Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня ў Стразбургу пачалося паседжаньне Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. У парадку дня заўтра, 23 студзеня, Палітычны камітэт разгледзіць пытаньне статусу Беларусі. Афіцыйны Менск прадстаўляе дэлегацыя так званай “палаты прадстаўнікоў” на чале з віцэ-сьпікерам Уладзімерам Канаплёвым. У складзе дэлегацыі – Уладзімер Навасяд, Аляксей Шпілеўскі. Ад беларускай апазыцыі ў Стразбург былі запрошаныя Міхаіл Чыгір, Уладзімер Ганчарык і Сямён Домаш. Аднак склад дэлегацыі крыху іншы. На сувязі ў Стразбургу Ўладзімер Глод.

Працэдурай на разгляд справы прадугледжаныя паўтары гадзіны. За гэты час вядучы камітэт Парлямэнцкай асамблеі мусіць выслухаць два беларускія бакі, пачуць іхныя адказы на пытаньні і вынесьці сваё заключэньне. Дэлегацыі ад так званай “палаты прадстаўнікоў” і палітычнай апазыцыі апынуліся ў розных умовах: афіцыйныя прадстаўнікі (Канаплёў, Шпілеўскі, Лосеў, Навасяд) прыляцелі ў Стразбург яшчэ ў нядзелю. Сёньняшні дзень, такім чынам, яны выкарысталі для неафіцыйных сустрэчаў, важкасьць якіх тут надзвычай высокая. У прыватнасьці сябры гэтак званай “палаты прадстаўнікоў” кантактавалі з былым расейскім прэм’ерам Чарнамырдзіным, дэпутатамі расейскай Дзярждумы, а таксама зь некаторымі парлямэнтарамі краінаў СНД і міжнароднымі чыноўнікамі. Прадстаўнікі палітычнай апазыцыі (а згодна папярэдняй інфармацыі, гэта Палевікова, Лябедзька і Чыгір) трапяць на паседжаньне Палітычнага камітэту амаль што як “з карабля на баль” – яны зьявяцца ў Стразбургу сёньня пасьля 20 гадзінаў, калі тут усё ўжо зачынена.

Магчыма, апазыцыя спадзяецца, што рашэньне аб немагчымасьці перагляду статусу Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы будзе чарговы раз прынятае як бы аўтаматычна. Тут варта нагадаць, што ў студзені 1997 году бюро Парлямэнцкай асамблеі прыпыніла статус адмыслова запрошанага для парлямэнту Беларусі. Прычына – непрызнаньня дэмакратычнасьці ўмоваў і канстытуцыйнасьці вынікаў так званага лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году. З таго часу штогод афіцыйныя ўлады Беларусі спрабуюць дамагчыся перагляду гэтага рашэньня, і кожны раз Рада Эўропы (калі ў рамках Палітычнага камітэту, а калі і ўсёй Парлямэнцкай асамблеі) дае адмоўны адказ. Прычына ў тым, што Беларусь працягвае сур’ёзна адставаць ад стандартаў Рады Эўропы ў галіне дэмакратыі, вяршэнства права і правоў чалавека.

Магчыма 23 студзеня Палітычны камітэт пацьвердзіць сваю пазыцыю. Ягоны кіраўнік Тэры Дэйвіс, якога я сёньня сустрэў у кулюарах Рады Эўропы, сказаў, што зь ягонага боку было б нетактоўна казаць нешта да заканчэньня заўтрашняга паседжаньня. Але пэўны настрой у Парлямэнцкай асамблеі, падобна, існуе. Падставай для гэтага можна лічыць наступны фрагмэнт, які тычыцца Беларусі, з сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі лёрда Рассэла Джонсана:

(Джонсан: ) “Я ня думаю, што дасягнуты пэўны прагрэс, які мог бы задаволіць. На мінулым тыдні я сустракаўся з прадстаўнікамі беларускай дэлегацыі і ў чарговы раз сказаў ім, што ўсё залежыць ад зьменаў унутры краіны, асабліва ад перагляду функцыяў парлямэнту, які зараз не выконвае ніякай ролі”.

(Караткевіч: ) “Першапачаткова плянавалася, што беларускую апазыцыю будуць прадстаўляць Сямён Домаш, Міхаіл Чыгір і Ўладзімер Ганчарык. Але зараз склад дэлегацыі крыху іншы. З чым гэта зьвязана?”

(Глод: ) “Тут даволі складанае і заблытанае пытаньне. Нагадаю, што ўвесь час разам з дэлегацыяй так званай “палаты прадстаўнікоў” запрашалася дэлегацыя Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. На гэты раз дэлегацыя Вярхоўнага Савету наогул не была запрошаная, а прыйшлі запрашэньні для трох асобаў – Ганчарыка, Домаша і Чыгіра. Але, паводле нашых дадзеных, толькі Чыгір пагадзіўся прыехаць у Стразбург. Прадстаўляць Уладзімера Ганчарыка тут будзе Валянціна Палевікова, а інтарэсы Сямёна Домаша будзе Анатоль Лябедзька. Гэта тая інфармацыя, якой мы валодаем на той час, пакуль дэлегацыя яшчэ не зьявілася ў Стразбургу”.

Уладзімер Глод, Стразбург

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG