Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Кіраўніцтва канцэрну “Белдзяржхарчпрам” рыхтуе чарговую рэструктурызацыю рынку алькагольных напояў. На думку аналітыкаў канцэрну, доля імпартнага алькаголю ў агульным продажы не павінна перавышаць 4%. Але цалкам верагодна, што вернемся да масавай вытворчасьці сумна вядомага “чарніла”.

Прэзыдэнт канцэрну “Белдзяржхарчпрам” Іван Шакола лічыць, што надышоў час упарадкаваць рынак алькагольнай прадукцыі. У прыватнасьці, найбольш рэфармуецца вінаробства (гарэлкі, паводле спадара Шаколы, у нас ужо лішак).

На думку кіраўніка “Белдзяржхарчпраму”, цяперашняя колькасьць афіцыйных імпартэраў замежных напояў занадта вялікая, таму іхная колькасьць будзе скарачацца праз увядзеньне адпаведных квотаў. Гэтак чыноўнікі разьлічваюць абараніць айчынны рынак ад замежнай экспансіі.

Адпаведна з плянамі, завоз бутыляваных вінаў з замежжа будзе скарачацца на тле павелічэньня разьліву на айчынных прадпрыемствах. Маўляў, марачныя віны з-за сваёй дарагоўлі (а гэта 3$ і болей) зьяўляюцца неліквідным таварам, а мясцовыя аналягі будуць даступныя нават ня самым заможным грамадзянам.

Тое, што дарагоўля абумоўленая найперш шэрагам падаткаў ды акцызаў, якія павялічваюць першапачатковы кошт часам на 500%, ня ўзгадваюць. Сытуацыю камэнтуе эканаміст Васіль Шлындзікаў.

(Шлындзікаў: ) "Каб рэфармаваць любую галіну (вінная — не вынятак) неабходна мець рынкавыя ўмовы. Тады можна было б казаць пра сумесную вытворчасьць нават з галоўнымі экспартэрамі найвядомых у сьвеце вінаў.

А ўжо рынак рэгуляваў бы, каму тут застацца. Але пакуль існуе манаполія дзяржавы, будуць труціць народ чарнілам — замест таго, каб хоць на сьвяты даць людзям магчымасьць пакаштаваць нармальнага віна".

Вартасьці найтаньнейшых у сьвеце вінных напояў з рамантычнымі назовамі беларусы добра ведаюць. Мэдыкі канстатуюць, што алькагольны псыхоз, атручаньне й цыроз печані — вынік празьмернага ўжываньня вінаў кшталту “Міраж” ды “Крыжачок”. Да таго ж, вельмі хутка выпрацоўваецца алькагольная залежнасьць ды пераход нават на больш якасныя напоі тоіць небясьпеку лятальнага зыходу.

Між тым, у пэрспэктыўных плянах, што акрэсьліў прэзыдэнт “Белдзяржхарчпраму”, — вяртаньне вінаробчай галіны на ўзровень 1985 году. Тады на мясцовых вінзаводах штогод выраблялі 120 мільёнаў літраў пладова-ягадных вінаў, альбо так званага “чарніла”. Цяпер гэты паказчык утрая меншы.

Таму ўсім вытворцам, незалежна ад формы ўласнасьці, будуць даведзеныя нормы вытворчасьці пладова-ягадных ды вінаградных вінаў. Разам з радыкальным павелічэньнем асартымэнту мясцовага разьліву таксама заяўлена, што доля імпартовага алькаголю ў агульным продажы будзе складаць толькі 4%.

Гледзячы на перашкоды, зь якімі давядзецца сутыкнуцца дылерам ды распаўсюднікам замежных вытворцаў, рэальны кошт гэтых 4% будзе зусім непераадольны для аматараў сапраўднага віна.

Ігар Карней, Менск

XS
SM
MD
LG