Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Выйшаў у сьвет адзінаццаты том "Беларускае энцыкляпэдыі".

Том пачынаецца словам "мугір" (гэтак па-турэцку называецца ваўняная тканіна ды твор дэкаратыўна-ужытковага кшталту зь яе). А сканчаецца словам "паліклініка" — што гэта, тлумачыць ня трэба. Сумны досьвед беларусаў пра паліклінікі дапоўнім хіба зьвесткамі з энцыкляпэдыі: у нашай краіне цяпер 557 самастойных паліклінік і амбуляторыяў. Выходзіць, адна — на 18 000 жыхароў.

Але праблемы фізычнага здароўя нацыі — гэта так, зацемка між іншых пэсымістычных высноваў з чытаньня тому. Галоўныя ж выснонвы палягаюць ў сфэры духовага ды душэўнага самапачуваньня беларусаў. Тут адзінаццаты том не пакідае аніякіх спадзеваў на выздараўленьне з дапамогаю сёньняшніх прыўладных душпастыраў.

У кнігу патрапіла літара "Н", а зь ёю й абсалютная бальшыня нацыянальна-вызначальных паняткаў, аб'ектыўна патрактаваць якія стваральнікі выданьня ў лепшым выпадку прамінулі, але найчасьцей схлусілі.

Так выйшла ў артыкуле "Народны фронт", аўтар якога сьцьвярджае, што ўкраінскі "Рух", літоўскі "Саюдзіс", Народныя франты Латвіі, Эстоніі, Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Беларускі народны фронт "Адраджэньне" лёзунгі нацыянальнае самастойнасьці сваіх народаў вылучалі пасьля агульнагуманістычных лёзунгаў. Лішне казаць, што беларуская арганізацыя падаецца толькі ў агульным пераліку.

Артыкул "Нацыя" напісаны паводле старых догмаў расейскае гістарыяграфіі пра адзіную старажытнарускую прамаці ўсіх усходнеславянскіх народаў, якімі апраўдвалася захопніцкая палітыка царызму. Захоп называецца "далучэньнем", а пэрыяд паняволенага жыцьця — "спрыяльным часам кансалідацыі беларускае народнасьці".

Расповед пра нацыянальнае самавызначэньне цалкам абмінае лёсавызначальныя падзеі пачатку 1990-х у Беларусі, якія папярэднічалі абвяшчэньню ейнай незалежнасьці. Дарэчы, у папярэднім артыкуле нават няправільна пададзены год абвяшчэньня Рэспублікі Беларусь — 1993, і ані слова пра прыняцьце ў 1994 годзе першае Канстытуцыі незалежнае краіны.

На гэтым фоне ўжо зусім ня дзіўны артыкул пра чалавека, які стаяў у цэнтры ўсіх гэтых падзеяў нядаўняе беларускае гісторыі, — пра Зянона Пазьняка. Энцыкляпэдыя дала яму толькі 22 радкі ў слупку, які складае траціну старонкі.

Дзеля параўнаньня скажам, што праціўніку беларускае незалежнасьці бальшавіку Мясьнікяну знайшлося месца ў два разы болей, а чалавеку, які паўтара стагодзьдзя таму крывёю заліваў Беларусь за яе нежаданьне быць пад Расейскай імпэрыяй, Мікалаю Мураўёву — ажно ў тры разы.

Не заслужыў Зянон Пазьняк, каб чытачы ведалі ягонае аблічча, у адрозьненьне ад згаданага Аляксандра Мясьнікяна ці, прыкладам, Міхаіла Мясьніковіча.

Дзяячка нацыянальна-культурнага руху першае паловы мінулага стагодзьдзя Паўліна Мядзёлка на партрэт заслужыла, але затое аўтары сарамліва замоўчваюць, хто й за што арыштоўваў яе пры савецкай уладзе ажно чатыры разы.

Маўчаць яны й пра антырасейскі зьмест бальшыні артыкулаў першае народнае беларускае газэты "Мужыцкая праўда", як, дарэчы, і пра заклікі выдаўца і аўтара газэты Кастуся Каліноўскага адрадзіць унію, гвалтам скасаваную расейскімі захопнікамі на Беларусі ў першай палове ХІХ стагодзьдзя.

Пра многае маўчыць энцыкляпэдыя. Таму зусім не засмучае, што ў іншым выпадку надта б турбавала, а менавіта — наклад выданьня. Усяго 10 000 асобнікаў.

Валянціна Аксак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG