Камісія па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы
Савета рэспублікі распрацавала праект закону "Аб інфармацыйнай бясьпецы",
які можа яшчэ больш абмежаваць свабоду слова ў Беларусі.
Гэты законапраект распрацоўвала група экспэртаў з Савету рэспублікі,
Рады бясьпекі ды іншых ведамстваў пад кіраўніцтвам старшыні сталай Камісіі
па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Мікалая Чаргінца.
Аўтары законапраекту асноўныя пагрозы для інфармацыйнай бясьпекі краіны
й сацыяльнай стабільнасьці грамадзтва бачаць у навязваньні людзям праз
СМІ заходніх каштоўнасьцяў, а моладзі замест айчыннага станоўчага герою
— супэрасобы ўсё таго ж заходняга ўзору.
Паводле законапраекту, пагрозай таксама ёсьць"інфармацыйны ціск на грамадзтва,
што зьдзяйсьняецца ў інтарэсах пэўных палітычных сілаў".
Дакумэнт таксама сьцьвярджае, што шкоднае інфармацыйнае ўзьдзеяньне
адбываецца праз мэдыі, каб узмацніць у грамадзтве сацыяльна-палітычныя,
эканамічныя й духоўныя калізіі, стварыць няпэўнасьць і г.д.
Кантраляваць стан інфармацыйнай бясьпекі,паводле праекту, разам з прэзыдэнтам,
Радай бясьпекі ды іншымі дзяржаўнымі органамі будуць і грамадзкія арганізацыі
кшталту Нацыянальнай рады ў справе этыкі й маральнасьці ды іншых.
На нашу просьбу гэты праект камэнтуе экспэрт Цэнтру прававой абароны
СМІ Андрэй Бастунец:
(Бастунец: ) "Гэты закон прымаецца у час, калі ўжо існуюць законы, што
рэгулююць гэтыя сфэры. Галоўная небясьпека ў тым, што гэты закон мае выразны
ідэалягічны і палітычны накірунак".
(Карэспандэнт: ) "Спадар Бастунец, чаму на вашую думку, гэты законапраект
зьявіўся менавіта цяпер?"
(Бастунец: ) "Зараз напружаньне ўзрастае ў грамадзтве ў сувязі з набліжэньнем
выбараў на прэзыдэнта. Таму ўладныя колы нейкім чынам стараюцца ўзяць інфармацыйныя
патокі пад кантроль".
На думку спадара Бастунца, у выпадку прыняцьця гэтага праекту гэтак
званай Палатай прадстаўнікоў, улады возьмуць пад свой кантроль усе інфармацыйныя
патокі ў Беларусі.
Цяпер праект праходзіць экспэртную ацэнку ў розных дзяржаўных структурах,
і ў лютым будзе перададзены на разгляд Палаты прадстаўнікоў.
Днямі праект разглядаўся праўленьнем Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Кіраўніцтва БАЖ вырашыла разаслаць копіі гэтага, на ягоную думку, небясьпечнага
для свабоды слова дакумэнта разам з заключэньнем сваіх экспэртаў у розныя
міжнародныя журналісцкія й праваабарончыя арганізацыі.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1