Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Прадстаўнікі Грамадзкага аб'яднаньня "Беларускія фабрыкі думкі" правялі сёньня брыфінг, дзе абмяркоўвалі магчымыя варыянты разьвіцьця палітычных падзеяў сёлета. На думку каардынатара аб'яднаньня прафэсара Алега Манаева, апошнім часам адбыліся зьмены ў масавай сьвядомасьці, і ад прэзыдэнцкіх выбараў можна чакаць неспадзяванак.

Раней свае брыфінгі "Беларускія фабрыкі думкі", якія аб'ядноўваюць недзяржаўныя сацыялягічныя й паліталягічныя інстытуты ды фонды, ладзілі ў менскім Доме літаратара.

Гэтым разам адміністрацыя Дому літаратараў адмовіла ў арэндзе залі — без тлумачэньняў з свайго боку. На думку каардынатара аб'яднаньня, дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алега Манаева, улады, верагодна, палічылі "Беларускія фабрыкі думкі" апазыцыйнай арганізацыяй.

Тым ня менш, брыфінг адбыўся ў будынку Міжнароднага адукацыйнага цэнтру.

Асноўная дыскусія разгарэлася вакол прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле дасьледаваньняў Алега Манаева, існуе тры сцэнары выбараў — дэмакратычны, Лукашэнкаў ды сцэнар пад умоўнаю назваю N, ці намэнклятурны.

Супрацоўнікі Інстытуту спадара Манаева правялі адмысловыя дасьледаваньні, якія далі наступныя вынікі: 20% — верагоднасьць таго, што на выбарах пераможа дэмакратычны кандыдат; 50% — што прэзыдэнтам застанецца Лукашэнка, і яшчэ 30% застаецца за трэцім, намэнклятурным варыянтам.

Алег Манаеў кажа, што згодна з дасьледаваньнямі, ня хоча бачыць А.Лукашэнку прэзыдэнтам вялізная частка намэнклятуры й немалая частка простых выбаршчыкаў. Паводле спадара Манаева, дэмакратычныя кандыдаты цяпер наладжваюць неблагія кантакты з чыноўнікамі.

Слушна абраная тактыка дае 50% шанцаў на перамогу незалежнага кандыдата над Лукашэнкам. Гаворыць Алег Манаеў:

(Манаеў: ) "У 2000 годзе мы зафіксавалі істотныя — калі не перамены, дык зрухі. Зрухі ў грамадзкай сьвядомасьці, у настроях; па асобных пытаньнях і ў грамадзкіх паводзінах. Пэўныя магчымасьці зьменаў у 2001 годзе ёсьць".

З думкай прафэсара Манаева нязгодны палітоляг Аляксандар Фядута. Паводле сп.Фядуты, падтрымка апазыцыяй кандыдата на прэзыдэнта, які называе сябе незалежным, моцна зьмяншае шанцы гэткага кандыдата на перамогу.

Палітоляг Фядута лічыць, што ні пра якую верагоднасьць 50%-й перамогі такога кандыдата гаварыць немагчыма — маўляў, Аляксандар Лукашэнка пераможа яго ўжо ў першым туры. На пытаньне ж нашага радыё, што мусіць зрабіць апазыцыя, каб перамог незалежны кандыдат, Аляксандар Фядута адказаў наступнае:

(Фядута: ) "Як толькі зьяўляецца той кандыдат, які набірае 100 000 подпісаў і рэгіструецца незалежна ад апазыцыі, і калі ён задавальняе апазацыю ў пытаньнях сувэрэнітэту дзяржавы ды эканамічнага разьвіцьця, лепшае, што можа зрабіць апазыцыя — гэта зьняць сваіх кандыдатаў. І ціха сысьці, нікога публічна не падтрымліваючы".

Удзельнікі брыфінгу таксама заслухалі даклад "Эканамічныя вынікі году" вядомага эканаміста Леаніда Заікі ды выступы іншых навукоўцаў.

Альгерд Невяроўскі, Менск

XS
SM
MD
LG