Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


На затрыманьне Паўла Барадзіна, як і варта было чакаць, неадкладна адрэагавалі высокапастаўленыя прадстаўнікі Расеі. Камэнтары расейскага боку сьведчаць, што арышт Барадзіна стаў для іх поўнай нечаканасьцю…

Адлятаючы ў ЗША, Павал Барадзін быў абсалютна перакананы, што яго не арыштуюць. Паводле словаў адвакатаў Барадзіна, напярэдадні ягонага ад’езду праводзіліся кансультацыі з Амбасадай ЗША ў Маскве.

Аднак, як заявіў адвакат Барадзіна Барыс Кузьняцоў, нягледзячы на адсутнасьць спэцыяльнага пашпарту, ягоны кліент, безумоўна, меў статус дыпляматычнай недатыкальнасьці.

Паводле словаў адваката, бліжэйшым часам у Злучаныя Штаты будуць накіраваныя дакумэнты, якія пацьвердзяць, што дзяржсакратар Саюзу Беларусі і Расеі ляцеў у ЗША на афіцыйнае запрашэньне амэрыканскіх уладаў.

Негатыўную ацэнку арышта Барадзіна далі афіцыйныя прадстаўнікі расейскага боку. Міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў выклікаў сёньня амбасадара ЗША Джэймса Колінза, каб выказаць яму афіцыйны пратэст і запатрабаваць хутчэйшага вызваленьня Барадзіна.

Генэральная пракуратура Расеі лічыць, што швайцарская пракуратура памылілася, калі выдала санкцыю на арышт Барадзіна. Афіцыйны прадстаўнік генпракуратуры Руслан Тамаеў заявіў, што швайцарскі бок ніколі не накіроўваў запытаў аб арышце Барадзіна расейскім афіцыйным уладам.

Нагадаю, што ў свой час расейская пракуратура праводзіла сьледзтва ў дачыненьні да Барадзіна паралельна з уладамі Швайцарыі. Нядаўна расейскі бок закрыў крымінальную справу, бо палічыў, што няма ніякіх доказаў таму, што Барадзін браў хабар.

Прэсавы сакратар Барадзіна Іван Макушок зазначыў, што ягоны кіраўнік паехаў у ЗША, бо лічыў абвінавачваньні швайцарскай пракуратуры абсалютна беспадстаўнымі.

І нарэшце, дэпутат-камуніст Васіль Шандыбін заявіў, што Барадзіна арыштавалі – цытую – “як рускага чалавека, патрыёта, які ня даў прадаць Крэмль”.

Праўда, нават самыя радыкальныя расейскія палітыкі згодныя з думкай, што тэрмін утрыманьня Барадзіна пад вартай будзе цалкам залежыць ад актыўных дзеяньняў расейскіх дыпляматаў.

Віктар Дзятліковіч, Масква

XS
SM
MD
LG