Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Камэнтары міжнароднага друку, прысьвечаныя першым крокам новага прэзыдэнта ЗША…

International Herald Tribune пералічае найбольш вострыя праблемы, за вырашэньне якіх новая адміністрацыя мусіць брацца неадкаладна. Перабоі з электраэнэргіяй ў Каліфорніі могуць спарадзіць сур’ёзны палітычны і эканамічны крызыс ў самым густанаселеным штаце Амэрыкі. Мірныя перамовы на Блізкім Усходзе канчаткова зайшлі ў тупік. Эканамічны рост у Амэрыцы запавольваецца.

Новы прэзыдэнт дэманструе гатоўнасьць адказваць на гэтыя выклікі. Сымбалічным выглядала адмена новым гаспадаром Белага дому рашэньняў, прынятых у апошнія дні праўленьня прэзыдэнта Клінтана. Джордж Буш не зьбіраецца дзяліць з папярэднікам ані ўладу, ані адказнасьць, ані мэты палітыкі.

Што тычыцца гэтых мэтаў, то, напрыклад, брытанская газэта Financial Times лічыць, што пакуль асноўныя накірункі, стыль палітыкі новай адміністрацыі не зусім зразумелыя, што спараджае пэўныя перасьцярогі. Газэта называе перабольшваньнем страхі наконт таго, што гэтая палітыка будзе вызначацца ізаляцыянізмам, яна прыводзіць словы з інаўгурацыйнай прамовы Буша , што “Амэрыка не адыйдзе ад усясьветных справаў” і “будзе падтрымліваць балянс сілаў”.

На думку брытанскага выданьня, больш сур’ёзнай праблемай новай амэрыканскай адміністрацыі зьяўляецца ўсталяваньне сваёй легітымнасьці. Размова ідзе не пра юрыдычную законнасьць, а пра псыхалягічнае прызнаньне народам, элітаю і замежжам сапраўднага лідэрства новага гаспадара Белага Дому. У гэтым сэнсе спрэчкі паводле вынікаў выбараў стварылі для гэтага ня самыя спрыяльныя перадумовы. Газэта Wall Street Journal прыгадвае, што такіх шматлюдных дэманстрацыяў пратэсту, як тыя, што адбыліся ў дзень інаўгурацыі, у Амэрыцы не было з часоў Віетнамскай вайны. Выданьне паведамляе, што некаторыя кангрэсмэны-дэмакраты нават праігнаравалі інаўгурацыйную цырымонію, прадэманстраваўшы такім чынам нязгоду з рашэньнем Вярхоўнага суду, якое забясьпечыла перамогу Буша на прэзыдэнцкіх выбарах.

На погляд Financial Times, да першых посьпехаў Джорджа Буша варта аднесьці даволі лёгкае зацьверджаньне Кангрэсам сямі сябраў ураду. Але, паводле меркаваньняў друку, сапраўдным выпрабаваньнем новай адміністрацыі стане разгляд у парлямэнце кандыдатуры міністра юстыцыі Джона Эшкрофта, палітыка з вельмі кансэрватыўнымі поглядамі, які выступае супраць права на аборты і ня надта прыхільна ставіцца да правоў меншасьцяў. Wall Street Journal піша, што гэтая кандыдатура выклікае сумневы нават у некаторых рэспубліканскіх дзеячоў, якія падтрымліваюць Буша.

Значна больш сур’ёзным выпрабаваньнем, падкрэсьлівае Wall Street Journal, стане для новай адміністрацыі праект закону пра рэформу школьнай адукацыі. Кангрэсмэны-дэмакраты ўпэўненыя, што заканадаўчыя прапановы новага прэзыдэнта вядуць да разбурэньня сыстэмы дзяржаўных школаў і маюць намер не галасаваць за законапраект кіраўніка дзяржавы. Тым больш, што існуе альтэрнатыўны праект школьнай рэформы, распрацаваны сэнатарам Джозэфам Лібэрманам, які балятаваўся на пасаду віцэ-прэзыдэнта разам з Элам Горам.

Варта адзначыць, што падчас выбараў Wall Street Journal падтрымлівала якраз Джорджа Буша. Але зараз, калі ён стаў прэзыдэнтам, выданьне не пяе яму панэгірыкі, а крытычна ацэньвае нават першыя яго крокі. Разам з тым у дэмакратычнай краіне адносіны галінаў улады ніколі не бываюць бясхмарнымі, і хаця асаблівасьці перадвыбарчай кампаніі сапраўды забясьпечылі Джорджу Бушу ня лепшыя стартавыя ўмовы, Financial Times справядліва адзначае, што ў рэшце рэшт легітымнасьць усталёўваецца плённай штодзёнай працай на пасадзе прэзыдэнта.

Юры Дракахруст, Прага

XS
SM
MD
LG