Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У другой палове дня стала вядома, што беларускае Міністэрства замежных справаў выклікала намесьніка кіраўніка амэрыканскае дыпляматычнае місіі ў Менску Джона Кунстатэра ды выказала яму пратэст з нагоды затрыманьня Паўла Барадзіна ў Нью-Ёрку. Падрабязнасьці Радыё Свабода паведаміў прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка:

(Латушка: ) "Сёньня ў Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусі быў выкліканы намесьнік главы пасольства Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Джон Кунстатэр.

Пад час сустрэчы першы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў выказаў прадстаўніку Злучаных Штатаў Амэрыкі пратэст з прычыны затрыманьня ў аэрапорце Нью-Ёрку дзяржаўнага сакратара саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі Паўла Барадзіна.

Беларускі бок пад час гэтай сустрэчы падкрэсьліў, што згаданы інцыдэнт зьяўляецца недружалюбным актам у дачыненьні да саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі.

Пад час згаданай сустрэчы была выказаная таксама пазыцыя МЗС Беларусі: патрабаваньне неадкладнага й безумоўнага вызваленьня дзяржаўнага сакратара саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі Паўла Барадзіна".

(Карэспандэнт: ) "Але на брыфінгу сёньня раніцай вы казалі, што гэта знаходзіцца ў юрысдыкцыі Расеі, і таксама што Барадзін ёсьць грамадзянінам Расеі. Чаму зьмянілася пазыцыя?"

(Латушка: ) "Я не магу сказаць, што пазыцыя зьмянілася. Канечне, разглядаецца спадар Барадзін у тым ліку як грамадзянін Расейскае Фэдэрацыі, і ў адпаведнасьці з заканадаўствам, якое дзейнічае ў консульскай сфэры, абарону грамадзян ажыцьцяўляюць тыя краіны, да грамадзянства якіх належыць тая ці іншая асоба. У гэтым выпадку — Міністэрства замежных справаў Расейскае Фэдэрацыі.

Але мы павінны ўлічваць і той факт, пра які я казаў ураніцу на брыфінгу, — гэта вельмі важна — што спадар Барадзін зьяўляецца дзяржаўным сакратаром саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі. І гэтае пытаньне тычыцца як Беларусі, так і Расеі".

(Карэспандэнт: ) "І апошняе пытаньне: чаму беларускае МЗС выклікала намесьніка амбасадара ЗША, а не самога амбасадара Козака?"

(Латушка: ) "Ну, я думаю, што зразумелы адказ на гэтае пытаньне. У сувязі з тым, што спадар Козак зьяўляецца прызначаным паслом ЗША ў Беларусі, і яшчэ не ўручыў даверчых граматаў прэзыдэнту Беларусі".

(Карэспандэнт: ) "А гэтая працэдура — дата ўручэньня граматаў — узгадняецца?.."

(Латушка: ) "Мы не камэнтуем гэтага пытаньня".

Юры Сьвірко, Менск

XS
SM
MD
LG