Больш за 400 кліентаў гомельскай філіі “Белкамбанку”
ня могуць атрымаць ані адсоткаў за ўнёскі, ані самых унёскаў. Скаргі й
паходы да прадстаўнікоў банку, вэртыкалі, адміністрацыі Лукашэнкі безвыніковыя.
“Белкамбанк” спыніў выплаты гамельчукам за ўнёскі яшчэ летась увосень.
Нейкі час людзі спадзяваліся, што сытуацыя нармалізуецца. А калі ў сьнежні
ў многіх скончыліся дамовы, яны пачалі патрабаваць вяртаньня сваіх зьберажэньняў.
Аднак у банку патлумачылі, што сродкаў на гэта няма. Намесьнік кіраўніка
філіі Сяргей Андрэенка й зараз пацьвярджае, што сродкі кліентаў, большасьць
зь якіх, дарэчы, валютныя, на распараджэньне галоўнага банку перавялі ў
Менск.
На гэткую заяву падначаленага намесьніца старшыні праўленьня па эканоміцы
сталічнага “Белкамбанку” Ганна Бармаш адрэагавала эмацыйна:
(Бармаш: ) "Калі ў нас такі разумны намесьнік гомельскай філіі, які
дае гэткія тлумачэньні, дык няхай і адказвае, чаму ён перадаў мільён унёскаў
цэнтральнаму апарату. Ён працаваў у той сытуацыі, да якой новае кіраўніцтва
банку дачыненьня ня мае", — сказала Ганна Бармаш.
Тым ня менш, і спадарыня Бармаш, і дырэктарка арганізацыйна-эканамічнага
дэпартамэнту Зінаіда Коваль пацьвярджаюць, што ёсьць складанасьці з разьлікамі
за ўнёскі.
З 11 філіяў банку, якія ёсьць у Берасьці, Горадні, Драгічыне, Маладэчне
ды іншых гарадох, найбольш цяжкая сытуацыя менавіта ў Гомелі і Менску.
Паводле словаў кіраўнікоў, аздараўленьне фінансавага становішча “Белкамбанку”
яны зьвязваюць з крэдытам Нацыянальнага банку, вяртаньнем сваіх ранейшых
рэсурсаў. Калі гэта адбудзецца, суразмоўцы адмовіліся патлумачыць.
Чаму ж у такім разе людзі давяраюць свае зьберажэньні няпэўным фінансавым
структурам? Прычым, валютныя зьберажэньні. Распавядае гомельская ўкладчыца
“Белкамбанку” Зінаіда Корхава, якая з мужам шмат гадоў зьбірала даляры
на кватэру сыну.
(Корхава: ) "Я вырашыла пакласьці свае зьберажэньні, паслухаўшы выступленьне
прэзыдэнта А.Лукашэнкі пра тое, каб людзі агульнымі намаганьнямі дапамаглі
падняць эканоміку нашай рэспублікі. Паверыла ў гарантыі захаваньня грошай
і выплаты на іх пэўных адсоткаў", — сказала пэнсіянэрка Корхава.
Цяпер зразумела, што тыя гарантыі маюць надзвычай адвольны характар.
Казімер Яноўскі, Гомель
Самае папулярнае
1