Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Днямі газэта Frankfurter Neue Presse зьмясьціла артыкул пад назвай “Пра жаханьне чалавечай нізасьцю”, прысьвечаны прыезду ў Франкфурт на наступны год Васіля Быкава.

Хадаятулла Гюбш

Залічыць Франкфурт да ліку гарадоў, якія могуць даваць прытулак уцісканым пісьменьнікам, запрапанаваў Даніэль Кон-Бэндыт [Герой студэнцкіх бунтаў траўня 1968 у Францыі, дэпутат Эўрапарлямэнту ад нямецкай партыі Зялёных, адказны за мультукультурныя праблемы ў франкфуцкім магістраце. - СШ]. Гэтая прапанова была праведзеная ў жыцьцё гарадзкім магістратам у 1998 годзе. Пасьля іранскага публіцыста Фараджа Саркухі цяпер госьцем роднага гораду Гётэ на цэлы год стане беларускі пісьменьнік Васіль Быкаў. Гэты праект спансаруюць сярод іншых Ведамства Мультыкультурных Справаў, Франкфурцкі Кніжны Кірмаш і Міжнародны Пісьменьніцкі Парлямэнт.

У чацьвер 18 студзеня адбылася прэзэнтацыя гэтага народжанага ў 1924 годзе ў сялянскай сям’і пісьменьніка. Зь нязломнай годнасьцю ён прачытаў фрагмэнт апавяданьня, у якім ён у гратэскнай, прасякнутай чорным гумарам манеры паказаў, што можа зрабіцца зь «Ідэі» (гэтк называецца апавяданьне), калі ёю авалодваюць сквапнасьць, цьвердалобасьць, фанатызм і эгаізм. Вынікамі бываюць эксплюатацыя і зацятая барацьба за справядлівасьць. Васілю Быкаву дасталася нялёгкае жыцьцё. Ён быў студэнтам мастацкай вучэльні, калі выбухнула Другая сусьветная вайна. У патрыятычным парыве ён запісаўся добраахвотнікам на фронт. Пасьля заканчэньня вайны ён яшчэ на дзесяць гадоў застаўся ў войску.

Пачынаючы ад 1955 году ён выпісвае душою свой пакутлівы ваенны досьвед. Ахвярнасьць і пакутлівая нерашучасьць, геройства і жахлівая нізасьць, на якую могуць быць здольныя людзі, а таксама палёгка, якую можа прынесьці чалавечае разуменьне — вось матывы твораў «Мёрвым не баліць» і «Трэцяя ракета». Кнігі Быкава карысталіся ў Савецкім Саюзе вялікай папулярнасьцю. Ушанаваны высокімі ўзнагародамі, ён тады зьвярнуўся да палітыкі. Свайго часу ён стаў народным дэпутатам і падтрымаў курс Гарбачова. Пасьля роспуску Савецкага Саюзу ён увайшоў у канфлікт з новым уладаром Беларусі і эміграваў у Фінляндыю. Пісьменьнік займаўся праблемамі правоў чалавека, а ў канцы 1999 году быў узнагароджаны аўтарытэтнай расейскай літаратурнай прэміяй за зборнік навэлаў «Ваўчыная яма». У Нямеччыну ён прыехаў летась. Тут ён распачаў працу над аўтабіяграфічным раманам, закончыць які яму цяпер дае магчымасьць стыпэндыя гораду Франкфурту.

Але пісьменьнік з прыемнасьцью напісаў бы нешта і пра Франкфурт ды пра ягоных жыхароў. Урэшце, нягледзячы на свой немалады век і неадчэпную астму, ён застаецца яшчэ дастаткова цікаўны, каб дасьледаваць сваё навакольле. Аднак заставацца ў Нямеччыне ён не плянуе. Ён любіць сваю Бацькаўшчыну і свой народ, таму яму зь цяжкасьцю далося рашэньне на нейкі час пакінуць Беларусь, якая перажывае не найлепшыя свае гады.

Пераклаў

Сяргей Шупа

XS
SM
MD
LG