Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Факт узнагароды А.Лукашэнкі прэміяй “За единение славянских народов” на нашую просьбу камэнтуе супрацоўнік аддзелу зьнешніх царкоўных зносінаў Маскоўскага патрыярхату Аляксей Браўноў.

(Браўноў: ) “Гэтая высокая патрыяршая ўзнагарода прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку найперш сьведчыць аб тых заслугах беларускага прэзыдэнта перад расейскай і беларускай дзяржавамі ў вялікай справе аб’яднаньня гэтых двух старажытных славянскіх народаў, узьяднаньня іх.

Іх зьвязвае вельмі шмат агульнага. Беларускі Экзархат ўваходзіць у склад Рускай Праваслаўнай Царквы і тут падзелу ніколі не было. І вось гэтая патрыяршая ўзнагарода ўручаная Аляксандру Лукашэнку зьяўляецца падкрэсьленьнем вялікіх заслугаў Лукашэнкі ў цяперашнім аб’яднаньні расейскай і беларускай дзяржаваў. Як вядома, некаторы час таму вышэйшыя дзяржаўныя кіраўнікі Расеі і Беларусі падпісалі пагадненьне аб стварэньні ў будучыні расейска-беларускага саюзу. Найперш дзяржавы аб’ядналіся на ўзроўні вышэйшых чыноўнікаў, на ўзроўні сьвецкіх уладаў. Што тычыцца царкоўнага ўзроўню, дык разьдзяленьня, паўтараю, ніколі не існавала, і мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт зьяўляецца сталым сябрам Сьвятога Сыноду Рускай Праваслаўнай царквы, што яшчэ раз пацьвярджае мае словы”.

(Бандарук: ) “Аляксей Генадзевіч, Аляксандар Лукашэнка ня першы раз сустракаецца з патрыярхам Аляксеем ды зь іншымі праваслаўнымі герархамі. Сёньняшняя, высокая ўзнагарода – таксама ня першая, якую Аляксандар Лукашэнка атрымоўвае з рук праваслаўных герархаў. З аднаго боку, Царква можа ўзнагроджваць каго хоча, і гэта ейнае права. З другога боку, нельга забывацца пра тое, што акрамя заслугаў для беларуска-расейскага саюзу, у сьвеце Аляксандар Лукашэнка мае рэпутацыю дыктатара. Такое цеснае супрацоўніцтва царкоўнага кіраўніцтва са сьвецкім лідэрам можа быць успрынятае, як падтрымка ягонага палітычнага курсу? Ці Царкве не выпадала б быць больш дальнабачнай?”

(Бандарук: ) “Зразумела, але Вы ведаеце, Руская Праваслаўная царква, як гэта неаднаразова гаварылася ў дакумэнтах архірэйскіх Сабораў маскоўскага патрыярхату, і аб чым сьведчыць нядаўна прынятая сцыяльная канцэпцыя РПЦ, ня ўдзельнічае ў палітычнай барацьбе. Царква заклікае ўсе здаровыя, канструктыўныя палітычныя і грамадзкія сілы да згоднага супрацоўніцтва ў справе міру, аб’яднаньня народаў, у дабрачыннай дзейнасьці, гэта значыць, ва ўсіх тых сфэрах, да якіх РПЦ мае традыцыйнае, самае непасрэднае дачыненьне. І таму тое, што ўзнагароду атрымаў прэзыдэнт Беларусі, зьяўляецца асаблівым падкрэсьленьнем ягонай міждзяржаўнай дзейнасьці. РПЦ і ейны кіраўнік, сьвяцейшы патрыярх Аляксей не зьбіраюцца ацэньваць тыя меркаваньні наконт Аляксандра Лукашэнкі, якія пашыраныя ў некаторых колах, як пра пылітыка-дыктатара, на час кіраваньня якога выпаў аўтарытарны рэжым. РПЦ ня лічыць для сябе патрэбным і магчымым даваць ацэнку дзеяньняў дзяржаўнай улады ў Беларусі”.

Гутарыў

Кастусь Бандарук, Прага

XS
SM
MD
LG