Вярхоўны суд не задаволіў просьбы адвакаткі
Тацяны Станкевіч пра перагляд крымінальнай справы дэпутата Ўладзімера Кудзінава.
Адвакатка аднак сьцьвярджае, што гэта ня ёсьць адмовай судзьдзяў перагледзець
справу Кудзінава й датэрмінова выпусьціць яго на волю.
Ужо 3-га студзеня, на наступны дзень па ўвядзеньні новага Крымінальнага
кодэксу, адвакатка Тацяна Станкевіч накіравала ў Вярхоўны суд хадайніцтва
пра перагляд справы Ўладзімера Кудзінава. Паводле новага закону, Кудзінаў
ужо адбыў тэрмін пакараньня.
Тацяна Станкевіч спадзявалася, што справу без затрымак перагледзяць
і ўжо празь месяц ці два Кудзінаў будзе на волі. Аднак адказ, які прыйшоў
днямі зь Вярхоўнага суду, аддаляе гэтую падзею на няпэўны тэрмін.
Тацяне Станкевіч паведамілі, што згодна з новым Крымінальна-працэсуальным
кодэксам прасіць аб пераглядзе справы мае права толькі сам зьняволены.
Раней Уладзімер Кудзінаў катэгарычна адмаўляўся прасіць суд пра памякчэньне
прысуду. Не жадаў ён зьвяртацца да А.Лукашэнкі й з просьбамі пра амністыю,
казаў, што не прызнае сваёй віны.
"Спадзяюся, Уладзімер Кудзінаў зразумее, што гэты выпадак — зусім іншае,
і ягоны зварот да судзьдзяў сапраўды неабходны. Падрабязныя тлумачэньні,
што трэба напісаць у хадайніцтве ў Вярхоўны суд, мой падабаронны ад мяне
ўжо атрымаў", — паведаміла Радыё Свабода адвакатка Станкевіч.
Адвакатка Кудзінава ня лічыць, што адмова ў вырашэньні ейнага хадайніцтва
сьведчыць пра нежаданьне судзьдзяў выпусьціць Кудзінава на волю. "Гэта
чыста тэхнічная праблема, якая проста павінна інакш вырашацца", — тлумачыць
Тацяна Станкевіч.
Між тым, Т.Станкевіч згодная, што дзень, калі Кудзінаў выйдзе на волю, цяпер
адкладаецца на няпэўны тэрмін. "Я ўсё ж спадзяюся, што недзе ўвесну гэта
адбудзецца", — кажа адвакатка.
Судзьдзі не выключаюць, што перагляд справаў паводле новых кодэксаў
расьцягнецца нават на два-тры гады. Пра гэта гаварылі на нарадзе ў Вярхоўным
судзе Беларусі, што адбылася мінулым тыднем ў Менску.
Каб паскорыць працэс вызваленьня, судзьдзі зьвярнуліся да кіраўніцтва
Міністэрства ўнутраных справаў з просьбай найперш дасылаць на перагляд
справы тых асуджаных, якія свой тэрмін ужо адбылі. Менавіта гэткая сытуацыя
ў справе Ўладзімера Кудзінава.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1