Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


А.Лукашэнка пасьля ўчорашніх гучных пратэстаў супраць затрыманьня ў Нью-Ёрку Паўла Барадзіна маўчыць, а амбасада ЗША ў Беларусі ўвогуле адмовілася камэнтаваць Лукашэнкавы заявы.

Учора А.Лукашэнка заявіў, што П.Барадзін прыляцеў у Нью-Ёрк з дыпляматычным пашпартам ды мае дыпляматычную недатыкальнасьць.

Сёньня стала вядома, што спадар Барадзін паехаў туды са звычайным расейскім пашпартам і што ЗША ня разглядаюць яго як дыплямата.

Учора спадар Лукашэнка сказаў, што дзяржаўны сакратар саюзнае дзяржавы Барадзін быў афіцыйна запрошаны на інаўгурацыю новага амэрыканскага прэзыдэнта Джорджа Буша.

Сёньня адказны за інаўгурацыю амэрыканскі чыноўнік заявіў, што ніякага афіцыйнага запрашэньня не было, а спадар Барадзін хацеў браць удзел толькі у нейкай "вячэры пры сьвечках".

Учора А.Лукашэнка заклікаў неадкладна вызваліць Паўла Барадзіна з-пад варты, а сёньня ўсе даведаліся, што менавіта адвакаты Барадзіна хадайнічалі, каб наступнае судовае паседжаньне ў Нью-Ёрку адбылося толькі праз тыдзень.

Мажліва, улічваючы ўсё гэта, спадар Лукашэнка сёньня ніякіх новых заяваў і не рабіў. Да таго ж ягоны расейскі калега Ўладзімер Пуцін пакуль не зрабіў аніводнай заявы ў справе Барадзіна.

Паводле словаў віцэ-сьпікера Дзяржаўнае думы Расеі Ірыны Хакамады, прэзыдэнт Пуцін нават не абмяркоўваў гэтага пытаньня ў часе сустрэчы зь лідэрамі думскіх фракцыяў, хаця ў самой Думе пра П.Барадзіна казалі вельмі шмат.

Толькі пасьля сустрэчы думцы пацікавіліся, што Пуцін думае пра свайго былога начальніка, дзякуючы якому трапіў зь Пецярбургу ў Маскву. Пра адказ Пуціна спадарыня Хакамада паведаміла:: "Прэзыдэнт усё яшчэ абмяркоўвае гэтае пытаньне, таму што ён разумее, што гэта цалкам юрыдычная справа, ён разумее, што можна рабіць розныя дыпляматычныя заявы, але гэткім чынам нельга вырашыць праблемы".

Да таго ж Уладзімер Пуцін заклікаў дачакацца вынікаў судовага паседжаньня.

На гэтым тле гучныя пратэсты А.Лукашэнкі проста згубілі сэнс. Менскія незалежныя назіральнікі зазначаюць, што Вашынгтон паставіўся да Лукашэнкавых заяваў менавіта так, як сам Лукашэнка ставіцца да амэрыканскага амбасадара ў Беларусі Майкла Козака, — ён яго проста ігнаруе.

На маё пытаньне, як адрэагавалі Злучаныя Штаты на ўчорашнія заклікі А.Лукашэнкі ды што абмяркоўвалася ў часе сустрэчы першага намесьніка міністра замежных справаў Сяргея Мартынава з выкліканым у беларускае МЗС намесьнікам кіраўніка амэрыканскае місіі ў Менску Джонам Кунстатэрам, у амбасадзе ЗША адказалі гэтак:

(Саламаха: ) "Мы можам пацьвердзіць, што ўчора адбылася сустрэча паміж намесьнікам амбасадара Джонам Кунстатэрам і кіраўніцтвам Міністэрства замежных справаў Беларусі. Амбасада ня будзе камэнтаваць дэталяў дыпляматычных зносінаў гэтых сустрэчаў.

Што да сытуацыі з спадаром Барадзіным, дык мы можам вам параіць зьвярнуцца да тых адказаў, якія прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту Баўчар даў учора на брыфінгу ў Дзярждэпартамэнце ЗША", — паведаміў Аляксей Саламаха, супрацоўнік інфармацыйнае службы амбасады ЗША ў Беларусі.

Што да заявы Рычарда Баўчара, дык прэсавы сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША на пытаньне пра рэакцыю на расейскія ды беларускія заявы пра справу Барадзіна адказаў проста: “Яны могуць заяўляць усё, што хочуць”.

Юры Сьвірко, Менск

XS
SM
MD
LG