Міністар унутраных справаў Ўладзімер Навумаў і дзяржсакратар
Урал Латыпаў абвесьцілі пра скарачэньне міліцыі на 5 000 супрацоўнікаў.
Невядома, коштам якіх структураў будзе дасягнутае скарачэньне.
Улады Беларусі нарэшце вызначыліся са скарачэньнем міліцыянтаў у краіне.
На 5 000 чалавек — гэтая лічба была названая на ўчорашняй нарадзе ў А.Лукашэнкі
з удзелам міністра ўнутраных справаў Ўладзімера Навумава й кіраўніка Рады
бясьпекі Ўрала Латыпава.
Гэтыя начальнікі кажуць, што скароцяць 5 000 супрацоўнікаў міліцыі —
гэта прыкладна 4% ад афіцыйнай колькасьці міліцыянтаў і службоўцаў унутраных
войскаў. Міністэрства ўнутраных справаў вызначае агульную колькасьць міліцыянтаў
як 75 000 чалавек.
Між тым, незалежныя экспэрты называюць значна большую лічбу й кажуць,
што заплянаванае скарачэньне — ня больш як перадвыбарчы фарс, накіраваны
на тое, каб запэўніць выбаршчыкаў, што выдаткі на ўтрыманьне дзяржаўнага
апарату меншаюць.
Паводле падлікаў генэрал-лейтэнанта міліцыі ў адстаўцы Мечыслава Грыба,
сёньня міністру Навумаву падпарадкавана ня менш як 120 000 чалавек . Генэрал
Грыб згодны, што гэткую армію міліцыянтаў трэба скарачаць, ды моцна. Заплянаванае
ўладай нязначнае скарачэньне М.Грыб тлумачыць найперш палітычнымі прычынамі.
(Грыб: ) "Я думаю, ім трэба нешта паказаць перад выбарамі на прэзыдэнта.
Ды ўрэшце ж і грошы трэба неяк эканоміць. Штогод бюджэт на ўтрыманьне органаў
унутраных справаў павялічваецца. Органы ўнутраных справаў цяпер большыя
за органы Міністэрства абароны ў паўтара-два разы. Дзе ж такое было, калі?"
Паводле спадара Грыба, у краіне 9 розных службаў займаюцца апэратыўна-вышуковай
дзейнасьцю. Фактычна пільнуюць адна адну. Некалькі структураў, што паўтараюць
адна адну, ёсьць і ў міліцыі, але патрэбнага выніку няма. Злачыннасьць
за год вырасла, прычым, адзначае генэрал, вырасла яна й сярод міліцыянтаў,
чаго раней амаль не было.
(Грыб: ) "На супрацоўнікаў міліцыі завялі 116 крымінальных справаў за
год. У наш час, калі ў вобласьці была адна ці дзьве крымінальныя справы
на супрацоўнікаў органаў унутраных справаў — гэта ж быў скандал. Гэта ж
было надзвычайна, начальнікаў здымалі з пасадаў!"
Коштам якіх структураў адбудзецца скарачэньне? Афіцыйныя крыніцы адказу
на гэтае пытаньне не даюць. Прэсавая сужба Міністэрства ўнутраных справаў
накіроўвае журналістаў ў Раду бясьпекі, дзе, паводле міліцыянтаў, і нарадзілася
ідэя скарачэньня.
Аднак і ў Радзе бясьпекі не змаглі патлумачыць плянаў вышэйшага кіраўніцтва.
Адказалі, што пакуль аніякіх дакумэнтаў ня маюць.
М.Грыб лічыць, што скарачэньне трэба пачынаць з частак унутраных войскаў
ды цэнтральнага апарату міністэрства, а ўжо потым зьменшыць непасрэдна
міліцэйскія сілы. Але, на думку спадара Грыба, улады пойдуць іншым шляхам,
які гарантуе недатыкальнасць тых структураў, на якіх трымаецца рэжым.
(Грыб: ) "Думаю, гэта будзе датычыцца міліцыі, а калі ўнутраныя войскі
неяк закране, дык гэта будуць гаспадарчыя падразьдзяленьні, фінансавыя,
а баявыя адзінкі захаваюцца.
Нармальна як? Калі моцна пагаршаецца апэратыўны стан, шмат злачынстваў
— трэба бараніць людзей. Трэба павялічыць сродкі на гэтую службу й колькасьць
людзей, што там працуюць. Гэта вытлумачальна. А потым, калі дасягнулі перавагі,
трэба скарачаць, бо непатрэбныя адзінкі ня будзе ніхто ўтрымліваць.
У нас жа зьменаў аніякіх няма, злачыннасьць не скарацілася, а павялічылася,
калі параўнаць зь мінулым годам. Гэта папросту папулісцкі крок".
(Карэспандэнт: ) "Вы не выключаеце, што па выбарах гэтае скарачэньне
ізноў кампэнсуецца?"
(Грыб: ) "Абсалютна не выключаю. У нашай дзяржаве я нічога не выключаю".
Гэтак лічыць генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб, які
ў 1980-х гадох ўзначальваў віцебскую абласную міліцыю.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1