Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Берасьцейская абласная друкарня сёньня адмовiлася друкаваць дадатак да незалежнай газэты "Брестский курьер", якi мае назву "Свабодная зона". На думку рэдакцыi, рашэньне аб гэтым было прынятае на ўзроўнi аблвыканкаму, бо ўлады напалохалiся ня толькi зьместам выданьня, але i ягонай назвай.

Газэта "Свабодная зона" была зарэгiстраваная Дзяржаўным камiтэтам па друку яшчэ ў студзенi летась, але зь фiнанасавых прычынаў заснавальнiкi гэтага выданьня ня здолелi забясьпечыць рэгулярны выхад новай газэты. Тады, каб захаваць выдадзенае Дзяржкамдрукам пасьведчаньне, было прынятае рашэньне пачаць выпуск "Свабоднай зоны" ў якасьцi сваеасаблiвага дадатку да незалежнай газэты "Брестский курьер". Першы такi дадатак павiнен быў убачыць сьвет 17 студзеня. Але лiтаральна за паўгадзiны да таго, як чарговы нумар газэты павiнен быў друкавацца, у рэдакцыю патэлефанавалi з мясцовай друкарнi i паведамiлi, што адмаўляюцца друкаваць "Свабодную зону". Фармальнай падставай было названа тое, што выданьне з гэтай назвай не заключыла адпаведнай дамовы з друкарняй.

Мiж тым яшчэ напярэдаднi быў адпраўлены гарантыйны лicт i выпiсаны рахунак на друкаваньне "Свабоднай зоны", а адказныя супрацоўнiкi друкарнi нават цiкавiлiся зьместам новага выданьня: яны выказвалi пажаданьне, каб яно не было палiтызаваным. На думку галоўнага рэдактара газэты "Брестский курьер" Мiкалая Аляксандрава, матывы, па якiх было прынята рашэньне не друкаваць "Свабодную зону", гучаць непераканаўча. Гаворыць Мiкалай Аляксандраў:

(Аляксандраў: ) "Мы зразумелi так, што сама назва газэты ўжо напужала тых, хто знаходзiцца ва ўладзе. Зразумела, што не друкарня вырашала друкаваць цi не друкаваць газэту. Друкарня падпарадкоўваецца управе друку, тая падпарадкоўваецца аблвыканкаму. А там дастаткова чыноўнiкаў, якiя адказваюць за прэсу".

На думку спадара Аляксандрава, гэтыя чыноўнiкi вырашылi, што ня трэба напярэдаднi адказных палiтычных падзеяў выпускаць на мясцовы рынак прэсы новае выданьне ды яшчэ з такой назвай. Сёньняшнi нумар "Брестского курьера" у гэтых умовах выйшаў на 20-цi старонках замест ранейшых 24-х. Але галоўны рэдактар газэты сьцьвярджае, што назва "Свабодная зона" абавязкова будзе прыстутнiчаць альбо ў выглядзе рубрыкi, альбо як тэматычная паласа.

Алег Супрунюк, Берасьце

XS
SM
MD
LG