Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Ленінскім судзе Горадні закончыўся разгляд пазову былога галоўнага рэдактара газэты "Glos znad Niemna" Андрэя Кусельчука да кіраўніцтва Саюзу палякаў.

З 1 сьнежня Кусельчук быў звольнены, прычым з вымоваю, цяпер ён беспрацоўны. Паміж бакамі, аднак, было заключана пагадненьне.

Андрэй Кусяльчук лічыў, што яго звольнілі незаконна, падставай быццам бы стаў прагул. Нават калі б гэтак і было, нейльга двойчы караць за адзін учынак — звальненьнем з пасады галоўнага рэдактара й з рэдакцыі газэты ўвогуле. Так і напісаў Кусяльчук у сваёй заяве ў суд. Ён патрабаваў аднавіць яго на рэдактарскай пасадзе, выплаціць заробак за сьнежань — 100 тысяч рублёў і 150 тысяч рублёў як маральную кампэнсацыю.

З боку Саюзу палякаў у судзе ўдзельнічаў Веслаў Кеўляк. Бакі пагадзіліся на наступнае: Кусяльчук ня будзе патрабаваць аднаўленьня на працы, а задаволіцца толькі новым запісам у працоўнай кніжцы. Запіс павінны быў сьведчыць, што ён звольнены паводле згоды між бакамі, па ўласным жаданьні. Яму будзе таксама да канца тыдня выплачаны заробак за месяц.

Такім чынам, Саюз палякаў фактычна прызнаў, што былы галоўны рэдактар быў звольнены несправядліва. Грашовай кампэнсацыі за маральныя страты Кусяльчук патрабаваць ня стаў, спаслаўшыся на цяжкі фінансавы стан Саюзу палякаў Беларусі.

Адзін зь сябраў Саюзу палякаў патлумачыў мне наступнае. Сёньня ў Саюзе на аплочваных пасадах працуюць больш за 50 чалавек. Аднак Польшча грошай на заробкі ім не дае, фінансуюцца толькі культурныя й адукацыйныя праграмы, мерапрыемствы, будаўніцтва ды аплочваюцца камунальныя паслугі. Раней атрыманая валюта прадавалася па рынкавым кошце, што давала магчымасьць утрымліваць апарат СПБ, які паступова павялічваўся. Цяпер, калі валютны курс адзіны, гэткай магчымасьці ўжо няма. Магчыма, давядзецца скарачаць штаты.

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG