракуратура абвінавачвае іх у вымантачваньні крэдытаў у “Белаграпрамбанку” на 3 мільёны даляраў ды ў выкраданьні маёмасьці шляхам растраты.

Пракуратура настойвае, што гэтыя злачынствы ўчыніла арганізаваная група, таму (калі суд пацьвердзіць) прысуд можа быць даволі жорсткім — ад 8 да 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Абвінавачваньне выстаўляе таксама артыкул 150 Крымінальнага кодэксу, які быў прыняты Вярхоўным саветам у 1993 годзе й ратыфікаваны 1 сакавіка 1994 году. Тады дэпутаты намагаліся прыняць артыкул, які б прадугледжваў адказнасьць за вымантачваньне крэдытаў, чаго раней не было ў Крымінальным кодэксе. Пакараньне паводле гэтага артыкула прадугледжвае да 2 гадоў пазбаўленьня волі бяз права цягам 5 гадоў весьці справы ў гэтай сфэры.

Паводле новага Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, пракурор на судовым паседжаньні не зачытвае абвінаваўчага заключэньня. Ён вядзе працэс, даводзіць учыненае злачынства, а судзьдзя самастойна робіць высновы. Гэтая справа складае 200 тамоў, таму адвакаты ставяцца вельмі скептычна да магчымасьці хуткага вынясеньня прысуду.

Любоў Лунёва, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG