Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Дзіцячыя дашкольныя ўстановы Беларусі забясьпечваюцца харчаваньнем адпаведна з графікам. Гэтак запэўніваюць ў Міністэрстве адукацыі, ГарАНА й адпаведных аддзелах РАНА.

У Міністэрстве адукацыі да майго тэлефанаваньня паставіліся насьцярожана: маўляў, пра дрэннае харчаваньне дзяцей дагэтуль чуць не даводзілася. Да таго ж, менавіта стабільнаму забесьпячэньню дашкольных установаў была прысьвечаная сёньняшняя нарада ў міністра. Гаворыць супрацоўніца Міністэрства Ірына Мазурына.

(Мазурына: ) "Сёньня на плянэрцы сапраўды абмяркоўвалі запазычанасьці ў Берасьцейскай вобласьці. Я ня думаю, што асобныя выпадкі ў некаторых рэгіёнах непасрэдна з гэтым зьвязаныя, але гэта патрабуе вывучэньня. Хутчэй, у гэтым вінаватыя адпаведныя гарадзкія службы".

У Гарадзкім аддзеле народнай адукацыі пасьпяшаліся запэўніць, што сталічным дашкольным установам нічога не пагражае. Завозяць харчы ва ўсе садкі Менску (а іх больш як паўтысячы) адпаведна з графікам, а рацыён харчаваньня адпавядае міністэрскім нормам на кожнае дзіця. Гаворыць загадчыца дашкольнага аддзелу ГарАНА Сьвятлана Вароніна.

(Вароніна: ) "Мы на канец году выйшлі без запазычанасьцяў. Так што праблемаў быць ня можа. Завозіцца харчаваньне рэгулярна, усім аднолькава — мы за гэтым сочым.

Раз на тыдзень усе ўстановы даюць інфармацыю. Адзінае, чым могуць быць незадаволеныя — якасьцю; напрыклад, шмат нараканьняў на якасьць рыбы. Але каб цягам нейкага часу не было завозу — выключана. Усе харчуюцца адпаведна з нормамі й мэню".

Пра гэтыя нормы распавядае выхавацелька дзіцячага садку Людміла Лабко.

(Лабко: ) "Нормы прадугледжваюць, каб штодзень на дзіцёнка ішло 606 рублёў. За гэтыя грошы мы мусім купіць харчоў. Дзіцёнку на дзень выдаткоўваць павінны 100 грамаў мяса, 30 грамаў крупаў, 20 грамаў масла, 10 грамаў цукерак, 200 грамаў бульбы, 200 грамаў гародніны, 60 грамаў садавіны. Во на гэткія грошы на дзень мы мусім пракарміць дзяцей".

Улічваючы гаротны матэрыяльны стан большасьці беларускіх сем’яў, для некаторых бацькоў садкі заставаліся ледзь не адзіным месцам, дзе іхнае дзіця за сымбалічную аплату магло атрымаць хоць нейкую разнастайнасьць у харчаваньні. І калі ў Менску, можа, ня дужа адчуваецца, як харчаваньне пагоршылася, дык у рэгіёнах сытуацыя часта проста гаротная.

У часе вымушанай зімовай дыеты многія сем'і ратуюцца хіба што бульбай ды капустай. Многія бацькі ня могуць нават зрэдку песьціць малых прысмакамі, бо не стае грошай.

Ігар Карней, Менск

XS
SM
MD
LG